Лінкі ўнівэрсальнага доступу

За расстрэл дэманстрантаў адказваюць Януковіч і Захарчанка — украінская апазыцыя


Карныя органы перайшлі мяжу, гаворыцца ў заяве апазыцыйных сіл Украіны.

«Забойства мірных пікетоўцаў — гэта наступства беспакаранасьці выканаўцаў злачынстваў і эскаляцыі тэрору», — гаворыцца ў сумеснай заяве «Бацькаўшчыны», партыі «УДАР» і «Свабоды».

«Чатыры агнястрэльныя раненьні ў галаву і шыю ў аднаго з забітых — гэта не самаабарона, а наўмысны расстрэл мірных грамадзян. Непасрэдную адказнасьць за гэты акт тэрору дыктатуры супраць грамадзян нясе асабіста міністар унутраных спраў крывавы забойца Захарчанка», — гаворыцца ў заяве.

Толькі неадкладны вывад з Кіева спэцпадразьдзяленьняў МУС і ўнутраных войскаў, адстаўка міністра Захарчанкі, «на руках якіх кроў украінскіх грамадзян, і брыгад крымінальнікаў-„цітушак“, якія тэрарызуюць жыхароў гораду», можа спыніць перарастаньне канфлікту ў сьмяротную фазу, — гаворыцца ў заяве.

У апазыцыі адзначаюць, што ўсё, што будзе адбывацца зараз у краіне, «жыцьцё і бясьпека кожнага грамадзяніна і сьмерць пратэстоўца — гэта асабістая адказнасьць Віктара Януковіча, які на працягу двух месяцаў ігнараваў справядлівыя патрабаваньні мірнага пратэсту і сваімі намаганьнямі пераводзіць яго ў гарачую фазу. Толькі безумоўнае і неадкладнае выкананьне ўсіх патрабаваньняў народу зьяўляецца гарантыяй вяртаньня сытуацыі ў краіне ў мірнае рэчышча».

У міліцыі пацьвярджаюць сёньняшнюю гібель аднаго чалавека на вуліцы Грушэўскага. Відавочцы заяўляюць яшчэ пра дзьве сьмерці.

У міліцыі кажуць, што агнястрэльнай зброі ў цэнтры Кіева не ўжываюць.

Прэм’ер Мікалай Азараў, адкрываючы сёньняшняе пасяджэньне ўраду, адказнасьць за падзеі ў Кіеве усклаў на апазыцыю. «Гэтыя бандыцкія дзеяньні — прамое наступства падбухторваньня і заклікаў да дэстабілізацыі сытуацыі ў Украіне, якімі ўвесь апошні час займаліся лідэры так званай апазыцыі», — сказаў Азараў.
XS
SM
MD
LG