Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зайграйце яшчэ раз, Нік!


Нік Мэйсан
Нік Мэйсан

Сёньня, 27 студзеня, Ніку Мэйсану, бубначу брытанскага рок-гурту «Пінк Флойд», спаўняецца 70 гадоў. З гэтай нагоды мне хочацца выказаць адну падзяку і адно пажаданьне.

Нік, дзякуй табе за ўсё, што вы разам з Сыдам, Роджэрам, Рыкам і Дэвідам зрабілі ў музыцы! Бяз вас жыцьцё шмат каго на гэтым сьвеце было б нашмат бяднейшае і сумнейшае.

І другое: Нік, ці не сышліся б вы разам з Роджэрам і Дэйвідам яшчэ раз, каб даць яшчэ адзін супольны канцэрт? Або і супольна запісаць некалькі новых песень? Як мне здаецца, гэтае пытаньне сёньня задаю ня толькі я, але і мільёны фанаў «Пінк Флойд» па ўсім сьвеце, якія так і не пагадзіліся з тым, што ваш гурт рассыпаўся ў сярэдзіне 1980-х і ніколі потым не адрадзіўся ў поўным складзе.

Я ўжо пісаў пра «Пінк Флойд» на нашым сайце некалькі разоў – «Няма цёмнага боку Месяца»; «Моцнага здароўя, Роджэр!»; «Сьцяна-1979»; «Разьвітаньне зь легендай» – а таму наўрад ці сёньня змагу напісаць нешта прынцыпова новае пра сам гурт. Таму хачу дадаць некалькі словаў пра Ніка Мэйсана. Усім тым, хто прачытае сёньняшні тэкст і прыйдзе да высновы, што аўтар зьвіхнуўся на гэтым гурце, пярэчыць не зьбіраюся...

Нік Мэйсан разам з Роджэрам Уотэрзам і Рыкам Райтам (які памёр у 2008) стаялі ў самым пачатку «Пінк Флойд». Мэйсан бубніў на кожным з 14 студыйных альбомаў «Пінк Флойд» і на 3 альбомах з канцэртнымі запісамі. Самастойна кампанаваў няшмат, але разам з калегамі з гурту запісаны сустваральнікам такіх славутых твораў «Пінк Флойд», як «Echoes» і «Time». Тэхніка Мэйсана як бубнача выдатна паказана ў песьні «Echoes» у фільме «Pink Floyd: Live at Pompeii» з 1972 году, які зьяўляецца запісам канцэрту гурту ў пустым амфітэатры рымскага гораду, некалі зьнішчанага выбухам Вэзувія. Пад канец 1960-х і ў пачатку 1970-х Мэйсан лічыўся адным з лепшых і больш арыгінальных бубначоў у рок-музыцы. Потым зьявіліся большыя віртуозы, чым ён – прыкладам, Джон Бонэм («Led Zeppelin») і Карл Палмэр («Emerson, Lake & Palmer») – але гурту «Пінк Флойд» нельга сабе ўявіць зь іншым бубначом, чым Мэйсан. Як кажуць у такіх выпадках, ён быў тым неабходным хімічным элемэнтам, безь якога ня ўзьнікла б непаўторнае гучаньне «Пінк Флойд». Як, прыкладам, не было б «The Beatles» бяз Рынга Стара, хоць яму далёка было ня толькі да віртуознасьці, але і да сярэдняга ўзроўню тагачасных бубначоў...

У другой палове 1980-х, пасьля адыходу з гурту Роджэра Ўотэрза і працяглых судовых разборак паміж яго ўдзельнікамі за права ўжываць назву «Пінк Флойд», Нік Мэйсан разам з гітарыстам Дэвідам Гілмарам і клявішнікам Рыкам Райтам рэактывавалі гурт і запісалі два альбомы: «A Momentary Lapse of Reason» (1987) і «The Division Bell» (1994). Апошні раз «Пінк Флойд» як гурт выступіў перад гледачамі ў кастрычніку 1994-га. Потым быў толькі кароценькі выступ у 2005 годзе падчас канцэрту «Live 8» у Лёндане, калі ўпершыню пасьля 24 гадоў уся чацьвёрка – Дэвід, Роджэр, Рык і Нік – сышлася на адной сцэне і выканала чатыры песьні, забыўшы пра папярэднія непаразуменьні і спрэчкі. Дарэчы, зацятая непрыхільнасьць ці нават варожасьць існавала доўгі час паміж Уотэрзам і Гілмарам, а Мэйсан быў тым, хто ўмеў і надалей умее ладзіць як з адным, так і другім. Нічога дзіўнага, што гэта якраз Мэйсан стаў аўтарам цікавай і папулярнай сярод фанаў біяграфіі гурту – «Inside Out: A Personal History of Pink Floyd » (2004) – якую ў прынцыпе ўхвалілі ўсе чатыры музыкі.

Цяжка сказаць пра гурт, які не выступаў ужо 20 гадоў, існуе ён фармальна ці не. Але паводле Мэйсана, ніхто «Пінк Флойд» пакуль што не распускаў. Калі так, дык і просьба, выказаная ў загалоўку гэтага тэксту, не зусім недарэчная...

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG