Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У заходніх урадаў няма згоды па Ўкраіне


Агляд сусьветных СМІ пра забурэньні ў Кіеве.

Яшчэ нядаўна здавалася, што Віктару Януковічу ўдасца перачакаць буру, аднак украінскі прэзыдэнт умудрыўся адрадзіць і ўзмацніць пратэсты, правёўшы ў Вярхоўнай Радзе шэраг рэпрэсіўных законаў, гаворыцца ў рэдакцыйным артыкуле The Washington Post. «Магчыма, Януковіч нічога не разумее ва ўкраінскай палітыцы, хоць і ўзначальваў дзесяць гадоў адну з найбуйнейшых партый краіны», – піша выданьне, не выключаючы, што «ён вядзе гульню ня сам, а па ўказцы Пуціна».

Гэта ня першы раз, калі Януковіч дазволіў гаспадару Крамля быць яго «лялькаводам», нагадвае выданьне: у 2004 годзе ён быў кандыдатам на выбарах, якія расейскія сакрэтныя спэцслужбы спрабавалі сфальсыфікаваць гэтак жа, як у сябе дома. У выніку выбухнула «аранжавая рэвалюцыя».

Разгубленыя лідэры ЭЗ кінулі Ўкраіну ў той самы момант, калі ім варта дзейнічаць, каб спыніць рэпрэсіі Януковіча. Адміністрацыя Абамы была трохі больш актыўнай: Белы дом запатрабаваў ад прэзыдэнта адмяніць новыя законы і намякнуў на магчымасьць санкцыяў. «Вашынгтон таксама павінен прызнаць ролю Пуціна ў спробе навязаць сваю аўтакратычную мадэль дзяржаве, якая спрабавала стаць сапраўднай дэмакратыяй, і заклікаць яго да адказу», – піша The Washington Post.

Калі б «жалезная заслона» да гэтага часу існавала, яна праходзіла б праз Украіну, піша The Times. Урад краіны схіляецца да Масквы, а значная частка насельніцтва з надзеяй глядзіць на Захад.

На гэтым тыдні Віктар Юшчанка, папярэднік Віктара Януковіча на пасадзе прэзыдэнта, папярэдзіў пра небясьпеку грамадзянскай вайны. «Міжусобіцы на стыку тэктанічных пліт Эўропы стануць праблемай ня толькі для Ўкраіны; адна толькі верагоднасьць такога канфлікту ўжо павінна насьцярожыць заходнія сталіцы», – гаворыцца ў артыкуле.

Было б памылкай разглядаць Януковіча як тырана, якога падтрымлівае Расея, падкрэсьлівае выданьне: ён абраны народам, а значная частка правінцыйнага насельніцтва Ўкраіны ня надта падтрымлівае дэманстрантаў.

Прэзыдэнцкія выбары пройдуць у краіне ў наступным годзе, але ёсьць шмат аргумэнтаў на карысьць таго, каб правесьці іх датэрмінова. Аднак абяцаньне выбараў само па сабе ня вырашыць праблем Украіны, перакананыя аўтары рэдакцыйнага камэнтара. Януковіч павінен адмяніць забаронныя законы і прызнаць, што небясьпека таго, што лідэры апазыцыі ня змогуць стрымаць народны гнеў, рэальная. «Аранжавая рэвалюцыя», якая пазбавіла яго ўлады ў 2004 годзе, прыемна зьдзівіла тым, што была бяскроўнай. Магчыма, наступным разам яму і яго краіне ня так пашанцуе», – папярэджвае The Times.

У сувязі з працягам сутыкненьняў маніфэстантаў з паліцыяй у Кіеве міністры замежных спраў ЭЗ спрабуюць выпрацаваць адзіную пазыцыю, піша Le Monde.

Рознагалосьсі праявіліся яшчэ да саміту ў Вільні, вынікі якога выклікалі велізарнае расчараваньне ў прыхільнікаў асацыяванага сяброўства Ўкраіны ў ЭЗ. Пасьля прыняцьця ў Кіеве рэпрэсіўных законаў пытаньне аб санкцыях абвастрылася, і яно расколвае ЭЗ, працягвае карэспандэнт. Сутнасьць санкцый можа заключацца ў замарожваньні актываў і абмежаваньні іх свабоднага перамяшчэньня па кантынэнце – падобныя меры прынятыя ў дачыненьні да дзясяткаў беларускіх чыноўнікаў.

«Украінскія пратэстоўцы становяцца ўсё больш радыкальнымі», – паведамляюць карэспандэнты The Wall Street Journal. У аўторак дэманстранты ў масках і шлемах, размахваючы дубінкамі, залазілі на абгарэлыя аўтобусы і ганяліся за людзьмі, у якіх падазравалі правакатараў, дасланых рэжымам. Пратэсты супраць рашэньня прэзыдэнта Януковіча аддаліцца ад ЭЗ і зблізіцца з Расеяй перарасьлі ў анархічныя вулічныя баі.

«Чуткі пра правакатараў, якія нападаюць на апазыцыянэраў, пагоршылі атмасфэру гвалту ў Кіеве», – інфармуе Le Temps. 21 студзеня горад толькі і казаў, што пра «цітушак» – маладых граміл, якія ўсю ноч сеялі хаос вакол лягеру апазыцыі, каб дыскрэдытаваць пратэстоўцаў і апраўдаць аднаўленьне парадку, перадае Эмануэль Грыншпан.

«Увядзеньне надзвычайнага становішча можа прывесьці да кровапраліцьця, – перасьцерагае незалежны палітоляг Алег Вастрых. – У адным толькі Кіеве агнястрэльную зброю маюць прыкладна 400 тыс. чалавек. Далейшае залежыць ад лідэраў апазыцыі. Ці здольныя яны стрымаць пратэстоўцаў? Магчыма і тое , што ў выпадку сутыкненьняў кіраўнікі органаў правапарадку адмовяцца выконваць загады і пяройдуць на бок апазыцыі – пры ўмове, што ў яе шэрагах знойдзецца салідны суразмоўца».

Буйныя апэратары мабільнай сувязі адмаўляюць, што супрацоўнічаюць з урадам Украіны з мэтай шпіянажу за прысутнымі ў Кіеве, піша The Washington Times. Між тым па Ўкраіне «распаўсюджваюцца новыя хвалі паведамленьняў, што дэманстрантам дасылаюць СМС з пагрозамі».

У СМС абанэнту пішуць, што ён нібыта зарэгістраваны «як удзельнік масавых беспарадкаў». Як піша The Kyiv Post, паведамленьні былі атрыманыя абанэнтамі ў ноч з 21 на 22 студзеня на кіеўскай вуліцы, дзе адбываюцца сутыкненьні паміж прысутнымі і паліцыяй.

Паводле зьвестак Die Welt, у аўторак у Кіеве байцы сіл правапарадку выкарыстоўвалі сьвятло-шумавыя гранаты і зьнесьлі барыкады мітынгоўцаў, у той час як удзельнікі пратэстаў кідалі ў супрацоўнікаў міліцыі камяні і кактэйлі Молатава.

Кім насамрэч зьяўляюцца дэманстранты, схільныя да гвалту? Як мяркуецца, частка зь іх – радыкальна настроеныя фанаты кіеўскага ФК «Дынама», піша аўтар. Іншая група называе сябе «Правым сэктарам». Як заявіў СМІ яго прадстаўнік Ігар Загрэбельны, арганізацыя не адступіць да таго часу, пакуль прэзыдэнт Януковіч ня сыдзе ў адстаўку. Мяркуючы па поглядах, «Правы сэктар» дастаткова блізкі да партыі «Свабода», прадстаўленай ва ўкраінскім парлямэнце, гаворыцца ў артыкуле.

Што ж тычыцца трох апазыцыйных партый, то адзінства ў іх няма, канстатуе карэспандэнт. Калі лідэр «Свабоды» Алег Цягнібок выключае магчымасьць перамоваў з уладамі, то Віталь Клічко ў аўторак адправіўся ў рэзыдэнцыю прэзыдэнта ў прыгарадзе Кіева, але так і ня быў прыняты.

Расея не дапусьціць расколу суседняй Украіны, і, калі яе запросяць, будзе гатова выступіць пасярэднікам у канфлікце паміж удзельнікамі вулічнага пратэсту і кіраўніцтвам былой савецкай рэспублікі, заявіў у чацьвер міністар замежных спраў Сяргей Лаўроў, перадае The Los Angeles Times.

«Мы ўсё ж такі аддалі перавагу б, каб некаторыя нашы эўрапейскія калегі не вялі сябе так бесцырымонна ў сувязі з украінскім крызысам, калі безь якіх-небудзь запрашэньняў члены шэрагу эўрапейскіх урадаў рванулі на Майдан ( ... ) Менавіта гэта, дарэчы, падагравае сытуацыю», – адзначыў кіраўнік расейскага МЗС, гаворыцца ў аглядзе замежных СМІ у перакладзе INOPRESSA.
XS
SM
MD
LG