Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кніга Андрэя Пачобута пра Беларусь стала бэстсэлерам у Польшчы


Андрэй Пачобут
Андрэй Пачобут

Гарадзенскі журналіст Андрэй Пачобут прадставіць сёньня ў Горадні сваю польскамоўную кнігу «System Bialorus».

За некалькі месяцаў большасьць дзесяцітысячнага накладу разышлася ў Польшчы. Кнігу выпусьціла выдавецтва «Helion», у ёй 248 старонак.

Андрэй Пачобут — карэспандэнт «Gazety Wyborczej». Доўгі час ён апісвае для польскага чытача тое, што адбываецца ў Беларусі. І заўжды абмежаваны рамкамі газэтнага артыкула, прызнаецца ён. Але было жаданьне апісаць больш падрабязна тое, што зь сябе ўяўляе сёньняшняя Беларусь. Цікавасьць у Польшчы наша краіна выклікае тым, што грамадзтва тут трымаецца на іншых падставах, чымсьці заходняе дэмакратычнае. Як функцыянуе беларуская дзяржава? Аўтар спрабуе ў гэтым разабрацца, таму такая назва — «Сыстэма Беларусь», зазначае ён.

Звычайна польскія чытачы пытаюцца пра Беларусь: як сталася, што такі чалавек, як Аляксандар Лукашэнка, стаў на чале краіны? Андрэй Пачобут піша пра ягоны шлях да ўлады.

Другое пытаньне, якое задаюць палякі: якім чынам яму ўдаецца ўтрымаць грамадзтва пад кантролем, чаму яму ўдаецца так доўга кіраваць? У кнізе апісваюцца мэханізмы гэтага, кажа журналіст.

Трэцяя частка выданьня прысьвечаная таму, што думаюць самі беларусы пра ўмовы, у якіх жывуць.

Андрэй Пачобут зазначыў Свабодзе:

«Вельмі моцны інструмэнт, які мае ўлада, — гэта магчымасьць пазбавіць чалавека працы. Хто трапляе ў канфлікт з уладай, той вельмі хутка разумее моц гэтага аргумэнта: яго могуць выкінуць з працы, і ён нідзе не ўладкуецца. Нават ня трэба саджаць у турму, дастаткова пазбавіць сродкаў для жыцьця».

Важны падмурак улады — прапаганда, кажа журналіст:

«Шоў, якое арганізоўвае Лукашэнка. Ён тут як першаадкрывальнік на постсавецкім абшары: сэлектарныя нарады, якія паказваюць у жывым эфіры, масавыя прэсавыя канфэрэнцыі, жывыя ўключэньні з рэгіёнаў, калі рабочыя задаюць пытаньні. Цяпер гэта выкарыстоўвае Пуцін. Гэтыя хады знайшоў інтуітыўна Лукашэнка, яны аказаліся вельмі дзейсныя».

І яшчэ ўлада трымаецца на страху людзей. Хаця, кажа Пачобут:

«Нельга сказаць, што Лукашэнка ровар вынайшаў. Але сыстэма ў Беларусі ўнікальная, таму што яна ўжо не былая савецкая. У Лукашэнкі цяпер большая ўлада, чым была ў першага сакратара ЦК ці ў генэральнага КПСС. Іх абмяжоўвала, напрыклад, ідэалёгія, апарат. У Беларусі ідэалёгіі створана не было. Інакш трэба было б адказаць на шэраг пытаньняў: хто такія беларусы, куды яны ідуць, якія мэты? Ідэалёгія яго не абмяжоўвае. А апарат цалкам залежыць ад яго, ён прызначае кіраўнікоў выканкамаў, судзьдзяў».

Ён зьмяніў пад сябе постсавецкую сыстэму, зазначае журналіст:

«Роля Лукашэнкі ў Беларусі аграмадная. Яго асоба дамінуе. Людзі ня ведаюць, хто там прэм’ер-міністар або кіраўнік адміністрацыі. Ёсьць Лукашэнка, і будзе так, як ён захоча».

І нярэдка здараецца так, кажа аўтар «Сыстэмы Беларусь», што «мы атрымоўваем сытуацыю, калі ягоныя словы больш значаць, чым закон».


Андрэй Пачобут у 2011 і 2012 гадах быў прызнаны вінаватым у парушэньні артыкула Крымінальнага кодэксу «Паклёп на прэзыдэнта». Журналісту прысудзілі тры гады пазбаўленьня волі з адтэрміноўкай выкананьня прысуду на два гады. У сакавіку 2013 году справу спынілі ў сувязі з адсутнасьцю ў дзеяньнях журналіста складу злачынства.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG