Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Міжнародны дзень памяці ахвяраў Галакосту 27 студзеня ў менскім кінатэатры «Цэнтральны» адбудзецца прэм’ерны паказ нашумелай дакумэнтальнай стужкі пад назвай «Галакост — клей для шпалераў?». Фільм асабіста прадставіць рэжысэр, спэцыяльны карэспандэнт Расейскай службы Радыё Свабода Мумін Шакіраў.

Разам зь ім у Менск прыедуць апэратар Вячаслаў Макар’еў і галоўныя гераіні, якія на пачатку гісторыі ўспрымаліся выключна з прыстаўкай «анты» — сёстры Ксенія і Яўгенія Каратыгіны.

Як расказаў Мумін Шакіраў, ягоны фільм — гэта гісторыя дзьвюх школьніц, якія сталі дарослымі людзьмі літаральна за некалькі дзён. Адпраўным пунктам для карціны паслужыла выказваньне, зробленае маскоўскімі двайняткамі Ксеніяй і Яўгеніяй падчас тэлешоў на расейскім канале «Муз-ТВ» «Безумно красивые». На пытаньне — «Што такое Галакост?» — дзяўчаты пасьля абмену думкамі адказалі: «Клей для шпалераў?» Непрыдуманая гісторыя аддалася выбухам у мэдыйнай прасторы і вылілася на «гераінь» шквалам абразаў.

Мумін Шакіраў пайшоў іншым шляхам. Ён не далучыўся да арміі крытыкаў, а вырашыў пазнаёміць школьніц з найбуйнейшым нацысцкім лягерам сьмерці ў Асьвенціме на тэрыторыі Польшчы — каб тыя на ўласныя вочы пабачылі месца, дзе цягам вайны зьнішчылі больш за мільён чалавек:

«Ад самага пачатку я зразумеў, што самі па сабе гэта ня дрэнныя дзяўчаты і, як мне падалося, трапілі ў гэтую непрыемную сытуацыю крыху не па сваёй віне. Я калі зь імі пазнаёміўся, убачыў, што гэта дастаткова тонкія натуры, якія ў сілу розных прычынаў проста яшчэ шмат чаго ў гэтым жыцьці ня ведаюць, у іх ёсьць прабелы ў адукацыі. Але самі яны — як чысты аркуш паперы, на якім можна пісаць усё што заўгодна. І пасьля той паездкі, калі мы наведалі музэй у Асьвенціме, я лішні раз пераканаўся: абсалютна правільна зрабіў, што павёз іх у Польшчу. Бо ў выніку гэтай гісторыі іх сьветапогляд, безумоўна, вельмі моцна зьмяніўся».

27 студзеня з ініцыятывы Генэральнай асамблеі ААН усясьветная супольнасьць успамінае адну з самых трагічных старонак у гісторыі чалавецтва — Галакост. Толькі ў адным нацысцкім лягеры сьмерці ў Асьвенціме падчас Другой усясьветнай вайны было зьнішчана блізу 1,5 мільёна чалавек. А ўсяго ахвярамі Галакосту сталі звыш 6 мільёнаў габрэяў. Днём памяці Галакосту абралі дзень, калі ў 1945 годзе войскі саюзнікаў вызвалілі Асьвенцім.

Значная частка гэтай сумнай статыстыкі прыпадае і на Беларусь, дзе сотні тысяч людзей дачасна скончылі сваё жыцьцё ў шматлікіх гета. Габрэйскія рэзэрвацыі існавалі ў 186 паселішчах, а ўсяго ў межах цяперашняй Беларусі за час вайны было зьнішчана больш за 700 тысяч габрэяў. Як кажа Мумін Шакіраў, паказ фільма ў Менску — спроба аддаць даніну памяці тым ахвярам:

«Беларусь — гэта тая тэрыторыя, дзе існавала вялізная колькасьць гета, у якіх утрымліваліся сотні тысяч чалавек. І гэта не выпадкова: адрозна ад Расеі, у Беларусі былі вялізныя пасяленьні габрэйскіх абшчынаў, былі цэлыя вёскі, гарады, дзе жыло пераважна габрэйскае насельніцтва. Таму гістарычна важна нагадваць і паказваць сёньняшняму пакаленьню, якія трагічныя падзеі адбываліся на гэтай зямлі ў першай палове ХХ стагодзьдзя. Беларусь у гэтым шэрагу займае асаблівае месца, і пра гэта трэба заўсёды памятаць».

Паводле Муміна Шакірава, зьнятае ім кіно — пра фэномэн няведаньня, якое ахапіла цэлае пакаленьне маладых людзей у многіх краінах сьвету. Чым жывуць сучасьнікі? Ці ўнікальны прыклад Ксеніі і Яўгеніі для іншых краёў? Як падаецца гісторыя і якое месца адводзіцца ёй у школьных праграмах? Ці стала памяць пра Галакост часткай калектыўнай памяці? Як кажа аўтар, ён прадставіў нарыс, які фіксуе інфармацыйны зазор паміж ХХ і ХХІ стагодзьдзем, паміж асэнсаваньнем мінулага і цяперашняга. Катастрофа чалавецтва, ад якой адны ня могуць адысьці дагэтуль, — і «пустое месца», «белая пляма» для іншых. Галакост — як «клей для шпалераў»...

Ці лічыць выкананай сваю місію аўтар? Прынамсі, дзьве ягоныя гераіні эвалюцыянавалі ў кірунку разьвіцьця, знаёмства з горкай гістарычнай праўдай:

«Вы ведаеце, яны эвалюцыянавалі ня толькі таму, што я адвёз іх у Польшчу, у Асьвенцім. Дзяўчаты эвалюцыянавалі перадусім таму, што яны сталеюць, набіраюцца досьведу. Іх выхоўвала мама, яны вырасьлі практычна бяз бацькі. З узростам, я спадзяюся, яны ўсё роўна зьмяніліся б у лепшы бок. Але тое, што гэтая гісторыя зрабіла на іх моцнае ўражаньне, — гэта факт. Мой удзел у іх адукацыі, я б сказаў, мінімальны. Аднак у дадзенай сытуацыі, у дадзеную хвіліну ці ў дадзены дзень, у прынцыпе, я сапраўды мог адыграць ролю нейкага штуршка».

Дакумэнтальны фільм «Галакост — клей для шпалераў?» — удзельнік Маскоўскага, Будапэшцкага і Бостанскага кінафэстываляў. У Беларусі дыстрыбутар стужкі — кампанія «Адкрытае кіно».

Мумін Шакіраў нарадзіўся ў Душанбэ. Скончыў рэжысэрскі факультэт Усесаюзнага дзяржаўнага інстытуту кінэматаграфіі (ВГИК). Аўтар шэрагу дакумэнтальных і гульнявых фільмаў. Удзельнік кінафэстываляў «Залаты Дзюк», «Сталкер», «Кінатаўр», «Закон і грамадзтва», «Пасланьне да чалавека» ды іншых. Працаваў у «Літаратурнай газэце», «Новай газэце», ад 1994 году супрацоўнічае з Радыё Свабода. Асьвятляў ваенныя канфлікты ў Таджыкістане, Чачні, Абхазіі, Аўганістане, Югаславіі. Аўтар кніг «Наркабізнэс у Расеі», Мільён для жанчыны«, аўтар дакумэнтальных праектаў «Галівуд. Руская дарожка», «Конкурс», «Галакост — клей для шпалераў?».





Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG