Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эн Эплбаўм у The Washington Post піша ў сувязі з падзеямі ва Ўкраіне, што надышоў час, каб Захад «расстаўся зь некаторымі ілюзіямі» адносна СНД.

Амэрыканская журналістка лічыць, што ў першую чаргу варта адкінуць міт пра «каляровыя рэвалюцыі» і веру ў тое, што мірнымі выступленьнямі можна перамагчы «карумпаваныя алігархічныя рэжымы, пад кіраваньнем якіх з 1991 году знаходзіцца вялікая частка постсавецкай прасторы». Яна тлумачыць:

«Карумпаваныя алігархі, якія падтрымліваюцца расейскімі грашыма і расейскімі паліттэхналёгіямі, аказаліся куды мацнейшымі, чым хто-небудзь мог прадбачыць. У іх хапае наяўных грошай на подкуп цэлага парлямэнту. У іх хапае цынізму адраджаць старую савецкую мэтодыку выбарчага гвалту: аднаго-двух забойстваў дастаткова, каб запалохаць многія тысячы дэманстрантаў, а аднаго-двух арыштаў бізнэсмэнаў — каб нагадаць ім, хто ў доме гаспадар. Яны таксама навучыліся маніпуляваць СМІ (як гэта робяць расейцы) з мэтай памнажэньня сваіх капіталаў у заходніх фінансавых установах (як гэта робяць расейцы) і нават рассылаць смс-паведамленьні з пагрозамі».

Паводле Эплбаўм, стратэгія падыходу Захаду да постсавецкай прасторы павінна быць наступнай:

Калі мы хочам выкарыстаць санкцыі, патрэбныя сапраўдныя эканамічныя санкцыі, прычым накіраваць іх варта на канкрэтных вінаватых — як у Маскве, так і ў Кіеве
«Сур’ёзныя пагрозы трэба ўспрымаць сур’ёзна. На гандлёвы байкот трэба адказваць гандлёвым байкотам. Ганебную прапаганду нельга пакідаць без адказу. Калі мы хочам выкарыстаць санкцыі, патрэбныя сапраўдныя эканамічныя санкцыі, прычым накіраваць іх варта на канкрэтных вінаватых — як у Маскве, так і ў Кіеве. Але перш чым што-небудзь зрабіць, трэба ўсьвядоміць, што праблема носіць рэгіянальны характар, і сумленна прызнаць маштабы гэтай няўдачы і глыбінную слабасьць нашай ранейшай палітыкі. Заклікі ўжо не працуюць, пара вярнуцца на лёд».

«Шэсьць месяцаў таму адна думка, што абраны ўрад эўрапейскай краіны будзе выкарыстоўваць баявыя патроны супраць пратэстоўцаў, здалася б фантастычнай. Але ў сьвятле таго, што двое украінцаў забітыя і мноства іншых пакалечаныя, зьбітыя, выкрадзеныя і пасаджаны ў турму, менавіта так выглядае цяпер новае аблічча нашага ўсходняга суседа» — піша журналіст і пісьменьнік Эдвард Лукас ў артыкуле, апублікаваным у The Times.

Лукас лічыць, што ні адзін з бакоў ня можа перамагчы ў гэтым канфлікце. «Ніякага пагадненьня таксама не прадбачыцца. У першую чаргу Расея гэтага не дапусьціць» — дадае ён.

На думку Лукаса, у ідэале Крэмль хацеў бы, каб Украіна, як і Беларусь, знаходзілася пад яго пятой. «Але нестабільнасьць ва Ўкраіне таксама цалкам задавальняе Уладзіміра Пуціна: яна зьбівае з панталыку Захад і дэмаралізуе расейскую апазыцыю» — мяркуе брытанскі журналіст.

Паводле Лукаса, унутраны ўкраінскі канфлікт можа лёгка ператварыцца ў нешта значна шырэйшае і больш небясьпечнае:

Ці будзем мы ў такой сытуацыі стаяць і глядзець, як расстрэльваюць украінцаў?
«У тых, хто, як я, памятае, як пачалася разьня ў Югаславіі і Чачні ў 1990-х гадах, траекторыя руху Ўкраіны выклікае моцныя асьцярогі, калі не адкрыты страх. (...) «Што будзе, калі хтосьці — скажам, банда баявікоў-нацыяналістаў — нападзе на адзін з жыцьцёва важных нафта- ці газаправодаў паміж Усходам і Захадам? Лёгка ўявіць сабе, што Крэмль запатрабуе, каб яго войскам дазволілі аднавіць парадак. (...) Ці будзем мы ў такой сытуацыі стаяць і глядзець, як расстрэльваюць украінцаў? Ці ўмяшаемся і створым пагрозу Трэцяй сусьветнай?»

«Спалучэньне энэргічнай дыпляматыі, умяшаньня і санкцый усё яшчэ магло б спыніць гэты рух па сьпіралі да катастрофы. Аднак Масква і Кіеў разьлічваюць на тое, што Эўропа занадта стамілася, занадта разрозьненая і занадта неэфэктыўная ў абароне сваіх інтарэсаў і каштоўнасьцяў за ўсходняй мяжой. Нашы паводзіны да гэтага часу дазвалялі выказваць здагадку, што гэта праўда» — заключае Лукас.

Да больш актыўнага ўмяшаньня ва ўкраінскі канфлікт заклікае Захад і брытанскі журналіст украінскага паходжаньня Аскольд Крушальніцкі ў The Sunday Times.

Надышоў час для забароны на выдачу віз у ЭЗ
«Цяжка ўявіць сабе, што ў той час, як многія брытанцы імкнуцца аслабіць сувязі сваёй краіны з Эўразьвязам, на ўсходняй мяжы гэтага кантынэнту людзі сёньня рызыкуюць жыцьцём, каб стаць яго часткай» — піша Крушальніцкі, заклікаючы Эўропу да візавых санкцый супраць украінскіх афіцыйных асобаў і алігархаў:

«Многія, калі ня ўсе блізкія саюзьнікі Януковіча, у тым ліку і ягоныя сямейнікі, хочуць мець элітныя дамы ў Заходняй Эўропе і выдаткоўваць там свае грошы. Яны адпраўляюць дзяцей у школы і ўнівэрсытэты на Захадзе, прычым многія — у Вялікабрытанію. Надышоў час для забароны на выдачу віз у ЭЗ».

Крушальніцкі лічыць ключавой фігурай ва ўкраінскай палітыцы алігарха Рыната Ахмэтава. На яго грошы, сьцьвярджае журналіст, была створана Партыя рэгіёнаў Януковіча, і ён падтрымаў яго кандыдатуру на пасаду прэм’ер- міністра і потым прэзыдэнта. Журналіст адзначае, што Ахмэтаў асабіста кантралюе 60 дэпутатаў украінскага парлямэнту ад Партыі рэгіёнаў. Адна толькі згадка аб забароне на выдачу візы павінна даць яму сур’ёзная падстава задумацца, лічыць Крушальніцкі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG