Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МУС Украіны: Жызьнеўскага забілі паляўнічай куляй


Міхаіл Жызьнеўскі

Міхаіл Жызьнеўскі

«Сьмерць Міхаіла Жызьнеўскі наступіла ад скразнога агнястрэльнага раненьня грудной клеткі з пашкоджаньнем аорты ў вобласьці сэрца. Раненьне прычыненае паляўнічай куляй», — заявіў намесьнік начальніка Галоўнага сьледчага ўпраўленьня МУС Украіны Віталь Сакал.

МУС Украіны пацьвердзіў два факты сьмерцяў двух чалавек на вуліцы Грушэўскага 21 студзеня, перадае Інтэрфакс.

«Прычынай сьмерці абодвух мужчын сталі агнястрэльныя раненьні», — цытуе прэсавая служба МУС Украіны намесьніка начальніка Галоўнага сьледчага ўпраўленьня МУС Украіны Віталя Сакала.

Паводле зьвестак украінскай міліцыі, забітыя 20-гадовы жыхар Днепрапятроўшчыны Сяргей Нігаян і 25-гадовы грамадзянін Беларусі Міхаіл Жызьнеўскі.

«У Сяргея Нігаяна выяўленыя цялесныя пашкоджаньні ад двух раненьняў грудной клеткі з пашкоджаньнем лёгкіх і сэрца, а таксама непранікальныя раненьне ў скроневай вобласьці галавы. Сьмерць Міхаіла Жызьнеўскага наступіла ад скразнога агнястрэльнага раненьня грудной клеткі з пашкоджаньнем аорты ў вобласьці сэрца. У першым выпадку раненьне прычынена карцеччу на аснове сплаву сьвінца, у другім — паляўнічай куляй», — падкрэсьлівае МУС Украіны.

Сакал кажа, што боепрыпасы, якімі забітыя гэтыя людзі, на ўзбраеньні міліцыі не знаходзяцца.

«Сьледчымі, у ліку іншых, разглядаецца вэрсія зьдзяйсьненьня забойстваў з мэтай справакаваць эскаляцыю канфлікту і апраўдаць прымяненьне зброі мітынгоўцамі», — падкрэсьліў ён.

«Супрацоўнікі міліцыі і вайскоўцы ўнутраных войскаў, якія нясуць службу па ахове грамадзкага парадку, знаходзяцца там без табэльнай агнястрэльнай зброі», — запэўнівае Віталь Сакал.

Паводле каардынатара мэдыцынскай службы Эўрамайдана Алега Мусія, які выступаў у эфіры 5 канала, акрамя загінулых Сяргея Нігаяна і Міхаіла Жызьнеўскага валянтэры бачылі яшчэ целы 2-х чалавек без прыкмет жыцьця, якія таксама мелі агнястрэльныя раненьні. Але забраць з поля баявых дзеяньняў цела не атрымалася — яны засталіся на тэрыторыі праваахоўнікаў.

Паводле кіраўніка мэдыкаў Майдана, яму таксама вядома пра чалавека, зь цела якога ў 17-й кіеўскай бальніцы выдалілі мэталічны шар. Цяпер ён знаходзіцца ў крытычным стане. Усяго ж у палявых лекараў за апошнія 3 сутак зьвярнулася ўжо больш за 1000 пацярпелых мітынгоўцаў.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG