Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Нямеччыне існуе і свая больш раньняя традыцыя адзначаць гэты дзень вызваленьня савецкай арміяй лягера сьмерці Аўшвіц (Асьвенцым). З 1996 года 27 студзеня ў Нямеччыне — гэта Дзень памяці ўсіх ахвяраў нацыянал-сацыялізму. Адзначаецца ён у краіне паўсюдна. Сёлета дата супала з 70 -й гадавінай зьняцьця блякады Ленінграда, і таму на традыцыйным ў гэты дзень спэцыяльным пасяджэньні Бундэстага быў запрошаны выступіць расейскі пісьменьнік Данііл Гранін, які перажыў блякаду.

У цэнтры ўвагі ўдзельнікаў галоўнага гарадзкога памятнага мерапрыемства 27 студзеня на поўдні краіны, у Фрайбургу — жыхары гораду, габрэйскія эмігранты з былога СССР, якія перажылі вайну і акупацыю. Усе яны страцілі блізкіх. Пра тое, як узьнікла ідэя гэтага праекта, Радыё Свабода распавёў гісторык Павел Палян:

— У прынцыпе, ідэя была досыць простая. Габрэі, якія прыехалі ў Нямеччыну з Савецкага Саюзу, маюць свой досьвед і сваё ўяўленьне пра вайну. Сярод габрэйскіх імігрантаў у Нямеччыне людзей з вопытам лягераў сьмерці амаль не засталося, а тыя, хто непасрэдна перажыў Галакост, сёньня ўжо вельмі пажылыя людзі. Але іх дзеці, якіх гэты лёс таксама мог закрануць, мелі і маюць сваю асаблівую палітру для аднаўленьня карцін таго часу.

Сярод іх — юная партызанка часоў вайны Сафія Пятава. Яна была маленькай 8- гадовай дзяўчынкай, якая цудам ацалела пасьля таго, як яе роднае мястэчка Пухавічы было ператворана айнзац-камандай з пункту гледжаньня габрэйскага жыцьця ў нішто: загінулі ўсе яе блізкія, а яна цудам засталася ў жывых, і яе падхапіў яе бацька — габрэйскі партызан з атраду, які дзейнічаў у навакольных лясах. І такім чынам, як маленькая партызанка, яна ўрэшце выжыла.

Вельмі многія яе аднагодкі перажылі гэта ваенны час ў эвакуацыі, і гэта таксама своеасаблівы вопыт — эвакуацыя ў Савецкім Саюзе, габрэйскага насельніцтва асабліва. І эвакуацыя, яе цяжкасьці, і вяртаньне на родныя папялішчы — гэты вопыт таксама будзе прадстаўлены ў тых відэафрагмэнтах, якія будуць паказаны і будуць абмяркоўвацца ў гэты вечар. Як і блякадны вопыт. У нас ёсьць вельмі яркі блякадны сюжэт з адной былой ленінградкай. Ёсьць сюжэты і з людзьмі, якія ў досыць дарослым узросьце перажылі напад на Савецкі Саюз, канкрэтна на Менск, як гэта было з Ганнай Рэзьнік, — распавёў Павал Палян.

Ганна Рэзьнік, якая нарадзілася ў лютым 1917 ( сёньня ёй 96 гадоў), якая працавала да 79 гадоў адвакатам у Маскве, у інтэрвію Паўлу Паляну распавяла аб пачатку вайны, сваёй апошняй сустрэчы з маці і пра тое, як яна і яе малодшыя брат і сястра сышлі пешшу з гораду.

Ганьне Рэзьнік, яе сястры і брату ўдалося дабрацца да Казані, дзе Ганна пачала працаваць у пракуратуры, а яе сястра быў прызваная ў армію як лекар і прайшла ад Прыбалтыкі да Кітая. Іх маці, як яны даведаліся ў канцы вайны, загінула падчас аднаго з пагромаў у менскім гета.



Дзень вызваленьня лягера сьмерці ў Аўшвіцы-Асьвенцыме важны для культуры памяці ў Нямеччыне... У Фрайбургу, напрыклад, як апавядае Павал Палян, жылі да вайны ня толькі ахвяры, але і іх будучыя каты. Большая частка карэнных Фрайбурскіх габрэяў былі дэпартаваныя ў 1940 годзе ў Гурса — лягер для інтэрнаваных асобаў у францускіх Пірэнэях. Многія зь іх потым былі адпраўленыя ў Аўшвіц. Там жа, у Аўшвіцы -Біркенау «працаваў » обэршарфюрэр СС садыст Ёзэф Шылінгер, які нарадзіўся непадалёк ад Фрайбурга.

Цікава, што ён быў застрэлены на тэрыторыі лягера з уласнага пісталета, які выхапіла ў яго з кабуры адна са зьняволеных Францыска Ман, маладая танцоўшчыца, родам з Польшчы, якая раптам здагадаліся, навошта ім усім было загадана распрануцца, і якая адмовілася зрабіць гэта. Шылінгер сарваў зь яе вопратку і атрымаў кулю. Аднак толькі ў 2003 годзе гісторыку Андрэасу Мекелю ўдалося дамагчыся выдаленьня магілы Шылінгера з шэрагу ганаровых магіл яго роднага гарадку, а яго прозьвішча — з помніка загінулым у Другой сусьветнай вайне.
XS
SM
MD
LG