Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У некаторых рэгіёнах Украіны апазыцыя захапіла ўрадавыя будынкі


Роўна

Роўна

У некалькіх абласных цэнтрах Украіны ў сераду штурмавалі будынкі органаў улады, адбыліся сутычкі з праваахоўнікамі.

У прыватнасьці, у Чаркасах дэманстранты захапілі ўвечары частку будынка, у якой працуюць абласная дзяржадміністрацыя і абласны савет. Тыя, хто нападаў, па паведамленьнях, разбуралі і выкідалі мэблю і абсталяваньне, апісвалі сьцены сваімі лёзунгамі. Пракурор вобласьці заклікаў не парушаць законаў. А па факце блякаваньня будынка і масавых закалотаў пракуратура горада Чаркасы распачала крымінальную справу.

Гэтак жа ў Цярнопалі мітынгоўцы ў сутыкненьнях зь міліцыяй захапілі агульны будынак абласной адміністрацыі і аблсавету. Тут актывісты заклікалі нічога не пашкодзіць. Мясцовы штаб нацыянальнага супраціву заявіў, што «кіраўніцтва бярэ на сябе».

Пракурор вобласьці заклікаў не парушаць законаў і назваў недапушчальнымі дзеяньні дэманстрантаў, а міліцыя распачала крымінальную справу па захопе дзяржаўных або грамадзкіх будынкаў або збудаваньняў, паведаміла агенцтва УНІАН.

У Роўна будынак абласной адміністрацыі таксама захапілі дэманстранты. Яны заявілі, што самі будуць адказваць за захаваньне будынка і маёмасьці, але ня маюць намер вызваляць памяшканьне.

Раней сёння ў Львове мітынгоўцы захапілі памяшканьне абласной адміністраціі, які зьяўляюцца часткай будынка абласнога савету, і прымусілі старшыню адміністрацыі Алега Сала напісаць заяву аб адстаўцы, што ён адразу ж абверг.

Аблогу будынка абласной дзяржадміністрацыі ладзілі і ў Івана-Франкоўску, але там спробы людзей прайсьці ўнутар спынілі праваахоўнікі.
XS
SM
MD
LG