Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мацкевіч: Партыя ўлады патрэбная Лукашэнку для гадаваньня кадраў


Уладзімер Мацкевіч

Уладзімер Мацкевіч

Аляксандар Лукашэнка заявіў, што ён «быў бы ня супраць узьнікненьня ў Беларусі палітычнай сілы ў выглядзе вядучай партыі».

Ці можна сказаць, што прэзыдэнт Беларусі нарэшце пагадзіўся на ўтварэньне гэтак званай партыі ўлады? Каму больш патрэбна партыя ўлады – чыноўнікам альбо самому Аляксандру Лукашэнку? На гэтыя пытаньні адказвае мэтадоляг Ўладзімер Мацкевіч.

Размовы пра стварэньне «партыі ўлады» вядуцца даволі даўно, даўно існуе і грамадзкае аб’яднаньне «Белая Русь», якое відавочна прэтэндуе на гэты статус. Аднак увесь час Лукашэнка адхіляў ідэі пераўтварыць «Белую Русь» у палітычную партыю. Ці кажуць ягоныя апошнія заявы, што ён памяняў свае меркаваньні і цяпер паводле нейкіх прычынаў мае патрэбу ў партыі ўлады?

Мацкевіч: Калі аналізаваць разгорнутае выказваньне Лукашэнкі, то яно супярэчлівае само па сабе. Бо стварэньне такой партыі Лукашэнка разглядае не як палітычны крок, а хутчэй як адміністрацыйны. Бо ён спасылаецца на неабходнасьць абнаўленьня кадраў і канкурэнцыі. Бо сапраўды, вэртыкаль зараз вычарпала ўсе кадравыя рэсурсы. А ў партыі, калі б там ішлі нейкія ўнутраныя працэсы, калі б туды ўліліся шэраг прадзяржаўных НДА – тады б там можна было прыглядацца да новых кадраў.

І што б не казаў Лукашэнка, што «ня трэба ствараць штосьці падобнае на КПСС» – насамрэч зь ягоных словаў вынікае, што менавіта як КПСС ці камсамол ён разглядае неабходнасьць такой партыі. Як дапаможнік сваёй вэртыкалі.

Цыганкоў: Раней палітычныя аналітыкі тлумачылі нежаданьне Лукашэнкі ствараць партыю ўлады тым, што гэта можа сапсаваць ягоны вобраз «народнага прэзыдэнта», якому непатрэбная нейкая свая партыя. Калі цяпер выглядае, што Лукашэнка можа пайсьці на гэты крок – ці азначае гэта, што вобраз «народнага прэзыдэнта» яму ўжо ня так і важны?

Мацкевіч: Аналітыкі хутчэй выказвалі такое меркаваньне, грунтуючыся на практыцы іншых краінаў, дзе абраны прэзыдэнт часам выходзіць са сваёй партыі, каб дэманстраваць, што ён будзе кіравацца выключна агульнанацыянальнымі інтарэсамі. Дарэчы, самому Лукашэнку якраз не абавязкова быць у такой партыі. Тым больш яго менш за ўсё клапоціць палітычная роля такой партыі. Яго, як мне здаецца, непакоіць якраз гэтая кадравая вычарпанасьць, немагчымасьць аднаўленьня апарату. Даводзіцца ўжо даўно перасаджваць людзей зь месца на места, бо новых кадраў няма. «Белая Русь» і БРСМ не выконваюць гэтыя функцыі.

Цыганкоў: Дык усё ж «партыя ўлады» больш патрэбна самому Лукашэнку ці намэнклятуры, якая бачыць тут новыя магчымасьці і пэрспэктывы для сябе?

Мацкевіч: Я ня думаю, што намэнклятуры гэта моцна патрэбна. Бо яна звыклася ўжо з аўтарытарнай уладай Лукашэнкі, і ведае, як сябе паводзіць. З нараджэньнем партыі зьявяцца новыя акалічнасьці, і ня думаю, што чыноўнікі моцна ў гэтым зацікаўлены. Іх хутчэй прываблівае стабільнасьць і зразумеласьць правілаў гульні.

Але гэтае статус-кво даўно ўжо не задавальняе вышэйшае кіраўніцтва – самога Лукашэнку і тых чыноўнікаў, якія адказваюць за кадравы накірунак, і адчуваюць немагчымасьць нейкага руху наперад з тымі кадрамі, якія ёсьць.
  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода».  На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

XS
SM
MD
LG