Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мая маці Стэфанія Васільеўна, якая паходзіла з Івана-Франкоўскай вобласьці, расказвала мне, як яна маленькай расшывала трызуб на сіня-жоўтым сьцягу... І як былі забітыя ўсе паўстанцы зь яе вёскі, усе маладыя, і НКВД прывезла іх трупы, паклала на бераг рэчкі, чакаючы, калі сем’і іх апазнаюць... Ад яе я добра ведаю, што тады было паўстаньне народу супраць чужой бязьлітаснай улады.

Паўстаньне годнасьці


Нешта падобнае адбываецца і цяпер. Гэта паўстаньне нашчадкаў тых змагароў. Народнае паўстаньне. Як казаў адзін з дэманстрантаў на вуліцы Грушэўскага ў Кіеве ў эфіры 5-га тэлеканалу, які я цяпер няспынна гляджу, калі ўлады пазбаўляюць народ усіх правоў, у яго застаецца адно права — на паўстаньне.

Людзі паўсталі супраць ілжы, карупцыі, несправядлівасьці, супраць галечы, у якой жыве большасьць народу на тле залатых унітазаў Януковіча ў ягонай рэзыдэнцыі ў Межыгор’і, палацаў і забаваў алігархаў. Гэта паўстаньне супраць сапраўды бандыцкіх мэтадаў, якія ўвёў прэзыдэнт Януковіч. Нездарма людзі скандуюць на ўсіх майданах: «Банду геть!» Кідаецца ў вочы, як за Януковіча зьбіраюць супраць паўстанцаў паўкрымінальныя элемэнты, так званых «цітушкоў».

Калі пры прэзыдэнце Леанідзе Кучме зьнік адзін чалавек — журналіст Георгі Гангадзэ, ва Ўкраіне пачалася масавая акцыя «Ўкраіна бяз Кучмы», якая ўскалыхнула ўсю дзяржаву. Цяпер ужо 6 трупаў, некалькі зьніклых, сотні параненых, як павінна адрэагаваць нацыя? Таму і зразумела, чаму людзі паўсталі.

А адна з жанчын на Майдане ў Кіеве, рыдлёўкай награбаючы сьнег для ўмацаваньня барыкады, сказала ў эфіры 5 канала, чаму ёй ня страшна: «Гэта за барыкадамі бандыцкая дзяржава, а тут нармальна».


«Схід і Захід разом» — у гневе і журбе


У пятніцу ў Львове тысячы людзей хавалі закатаванага ў лесе пад Кіевам сэйсмоляга Юрыя Вярбіцкага, выкрадзенага са шпіталя пасьля раненьня і забітага невядомымі. Праз некалькі дзён у Гомелі пахаваюць беларуса Міхаіла Жызьнеўскага, якога застрэлілі куляй у сэрца. У Днепрапятроўску аплакваюць свайго земляка армянскага паходжаньня Сяргея Нігаяна. Яны загінулі за свабодную Ўкраіну. І іх сьмерці аб’ядналі ў журбе ды гневе Ўсход і Захад Украіны. А яшчэ Беларусь і Армэнію.

Гэтыя сьмерці ўскалыхнулі Ўкраіну — і Майдан пайшоў у рэгіёны
Гэтыя сьмерці ўскалыхнулі Ўкраіну — і Майдан пайшоў у рэгіёны. Адна за адной здаюцца абласныя адміністрацыі, іх кіраўнікі пішуць заявы пра адстаўку. Гэта адбываецца на Захадзе і ў цэнтры Ўкраіны. На Ўсходзе і Поўдні гэтага няма. Але ў адрозьненьне ад падзей 2004 года, там няма і масавай публічнай падтрымкі Януковічу. Нават данецкія «ультрас», футбольныя фанаты, выступілі супраць ураду Януковіча. Людзі на ўсходзе лепей ведаюць, што гэта за ўлада.

Эўрамайданы трэці месяц праходзяць ня толькі ў Кіеве і ў заходніх абласьцях, але і ва ўсходніх абласьцях, у Данецку і Харкаве. Так, яны там нешматлікія. Але большасьць людзей там не выходзіць і за Януковіча, яна дэзарыентаваная і маўчыць. Адзіны рэгіён дзе народ усур’ёз выступае ў падтрымку Януковіча — гэта Крым, ён выдзяляецца гэтым, але, відаць, гэта вынік працы прарасейскіх арганізацый і крамлёўскай «пятай калёны», якая ў Крыме надта моцная.


«Беркут» гаворыць па-расейску


Сьлёзы наварочваюцца калі бачыш, як маці арыштаваных за Майдан становяцца на калені перад «Беркутам», заклікаюць іх не страляць... А тыя не варухнуць і вокам на іх малітвы.

Адно з найбольш моцных уражаньняў — зацятасьць «Беркута», яго байцы стаяць «на сьмерць» за інтарэсы «Сям’і», толькі адзінкі пакуль што падалі рапарты на звальненьне. Ведаючы беларускі спэцназ з прамытымі мазгамі і натрэніраванымі мускуламі, гэтаму не зьдзіўляесься. А калі ўдаецца ў эфіры ўкраінскіх тэлеканалаў пачуць голас кагосьці з «Беркута», які ваюе за Януковіча, то вельмі прыкметна, што яны гавораць па-расейску.

Больш зьдзіўляе, што знаходзяцца тысячы «цітушкоў», людзей, якіх звозяць з усходніх рэгіёнаў у Кіеў рабіць правакацыі супраць паўстанцаў за мізэрныя 200 грывень на дзень.

Беднасьць і карупцыя



Нават Алякандар Лукашэнка заўважыў, што гэтая рэвалюцыя, гэтыя падзеі ва Ўкраіне ўзьняліся ад таго, што дзеці прэзыдэнта пайшлі ў бізнэс
Гэты мізэрны ганарар «цітушкі» дзіўным чынам дэманструе беднасьць насельніцтва, якое жыве у ярме сквапнай алігархіі і татальнай карупцыі. Гэта галоўныя бічы Ўкраіны, і пра гэта голасна гавораць усе, толькі ня ўлада.

Карупцыя, прадажныя суды і раней былі характэрныя для Ўкраіны, асабліва для ўсходняй яе часткі. І гэтая карупцыя пры Януковічу вырасла так, што застагнаў увесь народ. Да таго ж Віктар Януковіч пачаў выштурхоўваць і старую намэнклятуру, і буйны бізнэс дзеля сваёй Сям’і, сваіх сыноў, ягоных сяброў, маладога пакаленьня «данецкіх ваўкоў».

Нават Алякандар Лукашэнка заўважыў, што гэтая рэвалюцыя, гэтыя падзеі ва Ўкраіне ўзьняліся ад таго, што дзеці прэзыдэнта пайшлі ў бізнэс. Сапраўды, старшы сын Януковіча Алясандар паводле рэйтынгаў часопіса «Форбс» за вельмі кароткі час стаў адным з самых вялікіх багацеяў Украіны, а на ключавыя пасады расстаўленыя ягоныя сябры.


Цень князя цемры


Гэтыя гарачыя падзеі я абмяркоўваю з калегамі, сябрамі і сваякамі ва Ўкраіне. Многія бачаць тут сьлед цяперашняга «князя цемры» расейскага прэзыдэнта Ўладзімера Пуціна.

Яны перакананыя, што стратэгічны фронт барацьбы праходзіць пад лёзунгам: «Геть від Москви!» Фактычна ўвесь крызіс справакаваны Масквой, Пуціным. Гэта ніяк не хавала і не хавае сама Масква, якая спачатку ўводзіла эканамічныя санкцыі супраць Украіны, зрывала яе пагадненьне аб асацыяцыі з Эўразьвязам, ціснула на Януковіча, а пазьней, калі ёй гэта ўдалося, адразу надала Януковічу 15 мільярдаў даляраў дапамогі і цяпер вядзе вялікую прапагандысцкую кампанію супраць вольналюбівых украінцаў. Былыя супрацоўнікі ўкраінскіх спэцслужб кажуць, што з Масквы нават прысылаюць гранаты, якія беркутаўцы кідаюць у натоўп. Пра гэта ў прыватнасьці казаў львоўскаму тэлэканалу ZIK вайсковы экспэрт Аляксей Арастовіч.

Без падпарадкаваньня Ўкраіны немагчымае аднаўленьне расейскай імпэрыя,
Без падпарадкаваньня Ўкраіны немагчымае аднаўленьне расейскай імпэрыі, як пісаў Зьбігнеў Бжэзінскі, і гэтыя словы, відаць, добра вывучыў Уладзімер Пуцін, які ўсё яшчэ не пагаджаецца з распадам СССР, настальгуе і робіць, усё, каб утрымаць у сваёй арбіце і Украіну, і Беларусь. Гэта цудоўна ўсьведамляюць украінцы, і змагаючыся за эўрапейскую інтэграцыю, за справядлівасьць, супраць двойчы судзімага васала Масквы Віктара Януковіча, яны змагаюцца і за свабоду Беларусі.

Гэта, напэўна, разумеў і беларус Міхаіл Жызьнеўскі, які выходзіў на Майдан зь бела-чырвона-белым сьцягам, і які прыняў у сваё сэрца варожую кулю.

За свабодную Ўкраіну.

І за свабодную Беларусь.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG