Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Адзін з кіраўнікоў грамадзянскай кампаніі «Гавары праўду» Сяргей Вазьняк 24 студзеня накіраваў скаргу ў Віцебскі абласны суд.

Ён аспрэчвае рашэньні Талачынскай раённай і Віцебскай абласной выбарчых камісіяў, якія не зарэгістравалі ягоныя ініцыятыўныя групы.

Сяргей Вазьняк распавёў Свабодзе:

«Сёньня ў мяне была тэлефонная размова з кіраўніком Віцебскай абласной камісіі. Ён паведаміў, што камісія разгледзела маю скаргу на Талачынскую камісію і палічыла яе неабгрунтаванай.

Я з гэтым не магу пагадзіцца.Так, у Выбарчым кодэксе ёсьць палажэньне, што кандыдаты ў дэпутаты мясцовых саветаў мусяць пражываць альбо працаваць у рэгіёне, дзе яны зьбіраюцца вылучацца. Я хацеў балятавацца ў Коханаўскі сельскі і Талачынскі раёны саветы і падаў адпаведныя дакумэнты.

Я сапраўды там не жыву і не працую. Але я зьяўляюся галоўным рэдактарам газэты „Товарищ“, якая распаўсюджваецца па ўсёй Беларусі. А ў кодэксе ёсьць тлумачэньне, што калі дзейнасьць кандыдата ахоплівае пэўны рэгіён, то ён можа там балятавацца, нават калі ён там непасрэдна не жыве. А мая газэта распаўсюджваецца па ўсёй Беларусі, у Талачынскім раёне ёсьць сталыя чытачы газэты. Дый гэты рэгіён я выбраў невыпадкова. Я тут вылучаўся кандыдатам у Палату прадстаўнікоў, і мясцовыя жыхары мяне добра ведаюць».

Сёньня менская гарадзкая выбарчая камісія пацьвердзіла рашэньні раённых камісіяў сталіцы, якія адмовілі ў рэгістрацыі ініцыятыўных групаў апазыцыйных палітыкаў Анатоля Лябедзькі, Аляксея Янукевіча, палітоляга Алеся Лагвінца. Усе яны, як лічыць гарадзкая камісія, зрабілі аднолькавую памылку — падалі дакумэнты на рэгістрацыю адначасова па некалькіх выбарчых акругах. Раней такое было магчыма. Але пасьля таго як ад 8 сьнежня 2013 году пачалі дзейнічаць зьмены ў выбарчым кодэксе, падобная практыка стала недапушчальнай, — кажуць у менскай гарадзкой выбарчай камісіі.

Лябедзька, Янукевіч і Лагвінец таксама абскарджваюць гэтае рашэньне ў судзе.
XS
SM
MD
LG