Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Советская Белоруссия» піша пра «агідную пысу пагромніка»


Як афіцыйныя беларускія СМІ паведамляюць пра кіеўскія падзеі.

Учора з трох асноўных нацыянальных тэлеканалаў падзеі ў Кіеве асьвятляў толькі «СТВ».

У перадачы «24 гадзіны» пра падзеі ў Кіеве на канале СТВ паказалі кадры пажараў і пагромаў аўтамабіляў, расказалі, што некалькі соцень чалавек пацярпела, міліцыя выкарыстоўвала гумовыя кулі, дэманстранты — «кактэйлі Молатава». Ацэнак не давалася.

На канале «Беларусь-1» у дзьвюх вечаровых навінных перадачах — «Навіны» і «Панарама» — тэма закалотаў у Кіеве не падымалася. Замест гэтага абмяркоўвалася будоўля Астравецкай АЭС, прыбыцьцё ў Менск «дароў вешчуноў» і візыт беларускай дэлегацыі ў Пэкін.

На тэлеканале «АНТ» таксама нічога пра падзеі ў Кіеве не казалі, затое гледачы змаглі пабачыць расейскі пункт гледжаньня на ўкраінскія падзеі ў перадачы «Время» расейскага Першага каналу.

Афіцыйная газэта «Советская Белоруссия» 21 студзеня надрукавала ацэначны матэрыял Сяргея Молчана «Бясьсільле сілы і сіла бясьсільля»:

«Майдан прайграў. Цяпер канчаткова. Праўдзівая сутнасьць „грамадзянскай актыўнасьці“, што адкрылася 19 студзеня, скаланула нават лідэраў апазыцыі. Учора яны з жахам зразумелі, што ў стыхійнага натоўпу ня можа быць чалавечага твару — замест яго рана ці позна ўзьнікне агідная пыса пагромніка. Масавыя беспарадкі, што адбыліся ў нядзелю, паставілі тлусты крыж на наіўных спадзяваньнях нявопытных вулічных палітыкаў на негвалтоўныя пратэсты. Заадно яшчэ раз паказалі ўсяму сьвету, што здараецца, калі ўлада дэманструе слабасьць і нерашучасьць. А таксама пераканалі ўкраінцаў, якія яшчэ сябруюць з галавой, неадкладна дыстанцыявацца ад радыкалаў у масках, якія грамяць цэнтар Кіева», — піша аўтар «СБ».

Падобным чынам піша і газэта «Рэспубліка» ў матэрыяле «Агонь, вада і шумавыя гранаты — кіеўская атмасфэра», у якім журналістка Алена Місьнік разважае пра прычыны, якія пацягнулі за сабой масавыя закалоты. Падсумоўваючы, яна піша:

«Кропку ня стаўлю. Бо самі лідэры пратэстнага руху, відаць, ня бачаць цывілізаванага выйсьця з сытуацыі. А значыць, пакуль галоўны аргумэнт пратэстуючага натоўпу — камяні і дубінкі, Кіеў ператвараецца ў горад, небясьпечны для жыцьця...»
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG