Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Кіеве дэманстранты занялі міністэрства аграрнай палітыкі


У Кіеве дэманстранты занялі будынак міністэрства аграрнай палітыкі, разьмешчаны на Храшчаціку непадалёк ад плошчы Незалежнасьці. Актывісты Эўрамайдану заявілі, што будуць выкарыстоўваць памяшканьне для абагрэву людзей.

Як перадае Gazeta.ua, удзельнікі пратэстаў патрапілі ў будынак, разьбіўшы некалькі вокнаў. Ля ўваходу на сьцяне яны напісалі «Улада народу!». Працаўнікоў міністэрства туды не пускаюць.

У канцы мінулага года ўдзельнікі Эўрамайдану захапілі ў Кіеве два будынкі — мэрыі і Дома прафсаюзаў.

На плошчы Незалежнасьці мінулай ноччу актывісты прагаласавалі за выхад апазыцыі з перамоўнага працэсу з уладай і за пашырэньне тэрыторыі пратэсту да вуліцы Грушэўскага і станцыі мэтро Храшчацік. Такое рашэньне прынятае пасьля таго, як лідэры апазыцыі Арсень Яцанюк, Віталь Клічко і Алег Цягнібок распавялі прысутным аб перамовах з прэзыдэнтам Віктарам Януковічам. Дэманстранты заявілі, што ня вераць Януковічу, і лічаць перамовы зь ім бяссэнсоўнымі.

У той жа час улады заяўляюць пра гатоўнасьць працягнуць перамовы, на якіх у чацьвер, у прыватнасьці, абмяркоўвалася магчымасьць вызваленьня ўсіх затрыманых за ўдзел у беспарадках каля стадыёна «Дынама» ў выпадку, калі ўдзельнікі пратэстаў ўстрымаюцца ад прымяненьня гвалту. У бліжэйшыя гадзіны ў Кіеве чакаюць кіраўніка камісіі ЭЗ па пытаньнях пашырэньня Штэфана Фюле і Вярхоўнага прадстаўніка ЭЗ па пытаньнях зьнешняй палітыкі і бясьпекі Кэтрын Эштан. Мэта іх візыту — садзейнічаць працягу перамоваў ўкраінскай улады і апазыцыі.

Па дадзеных Штаба нацыянальнага супраціву, колькасьць затрыманых у Кіеве складае каля ста чалавек, некалькі дзесяткаў актывістаў лічацца зьніклымі. Да гэтага часу невядомы лёс лідэра Аўтамайдана Дзьмітрыя Булатава, паведамляе карэспандэнт Радыё Свабода.

У шэрагу абласьцей Украіны пачаліся масавыя акцыі супраць ужываньня ўладамі сілы ў дачыненьні да дэманстрантаў у Кіеве. У Львове, Івана-Франкоўску, Роўна і Цярнопалі ўдзельнікі пратэстаў захапілі будынкі абласных адміністрацый. У Львове і Роўна вакол абладміністрацыі узьведзеныя барыкады. Інфармацыя аб штурме мясцовых адміністрацый напярэдадні паступала таксама з Хмяльніцкага, Жытоміра і Чэркас. Вядома, што ў ходзе сутыкненьняў з міліцыяй у Чаркасах затрыманыя 58 чалавек.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG