Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Жыхар Магілёва Арцём Батура намагаецца прыцягнуць да адказнасьці супрацоўнікаў міліцыі, якія, як ён сьцьвярджае, зьбілі яго ў адным з пастарункаў гораду.

У Cьледчым камітэце, куды хлопец скардзіўся на двух амапаўцаў, запэўніваюць, што міліцыянты яго ня білі, а затрымалі яго за тое, што ён піў піва ў грамадзкім месцы. Батура з гэтым не згаджаецца і піша скаргу ў пракуратуру. Пра інцыдэнт стала вядома пасьля таго, як хлопец зьвярнуўся да праваабаронцаў.

Арцёма Батуру затрымалі на Савецкай плошчы з бутэлькай піва. Як ён сьцьвярджае, патрульныя амапаўцы зьвінавацілі яго ў расьпіцьці сьпіртных напояў у грамадзкім месцы і разам з прыяцелем завезьлі ў пастарунак. Там і пачалі біць.

«Ударылі мяне адразу пад калена. Я ўпаў, і тут мяне супрацоўнік АМАПу пачаў зьбіваць. Я ляжаў і рукамі закрываў галаву. Мой таварыш сказаў, калі мяне білі, каб яны ня дужа мяне білі. Тут і яго пачалі біць. Відаць, першаму амапаўцу падалося, што мне мала перапала, і ён яшчэ чатыры разы ўдарыў мяне ў грудзі. А потым і другі пачаў зьбіваць», — апавядае Арцём Батура.

Як кажа хлопец, пасьля складаньня на яго пратаколу міліцыянты сышлі. Дзе ён, ягоныя бацькі даведаліся ад прыяцеля, якога выпусьцілі з пастарунку першым. Па яго прыехаў бацька. Паводле пацярпелага, яны спрабавалі ў той жа дзень зьняць пабоі, але ім гэтага не ўдалося, бо ў Ленінскім раённым аддзеле міліцыі яму стала кепска і яго завезьлі на хуткай дапамозе ў траўмапункт, а адтуль у бальніцу. Арцём сьцьвярджае, што ў траўмапункце дыягнаставалі страсеньне галаўнога мозгу, а ў бальніцы — зафіксавалі шматлікія ўшыбы.

Хуткую дапамогу ў райаддзел міліцыі выклікала маці Арцёма. Паводле яе, у бальніцы выпісалі дакумэнт, у якім і зафіксаваныя цялесныя пашкоджаньні:

«Гэты дакумэнт у нас ёсьць. Напісана ў гэтым дакумэнце, што ўшыб галавы, ушыб грудзіны і наагул усяго цела...»

У Сьледчым камітэце па Магілёўскай вобласьці пацьвердзілі, што Батуру давалі накіраваньне на зьняцьцё пабояў і такі дакумэнт ёсьць у матэрыялах справы:
Ударылі мяне адразу пад калена. Я ўпаў, і тут мяне супрацоўнік АМАПу пачаў зьбіваць

«Выснова судовы-мэдычнага экспэрта такая: «У яго ёсьць крывападцёк, які ўтварыўся ад цьвёрдага тупога прадмета, і ён зьяўляецца лёгкім цялесным пашкоджаньнем, якое не пагражае здароўю. Ён мог паваліцца дзе заўгодна. Гэта звычайны сіняк», — паведаміла праз тэлефон супрацоўніца Сьледчага камітэту.

Паводле суразмоўніцы, затрымалі Арцёма Батуру, калі ён быў нападпітку. Супрацоўнікі АМАПу патрулявалі плошчу, бо ў будынку ратушы мелася адбыцца ўрачыстае мерапрыемства:

«Супрацоўнікі АМАПу прапанавалі яму прасьці зь імі ў апорны пункт для дачы тлумачэньняў. Кайданкаў яму не надзявалі. На яго склалі звычайны пратакол і адпусьцілі».

У пастанове аб адмове ва ўзбуджэньні крымінальнай справы гаворыцца, што ў пастарунку хлопцы нібыта брыдкасловілі і абураліся, што іх затрымалі. Заяўляецца, што ў паказаньнях скаржнікаў шмат супярэчнасьцяў ды «адсутнічаюць дастатковыя дадзеныя» пра тое, што супрацоўнікамі АМАПу зьдзейсьненае злачынства. Для ўзбуджэньня крымінальнай справы супраць міліцыянтаў няма падставаў. Фізычнай сілы і спэцыяльных сродкаў супраць затрыманых міліцыянты не выкарыстоўвалі.

Сябра Беларускага Хэльсынскага камітэту Ўладзімер Краўчанка, да якога зьвярнуўся па кансультацыю Арцём Батура, лічыць, што гісторыя з хлопцамі праўдзівая, і ў пастарунку іх сапраўды білі. Праваабаронца спасылаецца на Канстытуцыю Беларусі, якая забараняе супрацоўнікам праваахоўных органаў ужываць катаваньні і бесчалавечна абыходзіцца зь людзьмі. У дакумэнтах, кажа Ўладзімер Краўчанка, няма сьведак, якія б маглі пацьвердзіць, што затрыманыя расьпівалі сьпіртныя напоі ў грамадзкім месцы.
Для супрацоўнікаў міліцыі — гэта характэрна, што дужа часта выкарыстоўваюць кулакі замест таго, каб вырашаць пытаньне спакойна

«Супрацоўнікі АМАПу білі іх беспрычынна. Заканадаўства забараняе ім выкарыстоўваць фізычную сілу супраць людзей, якія не аказваюць ім супраціву. Няма ніякіх абвінавачаньняў супраць гэтых хлопцаў, што яны не падпарадкоўваліся альбо неяк пакрыўдзілі міліцыю. Для супрацоўнікаў міліцыі — гэта характэрна, што дужа часта выкарыстоўваюць кулакі замест таго, каб вырашаць пытаньне спакойна», — камэнтуе інцыдэнт са зьбіцьцём хлопцаў Уладзімер Краўчанка.

Арцём Батура сплаціў выпісаны яму штраф і намагаецца пакараць міліцыянтаў. З сытуацыі, у якой ён апынуўся, ён зрабіў гэткую выснову:

«Мне прыйшло паведамленьне, што мне выпісаны штраф у 130 тысяч рублёў. Я яго заплаціў. А вось за што мяне білі, я зразумець дагэтуль не магу. Адзін раз трапіў у такую сытуацыю, дагэтуль не сутыкаўся зь міліцыяй, і цяпер думаю, што калі будуць біць ці забіваць, лепш так няхай — чым званіць у міліцыю».

Інцыдэнт здарыўся яшчэ 9 сьнежня. Дзясятага Арцём і ягоны прыяцель паскардзіліся ў пракуратуру, і толькі 20 студзеня Арцём сам забраў адказ са Сьледчага камітэту. Да сьледчага, як ён кажа, яго выклікалі толькі раз. Амаль празь месяц пасьля падзеі.
XS
SM
MD
LG