Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларус, забіты ў Кіеве, быў байцом УНА-УНСО


Забіты ў Кіеве беларус, паводле неафіцыйнай інфармацыі, — Жызьнеўскі Міхаіл Міхайлавіч. (Некаторыя кажуць, што ім ён называў сябе Аляксеем).

Паводле нашай інфармацыі, ён выехаў зь Беларусі, бо меў палітычныя праблемы на радзіме.

Ва Ўкраіне быў байцом нацыяналістычнай арганізацыі УНА-УНСО. Меў некалькі псэўданімаў. Яго характарызуюць як асобу «сьмелую і яскравую».

Знаёмы Жызьнеўскага Сяргей Драздоўскі: «Забіты падчас супрацьстаяньня на вуліцы Грушэўскага беларус — сябра УНА-УНСО Міхаіл па мянушцы Локі».

«Ён быў палітычным эмігрантам зь Беларусі. Пераехаў гады 4 назад і жыў у Белай Царкве. На радзіме засталіся яго бацькі і брат», — паведаміў нам сябар Міхаіла Аляксей Сямёнаў.

Хлопец быў у самаабароне Майдану, ахоўваў аб’екты Майдану. Сябры і знаёмыя кажуць, што ён быў адным з самых актыўных байцоў УНА-УНСО на Майдане:

«Гэта вельмі адказны і энэргічны чалавек, вельмі камунікабэльны, увесь час меў пазытыўны настрой».

Іншы хлопец паведамляе, што Жызьнеўскі жыў у Белай Царкве:

«Пра яго як пра чалавека можна сказаць вельмі шмат чаго добрага, ён мэтанакіраваны і ўпэўнены ў сабе, заўжды меў патрыятычныя погляды, захапляўся спортам. Найбольш яму падабаліся экстрэмальныя віды спорту».

Распавядаюць сябры і знаёмыя:


Аляксандар Панчанка: «Ён быў байцом УНА-УНСО, даволі сьмелая і яскравая асоба. Хоць я яго нядоўга ведаў, але ён пакінуў пасьля сябе добрыя ўспаміны.

Праз тое, што ён быў з УНСО, кантактаў не разгалошваў. Ведаю толькі, што ён родам з Гомеля і што там яго родныя. Апошні час жыў і працаваў у Кіеве і Белай Царкве».

«Ва УНСО яго ведалі як Аляксея, хоць найбольш называлі псэўданімам — Локі. Сапраўднага імя ён практычна нікому не казаў, таму ня ведаю, ці сапраўды яго звалі Міхаіл».

«Быў у самаабароне Майдану, ахове аб’ектаў Майдану, дапамагаў у працы УНСО на Майдане, таксама дзяжурыў у намётах, даваў інтэрвію журналістам. Быў адным з найактыўнейшых актывістаў УНСО на Майдане. Вельмі адказны і энэргічны чалавек, адрозьніваўся высокай камунікабэльнасьцю і ўвесь час меў добры настрой.

Віталь Лук’янчук: «Пражывае ў Белай Царкве. Пра яго як пра чалавека можна сказаць шмат чаго добрага. Ён мэтанакіраваны, упэўнены ў сабе, заўжды меў патрыятычныя погляды, захапляўся спортам. Найбольш яму падабаліся экстрэмальныя віды спорту...»

Аляксандар Панчанка: «Ён палітычны эмігрант зь Беларусі. Выехаў, калі яшчэ быў малады, здаецца, у 18 гадоў. Я цяпер не прыгадаю, чаму, але ён казаў — праз новы віток палітычнага ціску. Яму пагражала турма за ягоную дзейнасьць, таму ён і яшчэ адзін чалавек выехалі. На жаль, я так і не пагаварыў зь ім дэталёва на гэтую тэму».

УНА-УНСО прызнала сьмерць свайго байца


Прэс-служба РОО УНА паведамляе пра гібель свайго байца Олексія (Локкі). Па інфармацыі Радыё Свабода, гэта беларус з Гомеля Міхаіл Жызьнеўскі.

«На перадавой першыя страты УНСоўцаў... Сёньня загінуў адзін з найлепшых байцоў УНА. Сёньня да Валгалы адляцела душа воіна ўкраінскага народу — Аляксея (Локкі).

Вось баявая куля, якімі страляцюь на Грушэўскага. Такой куляй толькі што забілі майго Сябра Локкі...».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG