Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Уцёк зь Беларусі з-за палітыкі і быў забіты на Майдане


Міхаіл Жызьнеўскі

Міхаіл Жызьнеўскі

Міхаіл Жызьнеўскі быў забіты ў Кіеве ў сутычках са спэцназам раніцай 22 студзеня. Яго апазналі сябры і паплечнікі. Міхаіл прыехаў зь Беларусі ў 2005 годзе. Паплечнікі распавядаюць, што на радзіме хлопцу пагражаў крымінальны перасьлед.

Саша Панчанка, паплечнік Міхаіла, расказвае Радыё Свабода:

— Мы пазнаёміліся, калі пачаўся Майдан. Пасьля падзеяў 1 сьнежня мы сустрэліся, і вось бачыліся цягам месяца да яго трагічнай гібелі. Што да сям’і, то ня ведаю. Здаецца, у яго дзядзька, мажліва зь Менску, ці таксама з Гомеля, займае нейкую пасаду чыноўніка. Ён проста распавядаў, што праз палітычны перасьлед яго моцна шукалі, і ён шмат чаго не распавядаў.

Я яго па фота пазнаў. Нам ён казаў, што яго завуць Аляксей. Але бальшыня яго ведала пад псэўданімам Локі. Больш пра імя ня ведаю нічога. Здаецца, ён прыехаў зь сябрам. Але дзе цяпер сябра — ня ведаю.

— Чаму ён прыехаў на Майдан?

— Прыехаў ён на Майдан, таму што быў удзельнікам арганізацыі УНА-УНСО, і гэта агульнае распараджэньне — сабрацца ўсёй арганізацыі ў Кіеве, і таму ён прыехаў.

— Якія ў яго былі захапленьні, зацікаўленьні?

— Звычайныя. Цікавіўся вайсковай справай. Да таго як вымушаны быў выехаць, навучаўся ў вайсковым ліцэі. Падрыхтоўку праходзіў. Ён казаў, што быў вымушаны зьехаць, бо займаўся палітычнай дзейнасьцю перад выбарамі. Яны праводзілі ўсялякія расьсьледаваньні, выйшлі на яго сьлед і сказалі, што яму лепш выехаць, інакш засудзяць. Да турмы і сур’ёзнай адказнасьці. Пэўны час жыў у Данецку. Потым перабраўся ў Крывы Рог, потым у Белую Царкву, потым у Кіеў. І гэта быў яго апошні пункт. Зьвязаўся з УНА-УНСО. Займаўся страйкболам, і вайсковая справа яго цікавіла.

— У яго быў палітычны прытулак?

— Яму палітычнага прытулку не далі. Як яго пачалі лавіць, яму далі некалькі гадзін на зборы. І знаходзіўся тут пад іншымі дакумэнтамі. Ён быў у спэцвышуку, яго некалькі разоў затрымлівалі, але ў яго былі нейкія добрыя знаёмыя, то ён практычна заўжды выходзіў, яго выпускалі. Афіцыйнага прытулку не давалі. Арганізацыя дапамагала пазьней, калі ён ужо пражыў некалькі гадоў.

— Ці кантактаваў зь беларусамі?

— Рабіў фатаграфіі, быў актыўны. У яго быў украінскі дзяржаўны сьцяг. З хлопцам фатаграфаваліся, і ён прасіў кожнага зь якога-небудзь Данецку, Кіева, Харкава, і кожны, хто фатаграфаваўся зь ім — падпісваўся на сьцягу. Сьцяг — з подпісамі практычна з усіх гарадоў ад самых розных людзей. Таксама фатаграфаваўся зь беларускімі сьцягамі, і заўжды зь беларусамі сустракаўся. Абменьваўся кантактамі і гаварыў па-беларуску.

— Якім чынам яго падстрэлілі?

— Я ня быў, калі яго падстрэлілі. Толькі раніцай празь некалькі гадзін даведаўся, што такое адбылося. І пра дэталі ня меў часу даведацца.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG