Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЦВК скасавала рэгістрацыю ініцыятыўнай групы Уласевіча


Мікалай Уласевіч
Мікалай Уласевіч

Цэнтральная выбарчая камісія на сёньняшнім паседжаньні скасавала рашэньне Астравецкай раённай камісіі аб рэгістрацыі ініцыятыўнай групы кандыдата ў дэпутаты райсавета актывіста Аб’яднанай грамадзянскай партыі Мікалая Ўласевіча.

Гэтае рашэньне было прынятае на падставе таго, што раённая камісія не ўлічыла памылкі, якую зрабіў патэнцыйны кандыдат у дэпутаты. Ён падаў дакумэнты аб рэгістрацыі сваёй ініцыятыўнай групы адразу па дзьвюх акругах. Як патлумачыла старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына, такое права існавала да 8 сьнежня мінулага году, калі ўступілі ў сілу папраўкі і зьмены да Выбарчага кодэксу. Цяпер яно ня дзейнічае.

Мікалай Уласевіч у сваім выступе сказаў, што раённая камісія, на ягоны погляд, паступіла адпаведна з духам і літарай закона, а сваё рашэньне зарэгістраваць камісіі адразу па двух акругах ён патлумачыў тым, што хацеў даведацца, дзе яго шанцы на абраньне будуць больш высокімі, і менавіта ў той акрузе пасьля зарэгістравацца кандыдатам у дэпутаты.

Уласевіч зарэгістраваў дзьве ініцыятыўныя групы па збору подпісаў на вылучэньне ў раённы Савет па 3-й і 15-й акрузе. Учора ён атрымаў пасьведчаньні для сябраў ініцыятыўных груп, а пазьней тэлеграму з ЦВК аб тым, што ягонае пытаньне падлягае перагляду.

Довады Уласевіча аб тым, што ініцыятыўныя групы рэгістраваў ня ён, а сябры Астравецкай раённай камісіі, не былі прынятыя да ведама.

Уласевіч: «Мне патлумачылі, што няведаньне закону не зьнімае зь мяне адказнасьці, маўляў, вы вінаватыя ня ў першую чаргу, болей тыя, хто ў раённай камісіі, але разам з тым і я павінен несьці адказнасьць за тое, што ня ведаў закона і падаў на рэгістрацыю дзьве ініцыятыўныя групы».

Гарадзенскі праваабаронца і назіральнік за выбарамі Раман Юргель, камэнтуючы сытуацыю, зьвяртае ўвагу на тое, што старшыня Астравецкай раённай камісіі павінен быць адхілены з гэтай пасады, паколькі на ім ляжыць адказнасьць за прыняцьце дакумэнтаў і рэгістрацыю дзьвюх ініцыятыўных групаў Уласевіча.

Праўда, Юргель сам зазначае, што ў нашых умовах такое немагчыма:

«Сябры выбарчых камісій нават ня ведаюць выбарчага заканадаўства — гэта відавочна. Яны проста адседжваюць там свой час, паказваючы асабістую ляяльнасьць да ўладаў. Паводле заканадаўства за такія ўчынкі іх можна адсунуць ад гэтых пасадаў, але на гэта ніхто ня пойдзе, бо выкананьне законаў нікому непатрэбна. Яны надалей будуць лічыць галасы так, як гэта робіцца на працягу 20 гадоў».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG