Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Маці памерлай Юлі Кубаравай абвінаваціла сьведку ў хлусьні


Ала Кубарава
Ала Кубарава

На працэсе ў Кастрычніцкім судзе Менска, дзе судзяць лекараў «Экамэдсэрвіса», заканчваецца допыт сьведак.

21 студзеня падчас допыту сьведкі Ірыны Нямухінай, былой мэдычнай сястры анэстэзіёляга Аляксандра Шурава, зь нечаканай заявай зьвярнулася да суду маці памерлай Юлі Кубаравай.

Ала Кубарава зьвінаваціла Ірыну Нямухіну ў тым, што тая нібыта хлусіць, калі сьцьвярджае ў сваіх паказаньнях, што гэта яна падчас апэрацыі над Юляй Кубаравай, калі нечакана скончыўся кісларод, выходзіла з апэрацыйнай, каб зьвярнуцца да інжынэраў «Экамэдсэрвіса» і вырашыць праблему з кіслародам. «Гэта былі ня вы, а іншая мэдычная сястра, Тацяна Бандарэнка. Мы з мужам сядзелі ў калідоры, калі яна прабегла побач. А вас я ня памятаю», – заявіла Ала Кубарава. Ірына Нямухіна, між тым, працягвала настойваць на сваіх ранейшых паказаньнях.

Абаронца пацярпелых таксама абвінаваціў Ірыну Нямухіну ў непраўдзівых паказаньнях і праінфармаваў суд, што будзе дамагацца, каб яе прыцягнулі да крымінальнай адказнасьці. Адвакат спасылаўся на паказаньні іншых сьведак, якія значна разыходзіліся з тым, што паведаміла суду пра абставіны апэрацыі над Юляй Кубаравай сьведка Ірына Нямухіна.

Пасьля допыту другой сьведкі, мэдычнай сястры Тацяны Бандарэнкі, якая дапамагала падчас апэрацыі хірургу Віктару Серабро, таксама ўзьнікла шмат пытаньняў адносна сумленнасьці сьведкі. У выніку суд зачытаў паказаньні Тацяны Бандарэнкі, якія яна давала падчас сьледзтва. У гэтых паказаньнях шмат якія абставіны адрозьніваліся ад таго, што сказала сьведка ў судзе. У прыватнасьці, іншымі былі паказаньні адносна таго, ці прагучаў на апараце сыгнал трывогі, а таксама сьведка ўвогуле не казала пра тое, што яе калега Ірына Нямухіна выходзіла з апэрацыйнага пакоя, каб вырашыць праблему з кіслародам. Разыходжаньні сьведка Тацяна Бандарэнка патлумачыла суду тым, што пра некаторыя абставіны забыла.

Абедзьве сьведкі, Бандарэнка і Нямухіна, працягваюць сьцьвярджаць, што падчас апэрацыі над Юляй Кубаравай нечакана зьнік кісларод.

Анэстэзіёляг Аляксандар Шураў, якога абвінавачваюць у службовай нядбайнасьці, мяркуе, што менавіта гэтае зьнікненьне кіслароду ў цэнтралізаванай сыстэме, а ня дробныя няспраўнасьці апарату штучнай вэнтыляцыі лёгкіх, прывяло да адключэньня апарату падчас апэрацыі больш як на 45 хвілін. Праз 4 тыдні пасьля гэтага 23-гадовая Юля Кубарава памерла, гэтак і не прыйшоўшы ў прытомнасьць.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG