Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Арцём Пракапенка не разьлічвае на зьмякчэньне рэжыму


Арцём Пракапенка

Арцём Пракапенка

Палітвязень Арцём Пракапенка паведаміў бацькам, што яму не даводзіцца разьлічваць на зьмякчэньне рэжыму пакараньня пасьля адбыцьця паловы тэрміну.

Пра гэта апавяла маці палітвязьня Віялета Пракапенка:

«У сьнежні яго пазбавілі доўгатэрміновага спатканьня. Бацька, калі сустракаўся зь ім, спытаў, ці можа ён разьлічваць на зьмякчэньне рэжыму, бо хутка ў яго будзе палова тэрміну — 3,5 году. А ён кажа: не, нельга і разьлічваць. Сядзяць зь ім людзі, дык калі хаця б два пакараньні маюць, то ўжо ня могуць разьлічваць ані на ўмоўна-датэрміновае вызваленьне, ані на зьмякчэньне рэжыму. А пакараньне можна атрымаць вельмі лёгка. Вось як у яго было, нейкі апэратыўнік зайшоў у атрад, а ён не пасьпеў з другога паверху зьлезьці, і ўсё — пакараньне».

Як маральна сябе адчувае Арцём Пракапенка? Маці палітвязьня кажа, што ён трымаецца добра. Паводле спадарыні Віялеты, яе сын атрымаў на Новы год шмат віншаваньняў, у тым ліку ад незнаёмых людзей, якія пішуць яму як палітвязьню. У прыватнасьці, гэтак ён пачаў ліставацца з адрасатамі з Расеі — з Іркуцку, Санкт-Пецярбургу ды іншых гарадоў.

Паводле суду, за хуліганскія дзеяньні адносна будынку КБД ў Бабруйску Арцём Пракапенка асуджаны на 7 гадоў зьняволеньня. Палітвязень адбывае пакараньне ў магілёўскай калёніі № 15.
XS
SM
MD
LG