Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Евроторг» прайграў справу супраць Карагіна


Уладзімер Карагін

Уладзімер Карагін

Суд Фрунзэнскага раёну Менску адмовіў ТАА «Евроторг» (гандлёвая марка «Евроопт») у задавальненьні пазову аб абароне дзелавой рэпутацыі, заяўленай да Ўладзімера Карагіна, старшыні Менскага сталічнага саюзу прадпрымальнікаў і працадаўцаў. Падчас аднаго зь мерапрыемстваў з удзелам прэсы Карагін, на думку прадстаўнікоў кампаніі, фактычна абвінаваціў ТАА «Евроторг» у тым, што яно дзейнічае супольна з рэйдэрамі.

У канцы мінулага году кампанія падала ў суд пазоў аб нанясеньні шкоды дзелавой рэпутацыі. На адным з судовых паседжаньняў было пастаноўлена далучыць да справы ў якасьці суадказчыкаў інтэрнэт-рэсурсы, якія апублікавалі выказваньні Ўладзімера Карагіна.

«Я чакаў, што рашэньне такое і будзе. Таму я не скачу ад радасьці. Наадварот, я вельмі заклапочаны, таму што сам судовы працэс, у якім, трэба адзначыць, годна паводзілі сябе ўсе гульцы, паказаў вялікія прабелы ў беларускім заканадаўстве. Таму нам, дзелавой супольнасьці, трэба працаваць разам са сродкамі масавай інфармацыі і вучыцца гаварыць у адзін голас, ствараючы ініцыятыву па ўдасканаленьні беларускага заканадаўства», — адзначыў Уладзімер Карагін.

Старшыня Менскага сталічнага саюзу прадпрымальнікаў і працадаўцаў заявіў, што плянуе чарговы круглы стол па пытаньнях супрацьдзеяньня рэйдэрству. Але спачатку трэба прааналізаваць праблемы, якія выявіліся падчас гэтага судовага працэсу:

«Нам трэба яшчэ нейкі час усё аналізаваць. Цяпер мы бачым шмат праблемаў — і ў заканадаўстве, і ў практыцы яго прымяненьня. Таму што няма гарантыі бясьпекі для тых, хто выказвае сваю думку, распаўсюджвае інфармацыю. Мы і надалей будзем праводзіць круглыя сталы, прысьвечаныя супрацьдзеяньню рэйдэрству. Але спачатку, напэўна, трэба будзе правесьці некалькі мерапрыемстваў сумесна з прадстаўнікамі прэсы для аналізу тых праблемаў, якія ўсплылі падчас гэтага працэсу, у тым ліку і ў галіне дзелавой этыкі».
XS
SM
MD
LG