Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Януковіч: «Калі ня ўдасцца па-добраму, будзе па законе»


Віктар Януковіч
Віктар Януковіч

Украінскі прэзыдэнт зрабіў надзвычайныя заявы падчас сустрэчы з кіраўнікамі цэркваў і рэлігійных арганізацый.

Ён паабяцаў, што ўрад будзе перафарматаваны на пазачарговай сэсіі Вярхоўнай Рады 28 студзеня.

«...Мы перафарматуем урад, каб знайсьці аптымальны варыянт прафэсійнага складу ўраду, які працаваў бы на ўкраінскую дзяржаву», — сказаў Віктар Януковіч.

Зьмена ўраду Мікалая Азарава застаецца адным з асноўных патрабаваньняў Эўрамайдана.

Віктар Януковіч паабяцаў таксама зьмяніць законы 16 студзеня.

«Нашыя экспэрты адпрацоўваюць гэтае пытаньне і разам з апазыцыяй падрыхтуем кампрамісныя рашэньні.... Мы прагаласуем зьмены гэтых законаў і здымем пытаньні», — паведаміў Віктар Януковіч на сустрэчы з кіраўнікамі цэркваў і рэлігійных арганізацый.

16 студзеня Вярхоўная Рада Ўкраіны ўхваліла шэраг законаў, якія абмяжоўваюць правы грамадзянаў. Гэта выклікала чарговы ўсьплеск грамадзкай незадаволенасьці.

Віктар Януковіч абяцае амністыю ўсім, хто не ўчыніў «цяжкіх злачынстваў». Паводле словаў прэзыдэнта, тыя затрыманыя падчас акцый пратэсту, якія не ўчынілі цяжкіх злачынстваў, будуць амніставаныя.

«Мы ўчора дамовіліся, што пасьля прыняцьця Вярхоўнай Радай закону аб амністыі гэтыя людзі, якія былі затрыманыя, але не зрабілі цяжкіх злачынстваў, яны ўсе будуць амніставаныя», — прыводзіць словы ўкраінскага прэзыдэнта «Інтэрфакс-Украіна».

У той жа час Віктар Януковіч абяцае выкарыстаць «усе законныя мэтады», каб спыніць гвалт у краіне. Ён заяўляе пра сваю гатовасьць працягваць дыялёг зь лідэрамі апазыцыі дзеля дасягненьня кампрамісу:

«Я буду зараз праводзіць антыкрызісны штаб. Ужо ёсьць сувязь, мы будзем працягваць дыялёг зь лідэрамі апазыцыі. Я буду рабіць усё, каб спыніць гэты канфлікт, каб спыніць гвалт. Калі ўдасцца па-добраму, спынім па-добраму, калі ня ўдасца — будзем выкарыстоўваць усе законныя мэтады».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG