Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навошта Лукашэнку спатрэбіўся кулюарны дыялёг?


Аляксандар Лукашэнка, архіўнае фота

Аляксандар Лукашэнка, архіўнае фота

Аляксандр Лукашэнка правёў сустрэчу з кіраўнікамі беларускіх мэдыяў. Чаму ён зьмяніў традыцыйны фармат выступу перад журналістамі? Які галоўны мэсыдж ягонага пасланьня?

Удзельнікі: палітычны аглядальнік нашага радыё Віталь Цыганкоў і кіраўнік аналітычных праектаў кампаніі БелаПАН Аляксандар Класкоўскі.


Пра фармат сустрэчы


Валер Карбалевіч: «Ужо некалькі гадоў у пачатку новага году Лукашэнка ладзіў вялікую прэсавую канфэрэнцыю для мэдыяў. На іх запрашаліся журналісты незалежных СМІ. Звычайна гэтае мерапрыемства трансьлявалася праз радёэлектронныя мэдыі. Мінулым годам дзяржаўныя СМІ з захапленьнем камэнтавалі, як спрытна Лукашэнка пасадзіў у лужыну незалежных журналістаў. Калі такі добры прапагандысцкі досьвед, то лягічна было б чакаць, што і сёлета такая традыцыя будзе працягнута.

Аднак гэтым разам фармат сустрэчы Лукашэнкі з мэдыямі радыкальна памяняўся, стаў кулюарным. Да яго запрошаны толькі кіраўнікі СМІ: 6 кіраўнікоў дзяржаўных мэдыяў і 3 — недзяржаўных. Гэтым разам няма ніякай прамой трансьляцыі па радыёэлектронных СМІ. Сам Лукашэнка паспрабаваў патлумачыць зьмену фармату, але неяк няўцямна. Чаму, на ваш погляд, памяняўся фармат сустрэчы Лукашэнкі з мэдыямі?

Віталь Цыганкоў

Віталь Цыганкоў

Віталь Цыганкоў: «Фармат сустрэчы зьвязаны з тымі задачамі, якія Лукашэнка ставіў перад сабой. Ён не хацеў рабіць канфліктнай прэсавай канфэрэнцыі з вострымі пытаньнямі. Яму патрэбная была кулюарная сустрэча ў форме нейкага нібыта дыялёгу з галоўнымі рэдактарамі. Хоць і былі запрошаныя кіраўнікі незалежных мэдыяў, але тыя, якіх можна назваць „узважанымі“. Гэта БелаПАН, Tut.by, „Прэсбол“. Але не запрасілі адкрыта апазыцыйныя мэдыі, такія, напрыклад, як „Наша ніва“, „Народная воля“ ці „Эўрарадыё“. Магчыма, ён ужо не вытрымлівае доўгіх прэсавых канфэрэнцый з рэзкімі пытаньнямі. Бо там часам ён зрываецца. А яму цяпер патрэбныя прадказальныя вынікі».

Аляксандар Класкоўскі

Аляксандар Класкоўскі

Аляксандар Класкоўскі: «Па-першае, гэта не такі ўжо рэвалюцыйны фармат. Памятаю, у 2001 годзе я сам удзельнічаў у такой камэрнай сустрэчы. Пасьля, праўда, мяне перасталі запрашаць. Колькі гадоў таму Лукашэнка сустракаўся з кіраўнікамі толькі дзяржаўных мэдыяў.

Цяпер Лукашэнка зноў перайшоў на такі камэрны фармат па некалькіх прычынах. Калі ідзе наўпроставая трансьляцыя, то бываюць ня вельмі ўдалыя экспромты. А сытуацыя такая, што ня варта казаць нешта лішняе, бо так званая „пятая калёна“ пачне зьдзеквацца. А цяпер ёсьць выбухованебясьпечныя тэмы: дэвальвацыя і іншае. Таму і вырашылі падстрахавацца.

І яшчэ. Лукашэнка спачатку падкрэсьліў, што ня хоча быць мэнтарам. І такім чынам хітра ангажаваў кіраўнікоў мэдыяў, у тым ліку недзяржаўных, нэўтралізаваў іх. Бо калі іх запрашаюць канструктыўна паразважаць пра будучыню краіны, то пікіроўка не зусім дарэчы».


Галоўны сэнс выказваньняў Лукашэнкі


Карбалевіч: «Цяпер давайце пагаворым пра зьмест гэтай прэсавай канфэрэнцыі. Які галоўны мэсыдж даслаў Лукашэнка грамадзтву? Які галоўны сэнс ягонага пасланьня?»

Цыганкоў: «Тыя ж самыя матывы, якія дыктавалі фармат мерапрыемства, уплывалі і на яго зьмест. То бок, ён хацеў улагодзіць сытуацыю, паказаць, што цяпер патрэбная згода ў грамадзтве, што ўсё нармальна, крызісу няма, што ўсё пад кантролем, а будзе яшчэ лепш.
Ён не падставіўся. Але ён ухіліўся ад самых галоўных тэм у эканоміцы

У адрозьненьні ад ранейшых падобных выступаў, цяпер мы ня ўбачылі вострых выказваньняў. Ён не падставіўся. Але ён ухіліўся ад самых галоўных тэм у эканоміцы. Ён не казаў пра цяжкую сытуацыю са збытам тавараў, ня згадваў, што на многіх прадпрыемствах палову месяца адпачывалі, што ў канцы мінулага году зьмяншаліся заробкі. Як з гэтай сытуацыі выходзіць, Лукашэнка не сказаў.

Яшчэ адзін цікавы момант. Паводле ягонай заявы, Лукашэнка, нібыта, ня ведаў, што за Алеся Бяляцкага кампэнсавалі шкоду, якая была ўстаноўлена судом. І сказаў, што разгледзіць гэтае пытаньне. Гэты пасаж я разглядаю як падрыхтоўку да магчымага вызваленьня Бяляцкага напярэдадні Чэмпіянату сьвету па хакеі».

Класкоўскі: «Цераз галовы журналістаў Лукашэнка зьвяртаўся да электарату з мэсыджам: „Ня бойцеся, абвалу ня будзе“. Яму, напэўна, дакладаюць лічбы незалежнай сацыялёгіі. Таму ён ведае, што нарастаюць трывожныя настроі ў грамадзтве, падае ягоны рэйтынг, людзі баяцца дэвальвацыі. Таму ён даводзіць, што ўсё кантралюе. І хва́ліцца, як ён дабіваецца замежных крэдытаў. То бок гучалі заспакаяльныя матывы.

Іншая рэч, што адмыслоўцы ўсё гэта ў пух разаб’юць. Напрыклад, нельга звальваць эканамічныя праблемы толькі на „калійную вайну“. Але ў нас дэфіцыт замежнага гандлю існуе ўжо цэлае дзесяцігодзьдзе. То бок, гаворку трэба весьці пра хібы самой эканамічнай мадэлі. Але пра гэта, пра структурныя рэформы, ён не казаў. Толькі ўзгадаў пра кропкавую мадэрнізацыю. Не за гарамі прэзыдэнцкія выбары, і палохаць электарат узрушэньнямі ён ня хоча. Стаўка робіцца на тое, каб перахапіць крэдытаў у кагосьці. Нібыта кітайцы нам могуць даць пад невялікі працэнт і г. д.».
  • 16x9 Image

    Валер Карбалевіч

    Нарадзіўся ў 1955 годзе. Скончыў гістфак БДУ, кандыдат гістарычных навук, дацэнт. Палітычны аглядальнік «Радыё Свабода».

     

     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG