Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Падпалкоўнік міліцыі Казлоў: У нас Майдан таксама магчымы


Мікалай Казлоў

Мікалай Казлоў

Падпалкоўнік міліцыі ў запасе Мікалай Казлоў на просьбу карэспандэнта Свабоды пракамэнтаваў падзеі ў Кіеве, дзе супрацьстаяньне праціўнікаў прэзыдэнта Януковіча і праваахоўных органаў прывяло да крывавых сутычак, у тым ліку з загінулымі сярод пратэстоўцаў.

Як з пункту гледжаньня закону і службовых інструкцыяў можна ацаніць дзеяньні абодвух бакоў?

Мікалай Казлоў: «З пункту гледжаньня закону я бачу парушэньні з абодвух бакоў. Што да міліцыі, то, безумоўна, яна парушае свае службовыя абавязкі ў пляне разгону пратэстоўцаў. Мы бачым тое ж, што было ў нас у 2010 годзе, калі білі і тых людзей, якія не аказвалі ніякага супраціву і было відавочна, што гэта мірныя грамадзяне. На Ўкраіне цяпер гэта паўтараецца.

Што да ўжываньня спэцсродкаў, дык гэта трэба дасьледаваць адносна кожнай пэўнай сытуацыі. Але тое, што мы бачым зь відэа ў інтэрнэце — дык перавышэньне, безумоўна, ёсьць. Перавышэньне неабходнай абароны, перавышэньне сваіх службовых паўнамоцтваў, што нават мяжуе са злачынствамі.

Маю на ўвазе выпадкі, калі страляюць гумовымі кулямі менавіта ў галаву — гэтаму ўжо шмат ёсьць доказаў, што цэляць менавіта ў галаву. Паводле ўсіх інструкцыяў у галаву нельга нават біць. Гэта забаронена ў любых сытуацыях. А тым больш страляць, хай сабе і з траўматычнай збоі. Бо вядома пра шмат фактаў, калі людзі гінуць ад траўматычнай зброі, бо гумовыя кулі трапляюць і ў жыцьцёва важныя органы: вочы, скронь ды іншыя. Мы ж бачым, што супрацоўнікі «Беркута» адмыслова туды спрабуюць пацэліць, а гэта ўжо злачынства, бо перавышэньне службовых паўнамоцтваў.

Наконт таго, што страляюць снайпэры, пакуль сказаць адназначна немагчыма. Дзеля гэтага патрэбныя дадзеныя экспэртызы, пра якія пакуль невядома. Хоць, калі ёсьць выпадак трапляньня кулі ў сэрца і гібелі ад гэтага, то малаверагодна, каб стрэл быў з траўматычнай зброі. Таму магчыма дапусьціць і ўжываньне паўнавартаснай зброі, што тым больш лічу нематываваным.
У беларусаў хоць і высокая кропка кіпеньня, але і тут можа закіпець у любую сэкунду і пачацца зь нічога

Цяпер пра дзеяньні абаронцаў Майдану. Тое, што яны кідаюць у міліцыянта камяні, кактэйлі Молатава, выкарыстоўваюць катапульту для закідваньня небясьпечнымі прадметамі — з пункту гледжаньня закону, безумоўна, таксама парушэньне.

Іншая рэч, што, як мне бачыцца, улада зрабіла ўсё, каб справакаваць гэтае парушэньне закону. Калі вы самі парушаеце закон, то як вы можаце патрабаваць выкананьня яго ад тых, хто вакол вас? Праз эмоцыі гэтых людзей можна зразумець, бо нельга заганяць людзей у кут. Улада зрабіла ўсё дзеля таго, каб справакаваць гэтыя агрэсіўныя дзеяньні. Абвінавачваць трэба сябе ў тым, што дэманстранты гэтак сябе паводзяць.

Згадаем, з чаго ўсё пачыналася? Зь бяскрыўднай, не асабліва люднай акцыі пратэсту. Але дзеяньні ўлады спрыялі таму, што мы бачым цяпер. Апошняй кропляй, як мне бачыцца, стала раптоўнае прыняцьце шэрагу рэпрэсіўных законаў. А ўвогуле мы назіралі цэлы ланцуг памылак з боку ўлады, якая лічыла, што яна зможа зрабіць гэтак, як у нас зрабіў Лукашэнка. Але нешта не спрацавала».

Карэспандэнт: На вашу думку, ці магчыма, што падобныя падзеі адбудуцца калісьці і ў Беларусі, ці вы гэта цалкам выключаеце?

«Мяркую, так. Проста кропка кіпеньня ў украінцаў аказалася ніжэй, чым у беларусаў. Але перакананы, што і ў нас гэта магчыма. І потым ня трэба казаць, што гэта ўсё зрабілі экстрэмісты. Нельга аднаму чалавеку быць гэтак доўга ў якасьці вурдалака народу, трэба мець сумленьне і пачуцьцё адказнасьці. Відавочна ж, што дакладаюць пра настроі, пра тое, што людзі стаміліся, што надакучыў. І ўсё роўна сядзяць па 30 гадоў, а потым зьдзіўляюцца, што людзі няўдзячныя. У беларусаў хоць і высокая кропка кіпеньня, але і тут можа закіпець у любую сэкунду і пачацца зь нічога».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG