Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Менску адбылося пасьвячэньне новага біскупа


У Менску ў катэдральным касьцёле Панны Марыі адбылося біскупскае пасьвячэньне ксяндза Юрыя Касабуцкага. Удзел ва ўрачыстасьці прыняў апостальскі нунцый Клаўдыё Гуджэроцьці, вышэйшае духавенства каталіцкага касьцёла, прадстаўнікі іншых канфэсій.

Мітрапаліт Менска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, які пасьвяціў новага біскупа, падчас прамовы нагадаў, што гэта вялікая падзея для Беларусі: гэта другое біскупскае пасьвячэньне ў найноўшнай гісторыі менскай архікатэдры, папярэдняе адбывалося ў 1999 годзе.

Новым біскупам у Беларусі ксёндз Юры Касабуцкі быў прызначаны папам Францішкам 29 лістапада 2013 году.

Разам зь ім пантыфік прызначыў біскупамі ў Беларусі ксяндза Алега Буткевіча зь Віцебску і Юзафа Станеўскага з Горадні.

Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч адзначыў, што ўсе трое — ураджэнцы Беларусі, выпускнікі першай Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Горадні. «Таму я вельмі ганаруся гэтай сэмінарыяй, якую Бог дазволіў мне заснаваць», — адзначыў арцыпастыр. Шчырую падзяку арцыбіскуп выказаў маці новага біскупа, якая прысутнічала на ўрачыстасьці. «Ганарыся сёньня, сямья Касабуцкіх! Ганарыся, горад Маладзечна і парафія Сьвятога Юзафа! Ганарыся, Гарадзенская вышэйшая духоўная сэмінарыя! Ганарыцеся ўсе, хто стаяў на яго шляху да сьвятарства і біскупства!» — сказаў герарх.


Падчас абраду пасьвячэньня Тадэвуш Кандрусевіч усклаў на наміната пярсьцёнак, мітру і пастарал, якія сымбалізуюць біскупскую ўладу. На завяршэньне ўрачыстасьці біскуп Юры Касабуцкі ўдзяліў блаславеньне ўсім прысутным.
XS
SM
MD
LG