Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Журналіст распавёў, якія пытаньні да Лукашэнкі не прапусьціла цэнзура

абноўлена

Алесь Ліпай
Алесь Ліпай

«Парэзалі толькі мае пытаньні, а таксама значную частку адказаў Аляксандра Лукашэнкі, – распавёў Свабодзе дырэктар кампаніі БелаПАН Алесь Ліпай.

21 студзеня Аляксандар Лукашэнка правёў у Палацы незалежнасьці сустрэчу з кіраўнікамі 11 беларускіх мэдыяў. Сустрэча доўжылася амаль 5 гадзінаў. Беларускае тэлебачаньне паказала паўтарагадзінную трансьляцыю.


ЖЫВЫ БЛОГ >>


Алесь Ліпай распавёў Радыё Свабода, што не паказала БТ з сустрэчы прэзыдэнта з кіраўнікамі СМІ:

«Фактычна выразалі маё пытаньне, ці будуць падпадаць пад амністыю палітычныя зьняволеныя. Я канкрэтна прывёў прыклад Статкевіча і Бяляцкага і патлумачыў, чаму я лічу, што яны мусяць быць вызваленыя.

Не паказалі і ягоны адказ, дзе ён даў даручэньне Радзькову праверыць маю інфармацыю пра выплату за кошт грамадзкіх ахвяраваньняў стратаў, якія, паводле суду, былі нанесеныя Бяляцкім дзяржаве. І калі гэта сапраўды так, сказаў Лукашэнка, то трэба будзе чалавека вызваляць.

Таксама не паказалі адказ Аляксандра Лукашэнкі пра тое, што Статкевіч можа проста напісаць прашэньне пра памілаваньне, не прызнаючы сваю віну, і ў адпаведнасьці зь дзейным парадкам гэтае пытаньне будзе разгледжана.




Даволі сур'ёзна парэзанае маё пытаньне пра беларускую мову. Я гаварыў пра тое, што яна набывае папулярнасьць цяпер у грамадзтве. І не дзякуючы дзяржаве, а дзякуючы грамадзкім ініцыятывам. Прывёў прыклады курсаў «Мова ці кава» і «Мова нанова». Прывёў прыклад, як зарэгістраваная арганізацыя – Таварыства беларускай мовы – мусіла зьбіраць ахвяраваньні, каб заплаціць за офіс. І прапанаваў ужо другі раз яму ўвесьці практыку дзяржаўных грантаў для арганізацый, якія спрыяюць разьвіцьцю беларускай мовы.

Фактычна ён даў даручэньне Радзькову разгледзець гэтае пытаньне. Сам сказаў, што станоўча ставіцца да беларускай мовы і хоча, каб на ёй гаварылі можа нават больш, чым я. Дарэчы, ягоны адказ на гэтае пытаньне таксама сур'ёзна парэзалі. А з таго, што паказалі, было даручэньне Радзькову разгледзець варыянт адкрыцьця курсаў беларускай мовы пры інстытутах і ўнівэрсытэтах».

Алесь Ліпай упэўнены, што ісьці на сустрэчу было варта:

«Трэба чалавеку гаварыць пра тое, што існуюць іншыя меркаваньні ў беларускім грамадзтве. Нягледзячы на тое, што Павал Якубовіч узьняў пытаньне пра палітычных зьняволеных, я гэтае пытаньне канкрэтызаваў, гаварыў пра канкрэтных людзей. Я атрымаў ад яго фактычна гарантыю таго, што пытаньне аб іх вызваленьні будзе разгледзенае. Я спадзяюся, што гэта сапраўды так. Бо ўтрымліваць іх за кратамі ня мае для яго палітычнага сэнсу, і нават шкодзіць беларускай дзяржаве.

На пытаньне, ці не хвалюецца ён, што ўдзел недзяржаўнага СМІ ў такога кшталту мерапрыемстве будзе выкарыстаны беларускімі ўладамі ў прапагандысцкіх мэтах, Алесь Ліпай адказаў наступнае:

«Хутчэй я выкарыстаю ў прапагандысцкіх мэтах тое, што мяне парэзалі, што была цэнзура. А канкрэтна — у мэтах прапаганды праўды таго, што насамрэч адбылося і што мне насамрэч паабяцалі».

Камэнтуючы свае асабістыя ўражаньні ад сустрэчы, Алесь Ліпай кажа:

«Я адчуў, што ў Лукашэнкі зараз лепшае стаўленьне да беларускай мовы, і тут магчымыя зрухі да лепшага з боку беларускай дзяржавы.

Я таксама хацеў бы спадзявацца, што ўзьнятыя мною пытаньні пра Статкевіча і Бяляцкага, нягледзячы на тое, што яны выразаныя, усё ж будуць неяк прасоўвацца да вызваленьня гэтых людзей.

Я не лічу сябе героем і не перабольшваю тое, што там было зроблена, але я лічу, што зараз самая маленькая роля на карысьць іхнага вызваленьня вельмі важная».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG