Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

«Бяда нарабілася», — беларускія землякі Януковіча пра Ўкраіну


Віктар Януковіч

Віктар Януковіч

На беларускай «малой радзіме» Януковіча пільна сочаць за падзеямі ва Ўкраіне.

Продкі ўкраінскага прэзыдэнта Віктара Януковіча паходзяць зь вёскі Янукі, што ў Докшыцкім раёне. Адсюль у 1914 годзе дзед будучага прэзыдэнта Ўкраіны пераехаў у Данбас.

Але вялікая вёска за сто гадоў ператварылася ў амаль што хутар, тут засталося ўсяго трое жыхароў.

Пэнсіянэрка Марыя Януковіч носіць гэткае прозьвішча па мужу. Ці быў ён сваяком прэзыдэнту суседняй дзяржавы, яна дакладна сказаць ня можа. Але за падзеямі ва Ўкраіне сочыць — глядзіць, што паказвае Беларускае тэлебачаньне:

«Тут жа ў нас усе Януковічы — мой муж быў Януковіч, ён у Януках жыў, а я выйшла сюды замуж. Ніхто цяпер ня ведае, хто тут каму сваяк, гэта ж даўно было... Цяпер жыву адна, і яшчэ тут брат зь сястрой жывуць. І ўсё. Прыяжджае да нас аўталаўка, прывозіць прадукты, хлеб. Сваю гаспадарку трымаем. І тэлевізар глядзім. Вось і ўчора глядзелі пра Ўкраіну, і кожны дзень мы глядзім тэлевізар. І настрой у нас няважны, я так скажу. Там жа нічога добрага няма, толькі кепскае. Але ў тэлефон я вам пра гэта нічога гаварыць ня буду! Абмяркоўваем усё гэта. Але не дапаможа наша нічога, што мы тут абмяркоўваем! І мы сябе таксама нядобра адчуваем, таму што нічога добрага няма».

Сказаць канкрэтна, на чыім яна баку ў супрацьстаяньні палітычных сілаў ва Ўкраіне, Марыя Януковіч так і не наважылася. Зазначыла толькі, што ў Януках за час прэзыдэнцтва Віктара Януковіча нічога не зьмянілася. Хоць некалі й гаварылі пра стварэньне тут турыстычнага аб’екту, каб паказваць радзіму продкаў Віктара Януковіча ды ўратаваць вёску ад зьнікненьня, далей за гаворку справа не пасунулася.

Дарэчы, прозьвішча «Януковіч» у гэтым рэгіёне дужа распаўсюджанае: у Ваўкалацкім сельсавеце, да якога належаць і Янукі, усяго 34 вёскі. І па іх — больш за 30 сем’яў з такім прозьвішчам.

Ганна Януковіч жыве ў Ваўкалаце. Таксама сочыць за падзеямі ва Ўкраіне празь Беларускае тэлебачаньне. І яна — цьвёрда на баку свайго фамільята:

«За Януковіча, вядома. А гэта ўсё ва Ўкраіне падстроіў Захад. Усе ў нас сочаць, глядзяць усе навіны, і АНТ, БТ. Я думаю так, што там да вайны йдзе. Ну, да вайны — не да вайны, але ж людзі ўжо ваююць! Такі холад, а ваяваць даводзіцца: адным трэба наступаць, другім бараніцца. Я думаю, трэба, каб тыя, хто наступае, адсталі ад Януковіча! Ён, Януковіч, быў тут два разы. У Януках быў, і мы там былі, і бачылі, які ён чалавек, як размаўляе. Таму мы за яго. Мне падаецца, ён і правіць добра! А незадаволеныя — гэта празь Цімашэнку незадаволеныя, я так думаю. І ў нас папытайцеся любога чалавека — усе сочаць за гэтымі падзеямі».

Яшчэ адна спадарыня Януковіч, пэнсіянэрка зь вёскі Загацьце, свайго імя прасіла не агучваць:

«Во і цяпер мой гаспадар уключыў тэлевізар, паглядзелі. Усё ж цікава, дый пэнсіянэры, часу ёсьць глядзець... Відаць, што там маладыя, якія й самі ня ведаюць, чаго хочуць. Здаецца, чаго яны там уздымаюцца, працаваць трэба, а не лухтой займацца! Нейкую бучу ўздымаюць... Мы тут не зусім разумеем, што там робіцца. І трэба ж будзе аднаўляць усё, што там паразграмілі. Надта мы ў палітыку ня ўлазім, але як паглядзіш... І тыя беркутаўцы што робяць, навошта? Гэта бойня, дзеці гінуць. Ай, бяда, адным словам, парабілася. І цяжка нават глядзець на ўсё гэта, ня дай Бог!»

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG