Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пасады — у Беларусі, а дыплёмы — за мяжой


Оксфардзкі ўнівэрсытэт

Оксфардзкі ўнівэрсытэт

Дзеці многіх высокіх беларускіх чыноўнікаў і буйных бізнэсоўцаў вучацца за мяжой, або ўжо атрымалі там адукацыю. Яны выбіраюць для сябе замежныя ўнівэрсытэты, хоць беларускае кіраўніцтва, а часам і самі бацькі такіх студэнтаў публічна хваляць менавіта беларускую сыстэму адукацыі і называюць яе адным з дасягненьняў цяперашняй улады.

Найбольшай папулярнасьцю для вучобы за мяжой у заможных беларусаў карыстаюцца Вялікая Брытанія, Нямеччына, Швайцарыя... У каго грошай меней — стараюцца ўладкаваць дзяцей ва унівэрсытэты Расеі, Польшчы, Літвы.

Былы амбасадар Вялікай Брытаніі ў Беларусі Размары Томас лічыць гэта натуральным, бо зь дзесяці самых прэстыжных унівэрсытэтаў сьвету тры знаходзяцца ў Вялікабрытаніі. Яна адзначае, што калі кіравала амбасадай, то штогод выдавалася прыкладна 200 студэнцкіх візаў. Дыплямат кажа, што ня мае права называць канкрэтныя прозьвішчы. Але сярод уладальнікаў такіх візаў былі дзеці з гучных сямей — і чыноўнікаў, і бізнэсоўцаў. І гэта зразумела, бо навучаньне для замежнікаў у яе краіне даволі дарагое — прыкладна 10 тысяч фунтаў на год.

"Для мяне галоўнае ў гэтым пытаньні, за якія грошы — чыстыя ці брудныя — вучацца дзеці беларусаў?«,— кажа Свабодзе першы амбасадар Рэспублікі Беларусь у Нямеччыне Пётра Садоўскі:

«Чыноўнікам ня будзеш усё жыцьцё. І таму я не магу іх асуджаць. Яны ведаюць, што і яны ня вечныя, і рэжым ня вечны. А хочацца, каб дзеці жылі добра. Хто ж з нас ня хоча. каб дзеці добра жылі? Хай вучацца, калі гэта на чыстыя грошы. А калі грошы крадзеныя, то я гэта асуджаю. Калі грошы заробленыя мазалём, што ж тут дрэннага?

Я мог бы ўладкаваць сваю дачку і двух унукаў за мяжой. Але яны тутака. І сказаць „на жаль, тут“, я не магу, бо ў іх усё добра. І я не кажу, што ім пашанцавала меней. Бо кожны выбірае ўсё па-свойму. І калі мае калегі-дэмакраты на нячыстыя грошы ўладкоўваюць сваіх дзяцей вучыцца за мяжой, альбо сын ці дачка едзе вучыцца за мяжу па праграме Каліноўскага, ня будучы пры гэтым асабіста актыўным чалавекам, то гэта дрэнна».

Сын лідэра апазыцыйнай Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоля Лябедзькі — Арцём скончыў Беларускі дзяржаўны ўнівэрсытэт. Затым — магістратуру Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэту ў Вільні. Цяпер жыве і працуе ў Беларусі. Бацька ставіцца да вучобы сына так:

«Вучыцца ніколі ня дрэнна. Галоўнае, каб пасьля гэта працавала на карысьць сваёй краіны і людзей. Калі ты атрымаў добрую адукацыю і ад гэтага пасьля былі дывідэнды, жыцьцёвыя, фінансавыя, ня толькі табе, тваёй сям’і, але і тваёй краіне. І калі інвэстуецца ў будучыню радзімы, то гэта супэр, вельмі добра.

А што тычыцца фінансаваньня вучобы, то гэта, як кажуць, асобная старонка. Сёньня ёсьць магчымасьць вучыцца ў Эўропе, дзе ўстанова бярэ на сябе выдаткі, бо там зацікаўленыя ў таленавітых маладых людзях. Такія праграмы таксама існуюць. А калі навучаньне вядзецца за кошт таго, што нейкі чыноўнік ці апазыцыянэр вырашае такія праблемы за сумнеўныя грошы, то гэта ўжо пытаньне маральнасьці».

Цяпер, паводле дадзеных ЮНЭСКА, за мяжой вучацца 30 тысяч беларусаў, — кажа прафэсар, адзін з заснавальнікаў Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэту Ўладзімер Дунаеў:

«І гэта ж ня толькі дзеці палітыкаў, дзяржаўных службоўцаў альбо бізнэсоўцаў. Ёсьць розныя магчымасьці. Вельмі шмат едуць вучыцца ў Расею. І, дарэчы, не заўсёды на платныя праграмы. Ёсьць нямала праграмаў у Эўропе, якія даступныя для замежнікаў, часам ня вельмі дарагія. І там адукацыя ўжо не даражэйшая, чым у Беларусі.

Таму, калі пачынаеш выбіраць паміж платнай беларускай адукацыяй і замежнай, далёка не заўсёды разьлікі на карысьць беларускай. І калі ёсьць магчымасьць пры дастаткова разумных коштах атрымаць больш прэстыжную і пэрспэктыўную адукацыю, то людзі будуць выбіраць эўрапейскую».

Беларускія ўлады хваляцца: маўляў, у Беларусь едзе па веды моладзь зь іншых краін, асабліва з Кітаю. Так, едзе, — пагаджаецца прафэсар Дунаеў, — але выяжджае яшчэ болей:

«Ёсьць такі паказьнік якасьці адукацыі, які называецца „паказьнік чыстай мабільнасьці“. Ён адлюстроўвае балянс паміж студэнтамі, якія ўяжджаюць у тую ці іншую краіну, і студэнтамі, якія з гэтай краіны выяжджаюць. І чым больш выяжджаюць, тым горшай і менш прэстыжнай лічыцца адукацыя. У Беларусі гэты паказьнік вельмі і вельмі сумны. І існуе тэндэнцыя пастаяннага пагаршэньня. Беларускія студэнты ўцякаюць ад нашай сыстэмы адукацыі, бо яна вельмі састарэлая, анахранічная. Праз эканомію на адукацыі зьніжаецца яе якасьць. Таму натуральна, што чалавек, які хоча атрымаць больш сучасную адукацыю і мець пэрспэктывы для лепшай працы, будзе імкнуцца атрымаць дыплём за мяжой. Людзі, у якіх ёсьць грошы, будуць і надалей накіроўваць сваіх дзяцей за мяжу. І ў гэтым нічога дрэннага няма, бо гэта зразумелае жаданьне забясьпечыць будучыню сваім дзецям. Дрэнна, што добрая будучыня найперш асацыюецца з магчымасьцю атрымаць адукацыю за мяжой».

Дарэчы, у 2013 годзе дэпутаты Дзярждумы Расеі не падтрымалі папраўку, якая забараняе дзецям высокапастаўленых чыноўнікаў атрымліваць адукацыю за мяжой. На думку ініцыятараў папраўкі, такая забарона паспрыяла б, каб чыноўнікі лепш ведалі праблемы нацыянальнай адукацыі і прымалі правільныя рашэньні ў гэтай сфэры.

А вось у Палату прадстаўнікоў падобныя прапановы нават не паступалі. Можа, таму, што беларускія чыноўнікі стараюцца не афішаваць, дзе вучацца іхнія дзеці. І толькі ў сеціве ёсьць спасылкі, што за мяжой вучыліся альбо вучацца дзеці былога кіраўніка прэзыдэнцкай адміністрацыі Ўрала Латыпава (ЗША), экс-кіраўніка Палаты прадстаўнікоў Уладзімера Канаплёва (Кітай), экс-міністра замежных спраў Сяргея Мартынава (Вялікая Брытанія), былога старшыні Белтэлерадыёкампаніі Аляксандра Зімоўскага (Вялікая Брытанія), бізнэсоўцаў Анатоля Капскага (Вялікая Брытанія), Юрыя Чыжа (Швайцарыя)...
XS
SM
MD
LG