Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ужо сёньня, 22 студзеня: пачатак паўстаньня Каліноўскага, Дзень свабоды ва Ўкраіне, Раманюк у філярмоніі


Падзеі і даты гэтага дня ў Беларусі, сьвеце, гісторыі.

ПАДЗЕІ ДНЯ:

На вялікай сцэне Белдзяржфілярмоніі – прэм’ера музычна-драматычнага спэктаклю «Вандроўнік». Аўтар і рэжысэр-пастаноўшчык Ларыса Сімаковіч свой новы твор прысьвяціла 70-м угодкам беларускага мастацтвазнаўцы і этнографа Міхася Раманюка (1944–1997).

Менск. Трэнінг па назіраньні за выбарамі адбудзецца ў цэнтральным офісе АГП. Адрас: вул. В. Харужай, 22-1701 (17 паверх). Пачатак у 19.00.

У Менску ўганаруюць пераможцаў конкурсу «Брэнд году». Месца правядзеньня – «Прэзыдэнт-Гатэль» (вул. Кірава, 18).

Прэзэнтацыя рамана Валерыя Гапеева «Праклён». Кнігарня «ЛогвінаЎ», 19:00.

Горадня: Прэзэнтацыя альманаху «Новы замак» у абласной навуковай бібліятэцы імя Я.Карскага (у Новым замку). Пачатак у 16.00. Уваход вольны.

Давос. Пачатак Міжнароднага эканамічнага форуму.

ТАКСАМА Ў ГЭТЫ ДЗЕНЬ

1863 – пачалося паўстаньне Кастуся Каліноўскага.

Ва Ўкраіне адзначаюць дату ўтварэньня адзінай дзяржавы – Дзень саборнасьці і свабоды. У 1919 годзе ў Кіеве было абвешчана пра ўзьяднаньне заходніх і ўсходніх украінскіх земляў.

1944 – кіраўнік нямецкай акупацыйнай улады ў Беларусі гаўляйтэр Готбэрг зацьвердзіў склад Беларускай Цэнтральнай Рады. Стварыў БЦР былы дырэктар Віленскай беларускай гімназіі Радаслаў Астроўскі. Новая Рада з 14 чалавек мелася быць беларускім урадам пад немцамі. Але пры тым БЦР фактычна ня мела паўнамоцтваў.

1980 – расейскі акадэмік дысыдэнт Андрэй Сахараў быў сасланы ў горад Горкі (цяперашні Ніжні Ноўгарад). Перад гэтым за свой пратэст супраць увядзеньня расейскіх войскаў у Афганістан Сахараў быў пазбаўлены ўсіх званьняў і ўзнагарод.

У гэты дзень нарадзіліся:

1890 – Ільдэфонс Бобіч, беларускі тэоляг і пісьменьнік.

1906 – паэт Андрэй Александровіч, адзін з арганізатараў аб’яднаньня «Маладняк».

У гэты дзень памерлі:

1978 – Алесь Салавей, беларускі паэт.

2001 – Уладзіслаў Чарняўскі, беларускі каталіцкі сьвятар.

ЦЫТАТА НА ПАМЯЦЬ:

Хто адгадае і хто адкажа, –
Пакуль маўчыць народ,
Якая праўда на сэрца ляжа
Мне праз тысячу год?
Адно толькі знаю: Бог нас пакінуў.
Страшней пятлі і турмы,
Калі мы ўсё яшчэ не краіна:
Той край, то ўскраіна мы.
Адно толькі знаю: паўстаць за волю –
Сваю – павінен народ.
Іначай вольным ня быць ніколі.
Рэкі ўзрываюць лёд.
Шляхі не купляюць за пяць капеек –
Бяруць іх жыцьцём сваім,
Бунт не на плошчы – у сэрцы сьпее
I памірае ў ім.
Пакуль застаецца з нашага стану
Хоць бы адзін жывы,
To не лічыце справу прайгранай.
Народ прад’явіць правы.

«Разьвітаньне Каліноўскага». Васіль Зуёнак
XS
SM
MD
LG