Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Цела забітага на Майдане беларуса адправяць на радзіму ў нядзелю


Міхаіл Жызьнеўскі

Міхаіл Жызьнеўскі

У нядзелю а 13 гадзіне адбудзецца паніхіда па Міхаіле Жызьнеўскім у Міхайлаўскім саборы ў Кіеве. Пра гэта Радыё Свабода паведаміла сяброўка Міхаіла Саша Панчанка.

Грошы на паніхіду і транспарціроўку цела ў Гомель сабралі ўкраінцы.

«Толькі тое, што я ведаю, – гэта 20 тысяч грыўняў. Але гэта яшчэ ня ўсё. Але мы цалкам пакрываем і выдаткі па паніхідзе ў Міхайлаўскім і пахаваньні ў Гомелі і дастаўку цела. І яшчэ застанецца вельмі годная сума на дапамогу сваякам. Калі ў Беларусі зьбіраюць грошы, то накіроўвайце іх на дапамогу сваякам», – кажа Панчанка.

Па цела Міхаіла ў Кіеў прыедуць ягоны бацька і сястра. Аднак пра час прыбыцьця Саша не распавядае, бо «ня хоча правакацый».

У арганізацыі паніхіды, транспарціроўкі цела і збору грошай дапамагаюць УНА-УНСО і моладзевае крыло партыі Віталя Клічка «Удар». Гэта арганізацыі, у якія ўваходзіў Міхаіл Жызьнеўскі.

Цела Міхаіла адразу пасьля паніхіды будуць перапраўляць у Беларусь. Для гэтага выдзеленыя адмысловыя аўтамабілі. Разам са сваякамі з Украіны паедуць яшчэ 3-4 сябры, у тым ліку і Саша Панчанка.

Пахаваньне найхутчэй адбудзецца ў панядзелак, 26 студзеня.

Міхаіл Жызьнеўскі быў забіты ў Кіеве 22 студзеня стрэлам у сэрца. Афіцыйныя вэрсія МУС Украіны – Міхаіл загінуў ад адзіночнай паляўнічай кулі. Паводле іншых вэрсій, прычынай сьмерці стаў стрэл са снайпэрскай вінтоўкі Дзегцярова. Расейскі журналіст Аркадзь Бабчанка зрабіў уласнае дасьледаваньне двух сьмерцяў у Кіеве падчас пратэстаў. Паводле ягоных высноваў, у забойствах вінаваты «Бэркут».
XS
SM
MD
LG