Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«На акраіне гдзе-та горада...» Так, дарэчы, пачынаецца стары мяшчанскі раманс «Цаглінкі», то бок «Кірпічыкі», які даўным- даўно ахвотна сьпявалі па ўсёй імпэрыі, у тым ліку і ў Менску. Дык вось, гадоў восем таму я стаяў на акраіне гэтага гдзе-та горада, а дакладней ледзь ня ў самым ягоным цэнтры, і назіраў за сапраўднымі чалавечымі ахвярапрынашэньнямі.

За сьпінай выцягвала шыю восень са сваім чорна-белым фотаапаратам, ішоў нейкі нудны шматсэрыйны дождж, і вецер спрабаваў трапіць у вушка нябачнай іголкі. На пажоўклай траве мокла маладое чалавечае мяса. З чырвона-зялёнай трыбуны прамаўляў невядомы мне гітлер. Стары ўжо чалавек, вэтэран шматлікіх вэтэранскіх арганізацый... — ён крычаў у мікрафон так, быццам знаходзіўся ў сваім пэрсанальным райхстагу і толькі што абвясьціў некаму вайну. На імгненьне падалося, што зараз яго разарве ад натугі. Ён крычаў пра запаветы і запаведнікі, пра тое, што такое НАТО і што нам усім нада рабіць, штоб не прэдаць ідэалы. Зайграў марш. Гук быў такі, быццам гостраць нож. Маладое мяса тупа глядзела на гітлера і нешта жавала.

Рытуальнае забойства было ў самым разгары. Хацелася ўмяшацца, лямантаваць, скінуць гітлера са сцэны, растаптаць гэта ўсё нагамі ці хаця б плюнуць на якую-небудзь магілу, няважна чыю. Але я беларус. Я накіраваўся ў найбліжэйшы бар, дзе замовіў сабе сто грамаў. Трэба было зьняць стрэс і прасушыць шалік.

«Што, на душы паскудна?» — пацікавілася бармэнша.

«Яшчэ як... Там праз дарогу дзяцей катуюць», — махнуў я рукой і выпіў.

«Дзе? — яна кінулася да акна. — Можа, міліцыю выклікаць?»

«Не дапаможа. Тут танкі трэба. Або хаця б бульдозэр...»

«Не панімаю...»

«Ну, там дзяцей у піянэры прымаюць... Чуеце?»

Кабета расчаравана вярнулася за стойку і падазрона паглядзела мне ў вочы. Знайшоў чаму зьдзіўляцца. На тое яны і дзеці. На тое ён і гітлер. Як там па-расейску кажуць? Не мыцьцём, дык катаваньнем. Прасам па галаве.

У піянэрскім руху ёсьць нешта ад вайсковай дзедаўшчыны. Абсалютная большасьць дарослых, якія маюць дзяцей піянэрскага веку, самі пасьпелі пабыць піянэрамі ў савецкім яшчэ дзяцінстве. Як палучыш галстук — беражы яво, он ведзь с нашым знаменем цьвету аднаво... Яны на сабе адчулі, што такое быць «кірпічыкам» і як гэта, калі цябе кладуць у мур і змазваюць рошчынай, каб апэтытней выглядаў і не выбіваўся з шэрагу, калі табой затыкаюць дзіркі. Піянэры — цаглінкі парадку. У піянэры прымаюць, каб дзяржаве ня дзьмула. Такім чынам, дарослыя, якія аддаюць сваіх дзяцей у піянэры — яны хтосьці кшталту стараслужачых. Мы трывалі, мы праз гэта прайшлі — цяпер паслужы і ты, сынок, і ты, дачушка. Вырасьцеш — сваіх паперыш-папіянэрыш. Выпіянэрыш. Выпнеш. Выпетрыш. Апошняе слова — як назоўнік — магло б зрабіцца беларускім адпаведнікам замежнаму «піянэр» зь ягонымі непазьбежнымі як на цяперашні час заакіянскім асацыяцыямі. Арганізацыя беларускіх выпетрышаў. Хто ты естэсь? Я — беларускі выпетрыш. Усім рабам прымер. Як там пішуць на галоўным выпетрышскім сайце?

«Ты хочешь, чтобы тебя знали, уважали, любили?!

Мы поможем тебе стать таким, каким ты хочешь.

Беларуси и народу нужны здоровые, мыслящие, самостоятельные и заботливые наследники. Мы все — и большие, и маленькие — дети Беларуси. Мы должны быть готовы принять в наследство эту землю.

Мы — команда. Мы помогаем Родине и стремимся жить по законам Добра и Справедливости».


Што ні кажы, гэта і праўда — цуд. Цуд крывадушнасьці. Каб цябе ведалі, паважалі і любілі — у Беларусі гучыць як праклён. Сем гадоў з канфіскацыяй. Гэта ў найлепшым выпадку. А каб імкнуцца жыць паводле законаў ДС — няблага было б спачатку даведацца, што ў цябе пад бокам жывуць самыя сапраўдныя палітвязьні. Тады, можа, перахочацца дапамагаць ёй — Радзіме?

Як падумаеш, што твае дзеці могуць, хаця б чыста тэарэтычна, зрабіцца піянэрамі — дык хочацца паляцець куды-небудзь далёка- далёка, за акраіну ня толькі гэтага гдзе-та горада, а наагул — на край-бэбі-край сьвету. І сьцерці з памяці гэтую краіну. Назаўжды. Аднак тэорыя, як вядома, сухая, а дрэва жыцьця вечна зелянее. А заадно чырванее — не ад сораму, а таму што гальштук.

Нашто Беларусі піянэры? Па-першае, гэта наглядчык. Прахадная на заводзе, каб ніхто ня ўцёк і нічога ня вынес. А яшчэ: яны трэба, бо тутэйшым начальнікам цяжка ўявіць сабе, што можна жыць, дыхаць, есьці і піць і ня быць пры гэтым сябрам нейкай, хаця б нават самай паршывенькай арганізацыі. Прыгадваецца адна сівая легенда. Некалі у адной недалучанай краіне трэцяга сьвету жыло сабе пажывала гордае і культурнае племя. З пракаветных часоў у іх было заведзена, што дзецям па дасягненьні імі пэўнага ўзросту адсякаюць вялікі палец на левай назе. Такое вось унікальнае племя дзевяціпалых, гонар мультыкультуралізму. Усе, улучна са жрацамі і правадырамі, даўно забыліся, навошта існуе такі абрад і ў чым была прычына першай ампутацыі: можа, у гігіене, а можа, у Ван Гогу.

Племя было мірнае і нікога не забівала. Першым, каго засудзілі на сьмерць, быў чалавек, які наважыўся сказаць: а навошта, уласна кажучы, мы адсякаем сабе пальцы? На яго паглядзелі, як на прыдурка. Як гэта — не адсякаць? Ты што, дарагой, блёкату аб’еўся? Акулу пратэрмінаваную зьеў? Як можна жыць з усімі пальцамі і не памерці ад сораму?

Дык вось, аказваецца, можна. Цэламу, з усімі пальцамі. У тым ліку тым, які можна засунуць сабе ў нос. Маладзён з пальцам у носе заўжды будзе для мяне мілейшы за маладзёна, які аддае піянэрскі салют. У гэтым і ёсьць нашае адрозьненьне зь дзяржавай.

Безь піянэраў у краіне дзеці нейкія непрыстроеныя. Усе з уяўным пальцам у носе. Вось жа трагедыя якая. А вось яшчэ адна трагедыя нявольнай піянэрскай краіны: ня кожнае дзіця разумее, чаму ўсе ў клясе ідуць на піянэрскі сабантуй, а яно — не. Пракляне яно бацькоў-апазыцыянэраў, далібог пракляне. Таму я за строгае выхаваньне падрастаючага пакаленьня. Яго трэба выхоўваць так, каб яму і ў галаву не магло прыйсьці, што яно можа зрабіцца піянэрамі. Нават у страшным сьне. Нават на акраіне гдзе-та горада, дзе дарослы балбатун у ардэнах спакушае іх на першы вялікі грэх, пасьля якога нішто ўжо ня страшна: грэх канфармізму.
Малюнак П. Tатарнiкаў (c) 2014
XS
SM
MD
LG