Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Паміж Эўразьвязам і менскім сябрам Сэрбія абірае Эўразьвяз, — Чавусаў


21 студзеня ў Брусэлі пачаліся перамовы пра ўступленьне Сэрбіі ў Эўразьвяз.

Адно з асноўных пытаньняў, якія абмяркоўваюць міністар замежных спраў Грэцыі і камісар Эўразьвязу Штэфан Фюле, якія прадстаўляюць Эўразьвяз, і прэм’ер-міністар Сэрбіі Івіца Дачыч разам са сваім першым намесьнікам Аляксандрам Вучычам, — гэта пытаньне Паўночнага Косава.

Рашэньне пра старт першага раўнду перамоваў з Сэрбіяй было прынята яшчэ на саміце ЭЗ у чэрвені 2013 году.

Палітоляг Юры Чавусаў лічыць, што пачатак перамоваў ня трэба разглядаць як разрыў стасункаў з афіцыйным Менскам, бо гэтыя стасункі ўжо даўно носяць толькі сымбалічны характар:

«У межах палітычнага курсу, які афіцыйны Бялград вядзе з часоў падзеньня рэжыму Мілошавіча, ніякага сяброўства афіцыйнага Менску зь Бялградам не было. Сэрбія моцна трымае курс на інтэграцыю ў Эўразьвяз і нават далучылася да санкцыяў Эўразьвязу ў дачыненьні да Беларусі».

Аднак, на погляд экспэрта, у сэрбскай палітыцы застаюцца сілы, які маюць пэўныя сантымэнты да беларускага рэжыму. Гэта выявілася ў візыце прэзыдэнта краіны ў Беларусь у 2013 годзе, а таксама ў асуджэньні санкцыяў Эўразьвязу супраць Беларусі з боку сэрбскай амбасады:

Юры Чавусаў

Юры Чавусаў

«На сэрбскай палітычнай сцэне ёсьць сілы, якія, з аднаго боку, падтрымліваюць інтэграцыю ў Эўразьвяз, зь іншага — маюць пэўныя сантымэнты да рэжыму Лукашэнкі. Тут можна прыгадаць мінулагодні візыт сэрбскага прэзыдэнта Нікаліча ў Менск, калі ўзьнікла дзіўная сытуацыя: краіна, якая выкарыстоўвае пэрсанальныя санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі, — і яе прэзыдэнт, які ў Беларусі вітаецца як вялікі сябар. Таму тут ёсьць асабісты складнік сэрбскай палітыкі. Спадар Нікаліч не хавае крытычнага стаўленьня да палітыкі санкцыяў, былі афіцыйныя заявы сэрбскага амбасадара адносна таго, што палітыка санкцыяў — кепская палітыка Эўразьвязу ў дачыненьні да Беларусі. Але выглядае, што пакуль што гэта не выходзіць за межы сантымэнтальных заяваў. Калі трэба выбраць — Эўразьвяз ці менскі сябар, Сэрбія выбірае, вядома, інтэграцыю ў Эўразьвяз», — адзначыў экспэрт.

Разам з тым Юры Чавусаў адзначыў, што канчатковае ўваходжаньне Сэрбіі ў Эўразьвяз — справа далёкай будучыні: магчыма, дзясяткаў гадоў:

«Тут выглядае, што беларускі бок хацеў бы мець у асобе Сэрбіі, у тым ліку інтэграванай у Эўразьвяз, яшчэ аднаго лабіста сваіх інтарэсаў у Эўразьвязе. Але ў любым разе ўваходжаньне Сэрбіі ў Эўразьвяз — гэта далёкая пэрспэктыва. У тым статусе, які цяпер атрымала Сэрбія, статусе краіны-кандыдата, якая вядзе перамовы, яна можа знаходзіцца вельмі доўга, таму што косаўская праблема патрабуе грунтоўнага вырашэньня. І, напрыклад, Турцыя ў такім статусе знаходзіцца дзесяцігодзьдзямі».
XS
SM
MD
LG