Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Разумная ідэя, але рызыкоўны час. Так аналітыкі характарызуюць намер украінскага ўраду правесьці дэвальвацыю грыўны ў часе вулічных закалотаў.

Урад дазваляе грыўне «падаць» у надзеі, што слабая валюта дасьць штуршок эканоміцы. Але звычайныя ўкраінцы баяцца, што іх пакупніцкая здольнасьць будзе спаўзаць долу, гэтаксама, як і краіна спаўзае далей у супрацьстаяньне. Ад пачатку сьнежня грыўна патаньнела амаль на 3 працэнты і ўчора курс быў 8,44 за даляр – на найніжэйшым ўзроўні ад 2009 году, калі краіна яшчэ адчувала ўплыў сусьветнага эканамічнага крызысу. Падзеньне грыўны паскараецца разам з тым, як супрацьстаяньне становіцца больш жортскім і прыносіць ахвяры.

Цім Эш, экспэрт у новых эўрапейскіх дзяржавах Standard Bank у Лёндане адзначае, што на працягу многіх гадоў Цэнтральны банк Украіны падтрымліваў абменны курс грыўны адносна даляра, каб захаваць валюту стабільнай. Аслабленьне пазыцыі грыўны, кажа Эш, верагодна зьвязана са зьменай пазыцыі Цэнтрабанку.

Эканамісты нагадваюць, што ў якасьці ўзнагароды Януковічу за адхіленьне ад курсу асацыяцыі з Эўразьвязам Масква паабяцала Кіеву крэдыт 15 мільярдаў даляраў. Паводле Эша, разам са сваім крэдытам Масква прапанавала Кіеву аслабіць нацыянальную валюту з тым, каб зрабіць украінскую экспартную прадукцыю (асабліва сталь) больш канкурэнтаздольнай.

І Міжнародны валютны фонд, і Эўразьвяз таксама часта заклікалі Ўкраіну перайсьці да аслабленьня валюты дзеля ажыўленьня эканомікі. Але нават калі б абясцэньваньне грыўны дапамагло ўкраінскай эканоміцы ў доўгатэрміновай пэрспэктыве, рашэньне Кіева зрабіць гэта менавіта цяпер зьдзіўляе многіх назіральнікаў.

Чарльз Робэртсан, галоўны эканаміст Renaissance Capital у Лёндане адзначае: «Ніколі не бывае лёгка прыняць рашэньне пра абясцэньваньне нацыянальнай валюты. Але яны (украінцы) павінны былі абясцэніць валюту даўным даўно, бо цяперашні памер дэфіцыту бюджэту паказвае, што праблема існуе даўно. Пра гэта ж даўно ў прыватнасьці кажа МВФ. За апошнія год ці два ва Ўкраіне былі прынятыя дрэнныя палітычныя рашэньні і гэта адбілася на сытуацыі».

Сёньня ўкраінскі ўрад спадзяецца, што абясцэньваньне валюты – на фоне крыві на вуліцах – не прывядзе да панікі. Брытанская газэта «Financial Times» нагадвае, што ў напружанай абстаноўцы напярэдадні парлямэнцкіх выбараў 2012 году людзі кінуліся ў банкі і на працягу месяца купілі каля 2 мільярдаў даляраў.

Урад нібыта адчувае, што ён ня мае іншага выбару, акрамя таго, як сашчапіць зубы і рынуцца наперад. Але калі Януковіч ня можа «завесьці» эканоміку, наўрад ці можна спадзявацца, што ён спыніць праэўрапейскія пратэсты, якія ахапілі краіну.

Украінцы пераносяць сваю злосьць на прэзыдэнта менавіта таму, што адчуваюць, як ён пазбаўляе іх краіну шанцу выйсьці з эканамічнага бязладзьдзя праз больш цесныя сувязі з Эўразьвязам, рынкавыя рэформы і ўзмацненьне барацьбы з карупцыяй. Замест гэтага Януковіч паабяцаў дамагчыся эканамічнага прагрэсу, прытрымліваючыся традыцыйных украінскіх партнэраў у межах старога СССР, заключае камэнтатар Радыё Свабода Чарльз Рэкнэгл.
XS
SM
MD
LG