Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Віталь Портнікаў як мішэнь


Журналіст Віталь Пртнікаў і адзін зь лідэраў апазыцыі Віталь Клічко

Журналіст Віталь Пртнікаў і адзін зь лідэраў апазыцыі Віталь Клічко

Украінскі журналіст, вядомы сваёй апазыцыйнай дзейнасьцю, у інтэрвію Радыё Свабода распавядае пра «правакацыйны фон» кіеўскай драмы.

Украінскі журналіст, аглядальнік Радыё Свабода Віталь Портнікаў, актыўны ўдзельнік палітычных пратэстаў у Кіеве, пераехаў у Варшаву, атрымаўшы, як ён кажа, пераканаўчыя доказы аб тым, што супраць яго рыхтуюцца правакацыі. Драматычную сытуацыю ў Кіеве Портнікаў зьвязвае зь дзейнасьцю ва Ўкраіне агентаў расейскіх спэцслужбаў і пазыцыяй палітычных сілаў, не зацікаўленых у мірным вырашэньні крызысу вакол Майдану.

Портнікаў: Я лічу, што ва Ўкраіне склаўся вельмі сур'ёзны правакацыйны фон, і зьвязаны ён з патэнцыйнымі магчымасьцямі палітычнага ўрэгуляваньня канфлікту. Доўгае сілавое супрацьстаяньне ня выгаднае ні ўладзе, ні апазыцыі. Тут трэба казаць перш за ўсё пра ўладу, таму што апазыцыя і да гэтага дастаткова сур'ёзна казала аб палітычным урэгуляваньні, а ўлада, пад якой мы маем на ўвазе перш за ўсё прэзыдэнта Януковіча, у гэтым палітычным урэгуляваньні не была зацікаўленая. Толькі пасьля таго, як супрацьстаяньне стала сілавым, мне здаецца, зьявілася досыць шмат людзей (і ў асяродзьдзі Януковіча ў тым ліку), якія пачалі разумець, што без дамоўленасьцяў нічога ня будзе.

Адначасова ёсьць сілы, якія ў гэтых дамоўленасьцях не зацікаўленыя. Я б сказаў, што гэтыя сілы ня толькі ўнутраныя, але яны і зьнешнія, яны знаходзяцца на ўсходзе. Гэтыя сілы робяць усё магчымае, каб такога роду дамовы сарваць, каб сарваць сам перамоўны працэс, каб сілавое супрацьстаяньне перайшло ў яшчэ больш гарачую фазу. Усе правакацыі, спробы аказаць ціск на грамадзянскіх актывістаў і журналістаў варта разглядаць менавіта ў гэтым ключы

Паколькі я доўгія гады працаваў у Расеі, у мяне захавалася ў гэтай краіне дастатковая колькасьць знаёмых і крыніц інфармацыі. Павінен вам сказаць, што цяпер мець інфармацыю з гэтых крыніц у Расеі для разуменьня сытуацыі ва Ўкраіне нават больш важна, чым разьмяшчаць інфармацыю ў самой Украіне. Таму што ў Кіеве вельмі шмат супрацоўнікаў расейскіх спэцыяльных службаў, вельмі шмат людзей, якія працуюць, так бы мовіць, «палітолягамі», а насамрэч зьяўляюцца арганізатарамі самых брудных кампаній дыскрэдытацыі людзей і, дарэчы, могуць раіць учыніць над тым ці іншым чалавекам фізычную расправу. Кіеў літаральна наводнены гэтымі людзьмі.

Увогуле, абазнаныя людзі мне сказалі, што ёсьць дастаткова выразны плян расправы над журналістамі, над грамадзянскімі актывістамі; сказалі, што менавіта павінна паслужыць пачаткам ажыцьцяўленьня акцый, накіраваных супраць мяне; якім можа быць – з той ці іншай доляй умоўнасьці – іх працяг. Я пераканаўся, што мяне не падманваюць. Гэтую інфармацыю я атрымаў пасьля сустрэчы з эўрапейскімі і амэрыканскімі дыпляматамі, на якой казаў пра праблемы для журналістаў ва Ўкраіне. Я вырашыў, што паспрабую, прынамсі, сарваць гэты плян і на час зьехаць у Варшаву, каб папрацаваць тут.

Тым больш, што я лічу: ва ўмовах, калі пачаўся перамоўны працэс, гаварыць з эўрапейцамі пра магчымыя наступствы адсутнасьці такога палітычнага ўрэгуляваньня вельмі важна. Я знаходжуся зараз у краіне, дзе Ўкраінай цікавіцца ледзь ня кожны другі. Тое, што адбываецца на кіеўскай вуліцы Грушэўскага, паказваецца на экранах усіх тэлевізійных каналаў краіны, у адрозьненьне ад самой Украіны.

Радыё Свабода: У вас ёсьць вэрсія, чаму менавіта вы зацікавілі гэтыя цёмныя сілы? Назавем іх расейскімі або ўкраінскімі спэцыяльнымі службамі, якія хочуць сарваць працэс палітычнага ўрэгуляваньня.

Портнікаў: У мяне ёсьць ня толькі вэрсія, але і яснае разуменьне чаму. Ёсьць усяго некалькі журналістаў, якія выразна і адказна апісваюць сытуацыю ў краіне. Некаторыя зь іх цяпер па розных прычынах знаходзяцца за мяжой. Я заставаўся ў Кіеве. Акрамя таго, я зьяўляюся членам Рады Майдану. Супраць мяне ўжо разгорнутая досыць бурная дыскрэдытацыйная кампанія, кіраваная, скажам так, з Масквы і Харкава (гэта два цэнтры расейскага ўплыву ва Ўкраіне). Я апынуўся вельмі нядрэннай мішэньню. Верагодна, людзі, якія вырашылі гэтую кампанію замовіць, сталі думаць пра тое, што ў любым выпадку змогуць сьпісаць тое, што адбываецца са мной (калі б гэта адбылося) на тых, хто раней удзельнічаў у маёй дыскрэдытацыі. Гэта досыць простая схема. Я не магу цяпер апісваць усіх яе падрабязнасьцяў, таму што пад пагрозай знаходзяцца многія мае калегі ва Ўкраіне. Адсюль я разьлічваю хоць выбарачна мець магчымасьць уплываць на разьвіцьцё падзей. Я, вядома, не перабольшваю сваіх магчымасьцяў, але разумею: любая дэталізацыя таго, што адбываецца са мной, можа цяпер пашкодзіць маім калегам ва Ўкраіне і няпростаму працэсу перамоваў, які толькі-толькі пачынаецца.
XS
SM
MD
LG