Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«У такіх саветах людзі ня бачаць ніякай карысьці»


садкі на марозе ў зборшчыкаў подпісаў пішуць хвілінаў 10-15
садкі на марозе ў зборшчыкаў подпісаў пішуць хвілінаў 10-15

Выбары ў мясцовыя саветы ў Навабеліцкім раёне Гомеля маюць сёлета асаблівасьць. Тут, апрача дэпутатаў гарадзкога і абласнога саветаў, будуць давыбіраць дэпутата Палаты прадстаўнікоў.

На папярэдніх парлямэнцкіх выбарах у бюлетэнях застаўся толькі прадстаўнік Ліберальна-дэмакратычнай партыі, але бальшыня выбарцаў прагаласавала супраць яго. Сёлета на адно месца ў парлямэнце прэтэндуць ужо 8 чалавек. Гэтулькі зарэгістравана ініцыятыўных групаў. Палова зь іх зьбірваюць подпісы за вылучэньне кандыдатамі ў дэпутаты прадстаўнікоў палітычных партыяў і дэмакратычных грамадзкіх арганізацыяў, у тым ліку Аб’яднанай грамадзянскай партыі, Маладога фронту, Руху «За свабоду», Партыі левых «Справядлівы сьвет».

У будні большасьць зьбіральнікаў подпісаў пачынаюць сваю працу блізу 18 гадзіны, калі гараджане вяртаюцца з працы дадому. Але некаторыя чальцы ініцыятыўных груп прэтэндэнтаў на кандыдацтва ходзяць па кватэрах і зранку. Прыкладам, Натальля Крывашэй з ініцыятыўнай групы сустаршыні «Маладога фронту» Андруся Цянюты.

Разам з Натальляй заходзім у шматпавярховік на вуліцы Ільіча. На званок у кватэру — дзьверы адчыняе маладая жанчына.
Подпісы зьбірае Натальля Крывашэй.
Подпісы зьбірае Натальля Крывашэй.

Крывашэй: «Прывітаньне! Я зьбіраю подпісы ў падтрымку Цянюты Андрэя Анатольевіча, каб ён мог быць кандыдатам у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь. Паставіўшы за яго подпіс сёньня, вы проста дасьцё яму магчымасьць паўдзельнічаць у выбарах. Тут кароткія біяграфічныя зьвесткі пра яго. Магу дадаць, што ён зь сябрамі стварыў грамадзянскую ініцыятыву ў Гомелі пад назваю „Хопіць піць — трэба жыць!“ У цёплы час мы праводзім футбольныя турніры, каб паказаць моладзі, што можна інакш, а ня з півам, праводзіць выходныя дні. Падтрымаеце нашага кандыдата?»

Жанчына, падаўшы пашпарт, пагаджаецца паставіць свой подпіс.

Аднак далёка ня ўсе гараджане ведаюць і разумеюць сэнс збору подпісаў. Некаторыя кажуць, што «прагаласавалі ўжо», бо зьбіральнікі подпісаў у іх ужо былі. Іншыя, не зважаючы на фатаздымак і біяграфічныя зьвесткі прэтэндэнта, хочуць недзе нешта прачытаць яшчэ. Можа, яны такім чынам наагул адмахваюцца ад асабістага ўдзелу ў выбарчай кампаніі.

Гараджанка: «Я яго ведаць ня ведаю. Дзе-кольвечы даведаюся, то потым».
Людзі ў прынцыпе настроеныя супраць саветаў, супраць афіцыйных праўладных дэпутатаў, таму што зьвярталіся да іх — і ня раз! — але ніякай дапамогі не атрымалі

Зьбіральніца: «Проста зараз зьбіраюцца подпісы, каб ён мог быць кандыдатам».

Гараджанка: «Ня ведаю — я не магу так падпісваць».

Зьбіральніца подпісаў Натальля кажа, што подпісы збольшага людзі даюць, аднак на выбары ісьці не зьбіраюцца:

«Людзі ў прынцыпе настроеныя супраць саветаў, супраць афіцыйных праўладных дэпутатаў, таму што зьвярталіся да іх — і ня раз! — але ніякай дапамогі не атрымалі. Большасьць людзей, з кім давялося гутарыць, кажуць, што ў выбарах удзельнічаць ня будуць, на выбары ня пойдуць, бо ня бачаць у гэтым ніякага сэнсу».

Сам прэтэндэнт на дэпутацкі мандат Андрусь Цянюта кажа, што падчас збору подпісаў сутыкнуўся з адмовай супрацоўніцы шпіталя інвалідаў вайны паставіць свой подпіс — на той падставе, што іх папярэдзіў галоўны лекар.

Цянюта: «Супрацоўніца шпіталя, якая адмовілася падпісацца, сказала, што ёй забаранілі, бо яна паставіла подпіс за іншага кандыдата. Галоўны лекар забараніў».

Сябра Аб’яднанай грамадзянскай партыі Ўладзімер Няпомняшчых, які таксама зарэгістраваў сваю ініцыятыўную групу ў Гомельскай-Навабеліцкай акрузе № 36, апавёў, што яго наагул не пусьцілі зьбіраць подпісы ў інтэрнат ЖЭУ-24. Забарону ўчынілі камэндант разам з галоўным спэцыялістам ЖЭУ:

«Яны мяне не пусьцілі ў інтэрнат пагутарыць зь людзьмі і сабраць подпісы за вылучэньне мяне кандыдатам у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў па Гомельскай-Навабеліцкай акрузе № 36. Стойце на вуліцы, сказалі, і зьбірайце. Проста не дазволілі. Я не хуліган, у мяне ўсе дакумэнты ёсьць. Але гэта так улада ставіцца да прадстаўнікоў апазыцыі: «Не пушчаць!»
Натальля Шчукіна і подпіс атрымае, і праблемы выслухае
Натальля Шчукіна і подпіс атрымае, і праблемы выслухае

Аднак у шараговых жыхароў той жа Навабеліцы іншае стаўленьне да дэмакратычных прэтэндэнтаў. За нейкія дзьве гадзіны сябра ініцыятыўнай групы спадара Няпомняшчых Натальля Шчукіна ў доме 297 у той жа Навабеліцы сабрала два аркушы подпісаў:

«Людзі, да якіх я зьвярталася, з ахвотаю ставяць свае подпісы за дэмакратычнага кандыдата. І асабліва калі бачаць ягоныя фатаграфіі з надпісам на майцы: „Выбары без Лукашэнкі“ альбо „Беларусь без Лукашэнкі“ — яны ўсьміхаюцца і адразу падпісваюцца. Многія ўзьнімаюць сацыяльныя пытаньні, у прыватнасьці, пра адсутнасьць у паліклініцы зубапратэзнага, дзіцячага кабінэтаў, крамаў. Уся сацыяльная інфраструктура разьмешчана на пачатку Навабеліцы, куды дабірацца людзям саліднага ўзросту досыць складана».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG