Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Залежнасьць ад гаджэтаў — гэта як наркаманія, як алькагалізм


Адмыслоўцы ва ўсім сьвеце б’юць трывогу: да 20% людзей ва ўзросьце ад 15 да 45 гадоў пакутуюць на інтэрнэт-залежнасьць, не ўяўляюць сваё жыцьцё без пляншэта, ноўтбука, смартфона.

Дасьледчыкі з Арэгонскага ўнівэрсытэту здароўя і навукі прапанавалі ўключыць інтэрнэт-залежнасьць у афіцыйны даведнік па псыхіятрыі з характарыстыкай «тыповае кампульсіўна-імпульсіўнае расстройства». Лекары Кітая чатыры гады таму прызналі інтэрнэт-залежнасьць хваробай.

  • Як беларускія псыхіятры, псыхолягі ставяцца да гэтай праблемы?
  • Як самі падлеткі, якія праводзяць у сеціве ўвесь свой час, тлумачаць гэту зьяву?
  • Што рабіць бацькам, калі дзіця сышло з рэальнага сьвету ў віртуальны?

Нядаўна ў «Белорусской военной газете» зьявіўся артыкул «Рэальнасьць і віртуальнасьць: У які сьвет штурхаюць чалавека маргінальныя інтэрнэт-рэсурсы», прысьвечаны нядаўняй гісторыі з уцёкамі спэцназаўца з вайсковай часьці ў Мар’інай Горцы. З артыкула вынікае, што ў салдата была інтэрнэт-залежнасьць: маўляў, той з пляншэтам ніколі не расставаўся, увесь час праводзіў у глябальнай сетцы, віртуальныя гульні замянілі яму рэальнае жыцьцё.

Псыхіятар Ігар Сарокін у такі дыягназ ня верыць:

«Думаю, вельмі лёгка і зручна спаслацца на залежнасьць чалавека ад інтэрнэту, а не на тое, што яго крыўдзілі стараслужачыя. Калі ў чалавека структураваны час — а ў войску ён жорстка структураваны, — значыць, няма такой магчымасьці. А айцы-камандзіры могуць прыдумаць што заўгодна, абы зьняць зь сябе адказнасьць».

Але праблема залежнасьці існуе. Паводле сацапытаньня, праведзенага ў адной зь беларускіх ВНУ, інтэрнэт-залежнасьць была выяўлена ў 27% дзяўчат і 37% юнакоў. Асноўная прыкмета такой залежнасьці — зьяўленьне «сындрому адмены», калі паводзіны становіцца неадэкватнымі і чалавек можа нават дайсьці да псыхозу з прычыны зьнікненьня доступу да Інтэрнэту.

Сямейны псыхоляг Андрэй Туравец прызнае:

Гэта сапраўды залежнасьць, як наркаманія, алькагалізм. Калі ёсьць іншыя зацікаўленьні, гэтыя людзі могуць пазбавіцца ад залежнасьці, бо гэта не ўплывае ў пэўнай ступені на нейкія фізычныя, псыхічныя якасьці
«Так, праблема існуе, яна будзе нарастаць і далей. А вось уменьне адрозьніваць, дзе ўжо фармат залежнасьці, а дзе яшчэ проста кампутар для чалавека, а не чалавек — прыстаўка для кампутара, — вось гэтая грань дрэнна кантралюецца бацькамі, адмыслоўцамі, ня кажучы ўжо пра саміх падлеткаў».

Студэнт-другакурсьнік Раман свайго жыцьця бяз гаджэтаў не ўяўляе. На занятках пастаянна са смартфонам, у транспарце — з пляншэтам, у хаце — з ноўтбукам:

«Ну, калі ўсе сядзяць — значыць, цікава. Лічу, што праблема моцна перабольшаная. На двары холадна, там няма чаго рабіць, вось я і сяджу цэлымі днямі ў інтэрнэце. Я не лічу, што ў мяне хвароба, наркатычная залежнасьць ад сацыяльных сетак ці гульняў. Там жа ня толькі сацыяльныя сеткі, там усялякія сайты, блогі, карцінкі, відэа — усё што хочаш».

Маці 11-клясьніка Міхаіла спадарыня Ірына занепакоеная, што сын не расстаецца з кампутарам. Як з гэтым змагацца — ня ведае, але лічыць, што забаронамі нічога не даб’есься:

Сын цэлымі днямі сядзіць за кампом. Як толькі вольная хвіліна — цэлымі днямі. Кніжкі не чытае, на вуліцу ня ходзіць — а што рабіць? Цяпер усе такія дзеці
«Сын цэлымі днямі сядзіць за кампом. Як толькі вольная хвіліна — цэлымі днямі. Кніжкі не чытае, на вуліцу ня ходзіць — а што рабіць? Цяпер усе такія дзеці. А зь іншага боку — самі распрацоўваюць гэтыя гаджэты і хочуць, каб дзеці ў іх не гулялі? Сьмешна! Яны ж для дзяцей і прыдумляюцца, а мы іх купляем сваім дзецям. Вось і атрымліваем. Як змагаемся? Часам проста роўтэр вырубаем, але ж у сына на тэлефоне ёсьць інтэрнэт. Так што я ня ведаю, як змагацца!»

Такім чынам, спачатку навукоўцы прыдумляюць, вынаходзяць новыя гаджэты, а потым шукаюць шляхі, як з тымі гаджэтамі змагацца. Днямі зьявілася інфармацыя, што навукоўцы з Бонскага ўнівэрсытэту, занепакоеныя станам інтэрнэт-карыстальнікаў, якія ня могуць адарвацца ад электроннай скрыні, навінавых сайтаў і сацыяльных сетак, распрацавалі спэцыяльную праграму для смартфонаў, якая дапаможа кантраляваць свой час у анлайне.

У асобаў, залежных ад інтэрнэту, назіраюцца зьмены ў мозгу, падобныя да тых, якія адбываюцца ў алькаголікаў ці наркаманаў, сьведчаць вынікі дасьледаваньняў, праведзеных кітайскімі навукоўцамі. Тым часам беларускія псыхіятры б’юць трывогу. Меркаваньне загадчыка аддзяленьня гарадзкога псыханэўралягічнага дыспансэра Ігара Сарокіна:

Нас больш непакояць падлеткі, моладзь, калі яны ва ўсялякія ролевыя гульні гуляюць кругласутачна. Гэта часам даходзіць да вострага псыхозу
«Я думаю, гэта сапраўды залежнасьць, як наркаманія, алькагалізм. Калі ёсьць іншыя зацікаўленьні, гэтыя людзі могуць пазбавіцца ад залежнасьці, бо гэта не ўплывае ў пэўнай ступені на нейкія фізычныя, псыхічныя якасьці. Як і пры любой іншай залежнасьці, тут галоўнае — матывацыя. Будзе матывацыя — будзе і вынік лекаваньня. Але паколькі ў большасьці зацягнутых у сеціва матывацыі гэтай няма, — канечне, ёсьць праблемы».

Але яшчэ большую небясьпеку ўяўляюць кампутарныя і відэагульні. Шэраг дасьледчыкаў лічыць, што яны вельмі падобныя да наркотыкаў. З-за гульняў здарылася ўжо шмат трагедыяў — інсультаў, сьмерцяў ад сардэчнага прыступу падчас гульні і нават самагубстваў, калі бацькі забаранялі гуляць. Праўда, пакуль ня ў нас. У Беларусі інсультаў і самагубстваў на гэтай глебе яшчэ не было, а вось псыхозаў — нямала, кажа кандыдат мэдычных навук, галоўны спэцыяліст па памежных станах РНПЦ псыхічнага здароўя Міхаіл Важэнін:

«Нас больш непакояць падлеткі, моладзь, калі яны ва ўсялякія ролевыя гульні (там ёсьць клясыфікацыя) гуляюць кругласутачна. Гэта часам даходзіць да вострага псыхозу. І вострыя псыхозы здараюцца, але яны па-свойму дзіўнаватыя. У іх працягваецца гэтая ролевая гульня з амаль парушанай сьвядомасьцю, як у белай гарачцы — працягвае граць свайго героя яшчэ некалькі сутак».

Калі пачынаць біць трывогу бацькам? Сямейны псыхоляг Андрэй Туравец кажа:

«Вось як толькі пачынаюцца сыгналы — пропускі заняткаў, парываюцца сувязі, зьнікаюць сябры ў рэальным жыцьці, а зьяўляюцца толькі віртуальныя сябры — гэта трэба разгледзець сучасным бацькам, каб пачаць рэагаваць».

Але ў падлетка ў самога павінна быць матывацыя, каб пазбыцца залежнасьці, інакш нічога ня выйдзе, кажа псыхіятар Ігар Сарокін:

«Калі няма матывацыі ў самога падлетка, колькі ні стукайся бацькам, якія мэтады ні прапаноўвай — калі ў самога чалавека няма жаданьня пазбавіцца ад залежнасьці, нічога не атрымаецца».

Калі не наладзіць сытуацыю ў сям’і, пазбавіцца дзіцяці ад залежнасьці практычна немагчыма
А прычына часьцяком не ў асобе падлетка, а ў праблемах самой сям’і, як бы гэта непрыемна для бацькоў ні гучала. Рызыка для дзіцяці ўзрастае, калі сям’я ня мае ўнутранага сацыяльна-псыхалягічнага рэсурсу, сьцьвярджае Андрэй Туравец:

«Як сямейны псыхоляг я перакананы, што калі не наладзіць сытуацыю ў сям’і, пазбавіцца дзіцяці ад залежнасьці практычна немагчыма. Таму што гэта заўсёды — сузалежнасьць. Як і алькагольная, нікатынавая, наркатычная, таксычная залежнасьці — гэта практычна нічым не адрозьніваецца».

Што да канкрэтных гісторыяў пра сваіх пацыентаў, псыхолягі, а тым больш псыхіятры ня хочуць пра гэта распавядаць, кажа Андрэй Туравец:

«Пра факталягічныя выпадкі мала вядома, таму што яны хаваюцца ў асноўным. Калі толькі выпадкова прэса не ўхапілася за гэта...»

Тым часам The Telegraph прыводзіць вынікі дасьледаваньня, што найбольш схільныя да інтэрнэт-залежнасьці — не падлеткі, моладзь і беспрацоўныя, а звышпасьпяховыя працаўнікі. І ня дзіва: яны працуюць амаль увесь час, а потым ужо проста ня могуць выйсьці зь сеціва і адарвацца ад кампутара ці іншага гаджэта.
XS
SM
MD
LG