Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сьвятлана Вранава: Нам прасьцей паразумецца па-беларуску, чым па-расейску


Аўтар Павел Берасьнеў
Аўтар Павел Берасьнеў

Радыё Свабода публікуе анкеты, у якіх нашы чытачы распавядаюць, як прыйшлі да беларускай мовы, і што яна значыць у іх жыцьці. Дасылайце вашы адказы: svaboda@rferl.org.

Анкета «Жывая мова»

1. Чаму і як вы пачалі гаварыць па-беларуску?
2. Дзе і як вы карыстаецеся мовай?
3. Як мова дапамагла вам ў працы, жыцьцёвых сытуацыях?
4. Якія цяжкасьці стварыла?
5. Што б вы параілі «Свабодзе»?




1. Таму што мне не спадабалася, што беларусы па-беларуску не размаўляюць ды кажуць, што на аснове таго, што выкладаецца ў школе, гэта проста немагчыма. Таму я вырашыла паказаць, што гэта магчыма нават тады, калі я ў школе ўвогуле не вучылася. Спачатку я пачала пісаць (мэйлы, лісты, у скайпе...), толькі пазьней пачала таксама размаўляць. Навучылася сама – праз чытаньне Бібліі, слуханьне «Свабоды» (дзякуй вам!), гледжаньне Белсату. Проста я рабіла выключна толькі тое, што можа рабіць любы беларус.

2. Паўсюль, дзе сустракаю беларусаў. Я вырашыла зь беларусамі ніколі ў ніякім выпадку не размаўляць па-расейску. Як ужо сказала – мэйлы, лісты, скайп, часам нейкі артыкульчык, ну і ў асабістых зносінах зь беларусамі, якія ў мяне даволі частыя.

3. Я па адукацыі заоляг-арнітоляг. Для мяне цікава сустракаць калегаў зь іншых краін. Беларускіх арнітолягаў я знайшла ў інтэрнэце цалкам выпадкова і мяне захапіла, што іхні сайт на беларускай мове. Я зь імі ўвайшла ў кантакт менавіта дзякуючы мове – і ў выніку атрымала цудоўных сяброў. Наладзілася супрацоўніцтва ў розных галінах, ужо некалькі беларускіх калегаў пабывала ў нас на розных мерапрыемствах. А некаторыя зь іх прыехалі расейскамоўнымі – зьяжджалі беларускамоўнымі.

4. Ніякіх цяжкасьцяў я не сустрэла. Наадварот – ужо іншыя тут сьведчылі, што беларуская мова ім дапамагае разумець іншыя славянскія мовы. Малодшае пакаленьне чэхаў ужо ня ведае расейскую мову. Калі беларусы імкнуцца зь імі размаўляць па-расейску, ім цяжка дамовіцца. А калі паспрабуюць беларускую – ўсё стане прасьцей.

5. Раіць Свабодзе? А што мне вам раіць? Хачу жадаць. Такое спэцыфічнае жаданьне ў мяне ёсьць... Жадаю вам, каб вы хутка страцілі працу! Што я маю на ўвазе? Ну, чэскае вяшчаньне «Свабоднай Эўропы» ўжо даўно скончылася, бо яно больш непатрэбнае. Рэдактары страцілі працу, але гэта радасная страта. Таму я жадаю «Свабодзе» і ўсёй Беларусі, каб «Свабода» была больш непатрэбная, бо у вас будзе свабода!

Беларускамоўная, аднак «чыстапародная» чэшка
Сьвятлана Вранава
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG