Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Барысаве 15 чалавек засталіся праз пажар без жытла


ілюстрацыйнае фота

ілюстрацыйнае фота

Увечары 22 студзеня ў Барысаве адбыўся пажар двухкватэрнага драўлянага дома па вуліцы 30 год ВЛКСМ. Пацярпелых няма, але 15 жыхароў засталіся ў лютыя маразы без жытла. Сярод іх пяцёра дзетак, якім да 3 гадоў.

«У адной палове дома зь нявызначанай пакуль прычыны здарыўся выбух. Гэтая частка дома згарэла, у другой частцы — абваліўся дах, а падчас тушэньня пажару ўся мэбля і рэчы былі цалкам залітыя і фактычна аднаўленьню не падлягаюць. Жыхары пасьпелі вынесьці толькі трохі вопраткі, курткі. Дзеці засталіся напаўголыя», — паведаміла жыхарка Барысава.

Прэсавы сакратар МНС Віталь Навіцкі пацьвердзіў факт пажару жылога дома ў Барысаве ўвечары 22 студзеня.

«Агнём зьнішчаны дах плошчай 20 квадратных мэтраў, цалкам выгарала адна з кватэраў двухкватэрнага жылога дома. Пацярпелых няма. Прычына пажару высьвятляецца», — сказаў Віталь Навіцкі карэспандэнту «Радыё Свабода».

Паводле МНС, дапамогай пацярпелым ад пажару займаюцца цяпер мясцовыя ўлады ў Барысаве.

Між тым у інтэрнэце ўжо зьявіліся заклікі дапамагчы пацярпелым ад пажару. Зьвяртацца з прапановамі дапамогі можна альбо на адрас barysau.naviny@gmail.com, альбо непасрэдна да пляменьніцы аднаго з пацярпелых празь яе старонку ў сацыяльнай сетцы vkontakte.
XS
SM
MD
LG