Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Фатограф Сяргей Грыц: «Цэляцца па журналістах»

абноўлена

Сяргей Грыц
Сяргей Грыц

Вядомы беларускі фотакарэспандэнт, журналіст агенцтва Associated Press Сяргей Грыц у інтэрвію Радыё Свабода распавёў пра працу журналістаў пад кулямі, а таксама пра тое, як трэба паводзіць сябе ў гарачай кропцы, каб ня стаць лёгкай здабычай стралкоў.

— Вы раней бывалі з фотакамэрай у іншых гарачых кропках. Чым Майдан падобны да іх?

— Я бываў у падобных кропках у Маскве, у Баку, у Тбілісі. Адрозьненьняў амаль ніякіх: народ жадае жыць сваім жыцьцём, дзейная ўлада спрабуе гэтае жаданьне прыціснуць рознымі паліцэйскімі мэтадамі. Калі і ёсьць нейкае адрозьненьне паміж Масквой, Менскам, Тбілісі, Кіевам, то толькі ў колькасьці пратэстоўцаў, іхнай тактыцы і мэтадах, якія ўжывае ўлада, каб заціснуць пратэст. У адных краінах улада вычэквае, у другіх — жорстка падаўляе проста ў зародку, у трэціх — дае пратэсту магчымасьць разьвівацца да яго самастойнага затуханьня.

— Як пачуваецеся пасьля ўдару гумовай кулі?

— Я цяпер працую на вуліцы Грушэўскага, дзе з раніцы віравалі самыя гарачыя падзеі. Я зноў сюды вярнуўся. Пакуль, здаецца, ціха. Я сьведчу, што тыя міліцыянты, якія трымаюць вінтоўкі, цэляцца і страляюць менавіта па журналістах, фота- і відэаапэратарах. Я сам злавіў каптуром курткі гумовую кулю, добра, што са мной нічога ня здарылася, так, чапянула трохі. А вось мой калега Васіль Фядосенка атрымаў такую ж кулю проста ў лоб, яна трапіла акурат паміж абарончымі акулярамі і каскай. Ну, нічога, нічога. Ён цяпер у нармальным стане. Вядома, ён зьбянтэжыўся, таму што гэта вельмі балюча і ашаламляльна.
Куля трапляе ў Васіля Фядосенку

— Што адбываецца з тымі, у каго трапляюць гумовыя кулі і хто ня мае абарончай вопраткі?

— Я бачыў, як людзі курчацца ад болю, калі куля трапляе ў грудзі ці ў жывот. Яны курчацца і падаюць ад болю. Натуральна, што іх падымаюць і адводзяць убок да мэдыкаў, таму што гэта вельмі балюча і вельмі небясьпечна, асабліва калі куля трапляе ў твар.

— Як вы бароніцеся ад куляў?

— Я маю моцны спартовы шлем і бронекамізэльку. І стараюся сябе паводзіць так, каб ня стаць лёгкай здабычай для стралкоў: не паварочвацца да іх тварам, не стаяць на адным месцы, не падыходзіць блізка, не трымаць адкрыты твар, хавацца за якія-небудзь прадметы — слупы, тумбы, не падыходзіць у тыя месцы, дзе пратэстоўцы кідаюць бутэлькі і камяні ў міліцыянтаў, таму што гэта гэтае месца заўсёды пад абстрэлам.Таксама важна пастаянна кантраляваць позіркам міліцыянтаў, таму што яны лёгка мяняюць свае газавыя і сьветлавыя гранаты на звычайныя камяні.

— Ці дапамагаюць фотажурналісты адзін аднаму ў такой складанай сытуацыі?

— Увогуле, сюды навічкоў не адпраўляюць. Тут людзі спрактыкаваныя, дасьведчаныя. Але, напрыклад, сёньня я некалькім чалавекам параіў зьняць яркія аранжавыя камізэлькі з надпісам «Прэса». Таму што калі ў цемры стаіць маса пратэстоўцаў, то ў міліцыянтаў узьнікае вялікая спакуса вылічыць яркую аранжавую пляму і пульнуць. Я сьведчу пра тое, што яны выглядаюць у натоўпе менавіта журналістаў і страляюць па іх. Таму тут лепш адмовіцца ад гэтых камізэлек і паспрабаваць зьліцца з дэманстрантамі. А так у фатографаў і журналістаў няма часу дзяліцца досьведам і дапамагаць, кожны сам за сябе. Ну, калі каго параніць, дык выцягнем, ня кінем.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG