Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як хакейны чэмпіянат з «чырвона-блакітнага» стаў «блакітна-чырвона-зялёным»


Першапачаткова ўсю прадукцыю да чэмпіянату сьвету плянавалі аздабляць у блакітным і чырвоным колерах, але пасьля зьявілася спалучэньне блакітны-чырвоны-зялёны.

Свабода пагутарыла з дызайнэрам Віталём. Ён уваходзіць у групу рэклямшчыкаў і дызайнэраў, якая выйграла конкурс на графічнае аздабленьне менскага Чэмпіянату сьвету па хакеі.

Віталь распавёў Свабодзе, што першапачаткова ўсю прадукцыю да чэмпіянату сьвету плянавалі аздабляць у блакітным і чырвоным колерах, але пасьля зьявілася спалучэньне блакітны-чырвоны-зялёны.

«Зубар „Волат“, па-мойму быў распрацаваны ў 2011-м годзе. У нашай працы ён быў як дадзенасьць. Канцэпцыя аздабленьня простая і зразумелая: сьвята для ўсіх. Канцэпцыя сьвята трансфармуецца на ўсіх носьбітах. На квітках будзе напісана „сьвята ў тваіх руках“ і „запрашэньне на сьвята“, на расьцяжках будзе напісана, прыкладам, „да сьвята — 1000 мэтраў“, на транспарце будзе напісана „маршрут сьвята“. Усе гэтыя матэрыялы гатовыя, але ня ўсе яшчэ ва ўжытку», — кажа дызайнэр.

«Паколькі хакей на лёдзе, зьявіліся крышталі. У крышталях лёду адлюстроўваецца сьвята — вось такі графічны ход. Прысутнічае блакітны колер, бо блакітны — гэта колер герба і сьцяга Менску. Першапачаткова былі толькі чырвоны і блакітны колеры, а зялёны зьявіўся пазьней... пасьля дапрацоўкі», — раскрывае сакрэт дызайнэр.

Яшчэ адна дэталь: «Эскізы былі зробленыя і перададзеныя ў Менскі гарвыканкам. І „горад“ іх неяк па-свойму выкарыстоўвае. Прыкладам, на аздабленьне навагодніх ялінак. Тут для мяне таксама было шмат сюрпрызаў...»

Віталь кажа, што ўся прадукцыя зробленая ў трох варыянтах: на беларускай, ангельскай і расейскай мовах.
Вытворцы і дзялкі лепяць эмблемы чэмпіянату на такія прадметы, што «проста жах бярэ»...

На заўвагу Радыё Свабода, што на вуліцах Менску можна пабачыць білборды са спалучэньнем беларускай і ангельскай моваў, а таксама расейска-ангельскія, але няма беларуска-расейскіх выяваў, дызайнэр кажа: «Гэта домыслы. Ніякай надуманасьці тут няма».

Бірулькі, вымпелы, значкі, нататнікі, білборды, сувэнірныя сподачкі, магніты на лядоўню, ільняныя сурвэткі, майкі, заплечнікі і сувэнірныя клюшкі са шкла... Віталь кажа, што група распрацоўшчыкаў да ўсёй гэтай прадукцыі ня мае ніякага дачыненьня.

«Магніцікі — гэта асобная гісторыя. Як толькі мы аддалі гатовы прадукт, сталі зьяўляцца нейкія незразумелыя левыя магніты. Гэта нейкія „неафіцыйныя“ магніты. Стыль быў выкарыстаны невядома кім. Відаць, ініцыятыва вытворцаў — ляпнуць лягатып на сваю прадукцыю. Прадукцыя саматужнай вытворчасьці — поўны жах. І ўсё гэта трапіла ў продаж», — абураецца дызайнэр Віталь.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG