Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Выбары: Лябедзька, Янукевіч ды іншыя абскардзілі адмовы ў рэгістрацыі


На афіцыйным сайце Цэнтравыбаркаму Беларусі зьявіліся канчатковыя дадзеныя вынікаў рэгістрацыі ініцыятыўных груп патэнцыйных кандыдатаў у дэпутаты мясцовых саветаў, якія вылучаюцца праз збор подпісаў. Усяго на рэгістрацыю падалі дакумэнты 16 063 чалавекі. Зь іх зарэгістравана — 16 021, альбо 99,7%.

Адмоўлена ў рэгістрацыі 42 асобам. Сярод іх — кіраўнікі апазыцыйных партыяў Анатоль Лябедзька і Аляксей Янукевіч, старшыня Менскай абласной філіі партыі БНФ Зьміцер Шэвель, палітоляг Алесь Лагвінец, адзін зь лідэраў грамадзянскай кампаніі «Гавары праўду» Сяргей Вазьняк. Усе яны падалі скаргі на адмоўнае рашэньне ў вышэйстаячыя выбарчыя камісіі.

Сярод апазыцыйных партыяў найлепшыя вынікі ў БСДП (Грамада) — 53 зарэгістраваныя групы, БНФ — 40, АГП —39.

Вылучэньне кандыдатамі ў дэпутаты праз збор подпісаў скончана. Але працягваецца рэгістрацыя кандыдатаў ад працоўных калектываў і палітычных партыяў. Пакуль найбольшая канкурэнцыя ў Менску — амаль 4 чалавекі на месца. Як прагназуе старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына, тут на адзін мандат будзе 5–6 прэтэндэнтаў.

А вось ахвотных балятавацца ў раённыя, пасялковыя і сельскія саветы значна меней. Тут яшчэ ў сярэднім не набіраецца і аднаго кандыдата на акругу.
XS
SM
MD
LG