Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Паводле вядомага баўгарскага палітоляга Івана Красьцева, падзеі ва Ўкраіне нагадваюць грамадзянскую вайну.

«Калі ў бліжэйшыя 24 гадзіны ўлады ня змогуць знайсьці агульную мову з апазыцыяй, будзе наіўна чакаць свабодных і дэмакратычных выбараў у 2015 годзе. У абодвух бакоў прастора для манэўру скарачаецца. Кантроль апазыцыі над натоўпам ніколі ня быў дастатковым, і ён працягвае зьмяншацца» — сказаў Красьцеў францускай газэце Le Monde.

«У большасьці краінаў улады зрабілі б стаўку на час, стомленасьць натоўпу, асабліва ў такі мароз. Але ў 2004 годзе, падчас аранжавай рэвалюцыі, паплечнікі або нехта ў Маскве абвінавачвалі Януковіча ў залішняй мяккасьці. Нічога б ня здарылася, калі б ён ужыў сілу, думалі яны. Сёньня Януковіч баіцца падобнага сцэнару. Аднак яго жорсткасьць становіцца галоўным фактарам, які выводзіць людзей на вуліцы» — мяркуе Красьцеў, і дадае:

«У момант крызысу Януковіч хоча дзейнічаць як Пуцін, толькі ён ня Пуцін, а Ўкраіна не Расея. Дэманстрацыя сілы, калі ты слабы і ў лягеры апанэнтаў адчуваюць тваю слабасьць, толькі падахвочвае пратэст».

У момант крызысу Януковіч хоча дзейнічаць як Пуцін, толькі ён ня Пуцін, а Ўкраіна не Расея
The Los Angeles Times паведамляе, што віцэ-прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн патэлефанаваў Віктару Януковічу 23 студзеня і запатрабаваў спыніць бойкі ўрадавых сіл з пратэстоўцамі. Паводле заявы Белага дому, Байдэн сказаў Януковічу: «Толькі ўрад Украіны можа забясьпечыць мірнае завяршэньне крызысу». Паводле экспэртаў, на якіх спасылаецца The Los Angeles Times, Вашынгтон наўрад ці захоча ўвязвацца ва ўкраінскі канфлікт. «Інструмэнты ўплыву і рычагі ЗША вельмі абмежаваныя » — газэта цытуе меркаваньне Эндру Вэйса з Фонду Карнэгі. На думку Вэйса, Вашынгтону таксама не хочацца, каб спрэчка за Ўкраіну стала яшчэ адным «яблыкам разладу» ў адносінах з Пуцінам.

Der Spiegel у матэрыяле свайго кіеўскага карэспандэнта адзначае, што пэрспэктываў урэгуляваньня палітычнага крызысу ва Ўкраіне пакуль што няма. Пасьля праведзеных вечарам 23 студзеня перамоваў з прэзыдэнтам Віктарам Януковічам лідэрам ўкраінскай апазыцыі Віталю Клічко, Арсенію Яценюку і Алегу Цягнібоку прыйшлося прызнаць перад мітынгоўцамі на Майдане, што ад яго атрыманы толькі мінімальныя абяцаньні — вызваленьне парадку сотні затрыманых. Канкрэтнай даты лідэры апазыцыі назваць не змаглі, пасьля чаго былі асьвістаныя натоўпам.

пэрспэктываў урэгуляваньня палітычнага крызысу ва Ўкраіне пакуль што няма
Бліжэй да паўночы Клічко зноў зьвярнуўся да дэманстрантаў, на гэты раз з просьбай захоўваць цярпеньне. Палітык згадаў магчымасьць правядзеньня нацыянальнай забастоўкі, аднак з яго словаў так і ня стала ясна, калі ён і іншыя апазыцыйныя палітыкі плянуюць заклікаць да яе. Людзі, якія сабраліся яго паслухаць, былі расчараваныя гэтым выступам, і мітынгоўцы скандавалі: «Ганьба, ганьба!». Карэспандэнт Der Spiegel ня ўпэўнены, ці Клічко насамрэч кантралюе настроі людзей.

Францускі штотыднёвік Le Nouvel Observateur мяркуе, што рэакцыя Эўразьвязу на падзеі ва Ўкраіне, асабліва калі параўнаць яе з «гучнымі заявамі» Масквы, выглядае даволі «сарамлівай».

«Спачатку Эўразьвяз заявіў пра сваю занепакоенасьць у сувязі з падзеямі ў Кіеве, а потым папярэдзіў Кіеў аб магчымых дзеяньнях і наступствах для адносінаў паміж Брусэлем і Ўкраінай. Але эўрапейскія лідэры яшчэ занадта далёкія ад прыняцьця канкрэтных захадаў. Між эўрапейскімі краінамі назіраюцца моцныя рознагалосьсі ў пытаньні аб санкцыях супраць украінскага кіраўніцтва. Гаворка ідзе пра замарожваньне актываў чыноўнікаў і аб абмежаваньні іх вольнага перамяшчэньня па Эўропе. Французы першымі выступілі супраць такіх мер, назваўшы іх контрпрадуктыўнымі» — піша аўтар Le Nouvel Observateur.

Інструмэнты ўплыву і рычагі ЗША вельмі абмежаваныя
Карэспандэнт The Wall Street Journal піша, што «пад націскам Захаду» прэзыдэнт Януковіч прапанаваў вызваліць затрыманых пратэстоўцаў узамен на часовае перамір’е. Аднак няма асаблівай упэўненасьці ў тым, што дэманстранты пагодзяцца на гэтую прапанову, дадае ён.

Газэта таксама адзначае, што на 28 студзеня прызначаная пазачарговая сэсія Вярхоўнай Рады, якая мае нібыта абмяркоўваць пытаньне адстаўкі ўраду Міколы Азарава. Але апазыцыя лічыць, што кіроўная Партыя Рэгіёнаў можа скарыстаць сэсію як нагоду ўвесьці надзвычайнае становішча, каб узмоцніць і пашырыць рэпрэсіі супраць апанэнтаў Віктара Януковіча.

Агляд падрыхтаваны паводле матэрыялаў сайту InoPressa.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG