Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сэрбскі будаўнік у Сочы: «Тут страшна. Мы жывем без вады і электрычнасьці...»


Будаўнікі ў Сочы

Будаўнікі ў Сочы

«Усё, што мы хочам, гэта вярнуцца дадому, мы столькі дзён хаваліся ад паліцыі, і болей хавацца няма дзе», — сказаў карэспандэнту РС Мілан Ефціч з будоўлі ў Сочы, на якой працуе каля сотні рабочых з Сэрбіі.

Пасьля таго, як расейскія ўлады затрымалі ягоных калегаў без дазволу на працу, грамадзкасьць у Сэрбіі была ўражаная фактам, што на будоўлях у Расеі пры сумнеўных акалічнасьцях працуюць дзясяткі тысячаў людзей з Сэрбіі, якіх часта падманваюць і пакідаюць бяз платы.

21-гадовы Мілан Ефціч тры месяцы таму накіраваўся ў Сочы, дзе за абязаных дзевяць эўра за квадрат працаваў абліцоўшчыкам фасадаў на будынках, рыхтаваных для будучай зімовай алімпіяды. Замест 4500 эўра ён дагэтуль атрымаў толькі 700 і некалькі дзён таму чыста выпадкова пазьбегнуў затрыманьня, калі Фэдэральная служба міграцыі злавіла больш за трыццаць ягоных калегаў.

«Мы прыехалі працаваць у фірме „Олимпстрой“, але раптам гэтая фірма зьнікла. Ня ведаю, у чым справа. Цяпер засталіся толькі мы, чалавек дваццаць з пашпартамі на руках, бо не хацелі, каб нам афармлялі паперы, баючыся, каб нас не падманулі. Тры дні перад тым мы мусілі ўцякаць ад паліцыі, каб нас не затрымалі, хаваліся ў нейкіх завулках, па кавярнях, пасьля ледзь знайшлі сваю будоўлю. Пару чалавек пайшлі жыць у прыватнікаў, уцяклі з інтэрнату, дзе мы жылі».

Міланавы працоўныя пакуты, якія пачаліся пасьля ягоных уцёкаў з інтэрнату, дзе былі толькі чатыры сьцяны, без вады і электрычнасьці, дасягнулі кульмінацыі, калі расейскія ўлады праверылі будаўнікоў з Сэрбіі і выявілі, што тыя ня маюць патрэбных дазволаў на працу. Пасьля гэтай акцыі было выяўлена, што ў Сэрбіі каля пяцідзесяці агенцтваў набіраюць рабочых усіх профіляў для працы ў Расеі, пазьбягаюць афіцыйнай рэгістрацыі і не паважаюць законы.

Нелегальныя рабочыя з Сэрбіі вымушаныя цярпець у Расеі самыя розныя віды прымусу і шантажу. Мілан Ефціч кажа, што захаваў пашпарт пры сабе, хоць для працягу побыту ў Расеі мусіў часта з групай калегаў перасякаць граніцу.

«Кожны месяц нас вазілі на памежны пункт на мяжы з Абхазіяй — пярэйдзеш і адразу вернесься ў Расею. Тады маеш права заставацца яшчэ месяц. Першы і другі раз пашпарты нам вярнулі, але трэці раз шмат у каго забралі, проста не аддалі. Ня ведаю, што за людзі нас туды вазілі. Мы ўсё гэта цярпелі, працавалі ад сёмай гадзіны раніцы да позьняга вечара, пакуль не сьцямнее. Каго ні спытаеш пра плату, яны кажуць: „Денег нет“, не прайшла аплата, грошай няма, не прапусьцілі праз банк... Проста выдумляюць, і так пару месяцаў, мы не атрымалі ні граша».

Пакуль у дзяржаўных службах Сэрбіі разьбіраюцца з сумнеўнымі пасярэднікамі, прафсаюзы зьвяртаюць увагу на тое, што гаворка ідзе пра нелегальны бізнэс, у якім круцяцца мільёны эўра. Таму старшыня незалежнага прафсаюзу будаўнікоў Саша Сіміч сумняваецца, што гэта ўдасца ў найбліжэйшым часе спыніць:

«Тая эксплюатацыя сэрбскіх рабочых будзе працягвацца, бо ў 2018 годзе ў Расеі мае адбыцца чэмпіянат сьвету па футболе. Зноў будуць будавацца вялікія аб’екты, зноў будуць разьлічваць на нашых рабочых, бо яны найтаньнейшыя і найлепшыя спэцыялісты. Тыя, хто набірае іх у Расеі, атрымліваюць 16 эўра за кожнага рабочага, які туды прыедзе і зарэгіструецца на будоўлі. Нехта на гэтым добра зарабляе, і ў гэтым ключ праблемы».

Пакуль арганізатары нелегальнай працы за мяжою зграбаюць вялікія грошы, рабочыя мусяць цярпець усе цяжкасьці і нягоды. Мілан Ефціч, малады абліцоўшчык, праз тры месяцы невядомасьці і пакутаў на будоўлях Сочы марыць толькі пра тое, каб вырвацца адтуль:

«Тут страшна. Мы жывем без вады і электрычнасьці, нам усё павыключалі. Поўная катастрофа... Калі мы прыехалі, нам далі пакойчык, дзе не было нічога, толькі вокны. Добра, калі ўдасца здабыць абагравальнік, мы моцна мёрзьлі, калі на вуліцы было холадна. Гігіена на нулі. Прынясеш ваду ў вядры, набярэш каструлькай — вось табе й душ. Мне няма куды падзецца, ня ведаю што рабіць, калі мяне затрымаюць. Цяпер мне ня трэба ні грошай, ня трэба нічога, толькі каб вярнуўся дахаты жывы й здаровы...»

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG