Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларуская тарсіда — у бел-чырвона-белым


Віталь Гуркоў. Фота Эўрарадыё

Віталь Гуркоў. Фота Эўрарадыё

Гістарычныя бел-чырвона-белыя сьцягі ў гэтыя дні луналі ў розных геаграфічных пунктах сьвету. Найперш, на барыкадах у гарадах Украіны, а таксама на чэмпіянаце сьвету па хакеі зь мячом у расейскім Іркуцку і на трыбунах у італьянскім Міляне, дзе за прафэсійны пояс змагаўся славуты тайбаксёр Віталь Гуркоў.

У ноч на 26 студзеня Віталь Гуркоў зьдзейсьніў сваю даўнюю мару — заваяваў пояс чэмпіёна сьвету па муай-тай сярод прафэсіяналаў паводле прэстыжнай вэрсіі WBC. Супернікам быў найбольш вядомы спартовец у сваёй вагавай катэгорыі — Кем Сітсангпінонг з Тайлянду, якога адмыслоўцы небеспадстаўна лічылі фаварытам. Але нялёгкі пяціраўндавы бой выйграў зь мінімальнай перавагай Гуркоў. Упершыню ў жыцьці беларусу выпаў шанец біцца за прафэсійны чэмпіёнскі тытул, і гэты шанец ён скарыстаў.

Земляка на трыбунах падтрымлівалі шматлікія заўзятары. На тле дзяржаўнай і нацыянальнай атрыбутыкі асабліва вылучаўся вялізны бел-чырвона-белы сьцяг, які накрыў адразу некалькі радоў з крэсламі. Нягледзячы на фізычныя наступствы жорсткага супрацьстаяньня з аўтарытэтным тайцам, Віталь праз Свабоду падзякаваў усім, хто за яго перажываў:

мяне вельмі ўразіла і ўсьцешыла, што людзі адмыслова прыехалі падтрымаць, пазаўзець за мяне, добра падрыхтаваліся
«Ня ведаю, хто там быў дакладна. Але зь некаторымі я паразмаўляў: былі як зь Беларусі, так і беларусы, якія жывуць дзесьці ў Эўропе. То бок былі людзі, якія наўмысна прыехалі пазаўзець, што было нечакана і вельмі прыемна для мяне. Вядома, гэта дадало і пэўных хваляваньняў. Ня дзіва! Яны прыехалі, патрацілі час, грошы, дачакаліся матчу! Паводле праграмы ў мяне быў апошні двубой вечара, баксіраваў глыбокай ноччу. Гэта ў Міляне была гадзіна ночы, а паводле нашага часу — ужо трэцяя. Гэта выклікала пэўныя складанасьці, але людзі дачакаліся, даседзелі, падтрымлівалі. Дарэчы, пасьля я праглядаў рэпартажы, фатаздымкі — і на трыбунах дзесьці ўжо былі пустыя месцы. Бо некаторыя пачалі ўжо сыходзіць, каб пасьпець транспартам дабрацца дадому — ня ўсе ж маюць уласныя аўто, каб сядзець усю ноч і ў любы час выехаць са спарткомплексу. Таму мяне вельмі ўразіла і ўсьцешыла, што людзі адмыслова прыехалі падтрымаць, пазаўзець за мяне, добра падрыхтаваліся. Усім за гэта вялізны дзякуй! Нягледзячы на пэўныя праблемы, урэшце і для мяне ўсё скончылася ўдала, таму цяпер маю права дзянькі тры адпачыць».

Наступны адказны матч у Віталя Гуркова заплянаваны на 8 сакавіка ў амэрыканскім Лас-Вэгасе. Гэтым разам турнір будзе адбывацца паводле правілаў кікбоксінгу. Мяркуючы па тым, што беларусаў у ЗША не нашмат меней, чым у Эўропе, на заўзятарскую падтрымку можна разьлічваць і за акіянам.

У выходныя на берагах Байкалу стартавала ўсясьветнае першынства па бэндзі — хакеі зь мячом. У Іркуцк зьехаліся наймацнейшыя зборныя, на папярэднім этапе яны падзяліліся на рэйтынгавыя групы «А» і «Б». Беларусы хоць і адносяцца да аўтсайдэраў турніру, але суполка Іркуцкага таварыства беларускай культуры імя Яна Чэрскага забясьпечыла землякам бел-чырвона-белую падтрымку на трыбунах. Актывістка беларускага руху Алена Сівакова расказала, што пакуль камандзе Беларусі ня шчасьціць ні пад якімі сьцягамі:

«Вельмі зімна было, моцны вецер. Тым ня меней першы тайм дэбютнага матчу супраць ЗША беларусы выйгралі зь лікам 3:1. Але ў другім тайме „пасыпаліся“, і амэрыканцы перамаглі 4:7. Як толькі памяняліся варотамі, сапсавалася надвор’е, пайшоў сьнег, не было сьлізганьня, мячык проста скакаў па сьнезе. І вецер пачаў дзьмуць у іншы бок. Так што ўсё пачало гуляць супраць беларусаў...» (сьмяецца).

Карэспандэнт: «Не было прэтэнзіяў да бел-чырвона-белых сьцягоў з боку паліцыі, аховы стадыёну?»

І вецер пачаў дзьмуць у іншы бок. Так што ўсё пачало гуляць супраць беларусаў
«Не, нічога не было, хоць паліцыя, трэба сказаць, падрыхтавалася вельмі добра, на стадыёне таксама было шмат вайскоўцаў. Але ўсё прайшло ціха, спакойна. Зрэшты, і народу на матчы было няшмат: гэта ж гульня падгрупы „Б“, а ўсе пайшлі глядзець сустрэчу ў элітнай групе „А“, на матч Расея — Казахстан. Таму заўзятараў было няшмат. Безумоўна, бальшыня прысутных падтрымлівалі беларусаў, скандавалі і „Беларусь!“, і „Белоруссия!“, і нават крычалі проста „Славяне!“ Некаторыя былі ў чырвона-зялёных фуфайках, якія прадаюцца ў менскіх ГУМе ды ЦУМе».

Сёньня беларусы згулялі другі матч на турніры, разгромна прайграўшы камандзе Нарвэгіі — 1:23. Нават экзатычнае Самалі (!) прапусьціла ад немцаў на адзін мяч меней. Відаць, ніяк не ўдаецца даць рады супернікам, на бок якіх стала сыбірскае надвор’е.

Тым часам нагадалі пра сябе прадстаўнікі летніх відаў спорту. На Беларускім фанацкім партале belultras.by зьявіліся фатаздымкі футбольных аматараў клюбу БАТЭ з Барысава, якія банэрамі, плякатамі і бел-чырвона-белымі сьцягамі выказалі падтрымку ўкраінцам, якія змагаюцца за сваю свабоду ў Кіеве ды іншых гарадах. Пра салідарнасьць з украінскімі змагарамі таксама заявілі фанацкія групоўкі менскага «Дынама» і магілёўскага «Дняпра».
XS
SM
MD
LG