Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аліневіч: Толькі саджуся нешта пісаць, як за сьпіной становяцца тры чалавекі


Ігар Аліневіч

Ігар Аліневіч

Маці палітвязьня Ігара Аліневіча падчас сустрэчы зь ім ў наваполацкай калёніі запыталася ў сына пра ягонае стаўленьне да ўзнагароды прэміяй імя Францішка Аляхновіча.

Гэтай прэміяй за найлепшы турэмны твор, якую заснавалі «Радыё Свабода» і беларускі ПЭН-цэнтар, летась была адзначаная кніга Ігара Аліневіча «Еду ў Магадан». У кнізе актывіст апісаў свой арышт ў Маскве і час, праведзены ў вязьніцы КДБ ў Менску. Паводле Валянціны Аліневіч, Ігар Аліневіч «быў узрадаваны, але выказваўся, як заўсёды, стрымана. Ён ня лічыць сябе пісьменьнікам і сказаў, што галоўнае для яго, каб больш людзей даведаліся пра тое, што адбываецца ў «амэрыканцы».

Валянціна Аліневіч: «А калі я перадала яму пытаньне пра ягоныя літаратурныя пляны, то пачула ў адказ, што пакуль іх фактычна немагчыма ажыцьцявіць, бо пасьля выхаду гэтай кнігі, як толькі ён садзіцца нешта пісаць, нават ліст, за ягонай сьпіной стаіць адразу тры чалавекі і ўважліва глядзяць, што ён там піша».

24 студзеня Валянціна Аліневіч атрымала ад сына чарговы ліст: «Напісаў, што ў яго ўсё нармальна, без асаблівых падрабязнасьцяў».

Актывіст анархісцкага руху Ігар Аліневіч асуджаны на 8 гадоў зьняволеньня за хуліганскія дзеяньні адносна афіцыйных будынкаў у Менску, чаго ў судзе не прызнаў. Утрымліваюць яго ў наваполацкай калёніі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG