Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Патрыярх Філарэт абвінаваціў Расею ва ўмяшальніцтве ва ўкраінскія справы


кіраўнік Украінскай праваслаўнай царквы Кіеўскага патрыярхату Філарэт

кіраўнік Украінскай праваслаўнай царквы Кіеўскага патрыярхату Філарэт

Вялікае інтэрвію з нагоды апошніх падзей ва Ўкраіне даў кіраўнік Украінскай праваслаўнай царквы Кіеўскага патрыярхату Філарэт.

На думку патрыярха, калі ўлада дзейнічае несправядліва, то царква ня можа стаць на яе баку, улада не павінна даваць загады забіваць людзей і тады ня будзе адказу з боку народа, не трэба будзе абараняць сваё жыцьцё. Адначасова Філарэт заклікаў да спыненьня гвалту з абодвух бакоў.

— Чаму народ не разыходзіцца? Таму што народ не дасягнуў сваёй мэты. А якая мэта ў народа? Мэта — не ўладу штурмаваць, а ўвайсьці асацыяваным сябрам ў Эўрапейскі зьвяз. Вось мэта Ўкраіны. Мы да гэтага ўступленьня рыхтавалі народ на працягу ўсяго 2013 года. Калі падышоў момант падпісаньня — адмовіліся. І народ, студэнты спачатку абурыліся, а затым, калі іх зьбілі, абурыўся супраць ўжо народ. І таму, пакуль не спыніцца ўмяшаньне з боку нашага паўночнага суседа ў нашы ўкраінскія справы ...

— ... Расею маеце на ўвазе?

— Маю на ўвазе Расею. І Ўкраіна ня ўступіць асацыяваным сябрам — народ ня будзе задаволены. Яго нават не задаволіць і адстаўка ўраду. Таму што мэта народа не барацьба з урадам, а дасягненьне мэты, да якой нас вялі на працягу 2013 года. Хто перашкодзіў? Перашкодзіла Расея, жадаючы уцягнуць у Мытны саюз. Народ ўкраінскі ня хоча ў Мытны саюз. А чаму не хоча? Пры ўсіх недахопах Эўропы, і аднаполыя шлюбы, і яшчэ шмат якіх-небудзь недахопаў, але грошы нашы алігархі дзе захоўваюць? У якіх банках? У расейскіх, ва ўкраінскіх? Захоўваюць у эўрапейскіх або ў амэрыканскіх, ці ў іншых сусьветных банках. А чаму? Таму што там надзейна, а ва Ўкраіне не надзейна, і ў Расеі не надзейна. Людзі хочуць быць з тымі, дзе надзейна, дзе ёсьць дэмакратыя і дзе ёсьць свабода. Дзе лечацца нашы багатыя людзі, ва Ўкраіне? У Эўропе. Дзе вучацца іх дзеці? У Эўропе. Значыць яны прызнаюць, што ў Эўропе лепш, чым ва Ўкраіне. Таму ўкраінскі народ гэта таксама ведае, і таму хоча далучыцца да больш цывілізаваных дзяржаў. Таму пакуль гэтае пытаньне ня будзе вырашана — народ не супакоіцца. Я хачу яшчэ сказаць, што ёсьць такога станоўчага — народ пераадолеў страх сьмерці. Людзі ўжо сьмерці не баяцца ...


Цалкам інтэрвію патрыярха Філарэта можна пачытаць тут.

XS
SM
MD
LG