Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Цімошак засталася са штрафам за фільм пра Слуцкае паўстаньне


Зінаіда Цімошак
Зінаіда Цімошак

Калегія Менскага абласнога суду пакінула бязь зьменаў рашэньне суду Слуцкага раёну аштрафаваць Зінаіду Цімошак нібыта за арганізацыю несанкцыянаванай акцыі.

Такое рашэньне прыняў судзьдзя Гучок.

«На суд прыйшло 10 чалавек. Я хадайнічала, каб была вялікая заля, каб усе ўмясьціліся. А ён упёрся, што будзе разглядаць справу ў сваім кабінэце. Тады я яму прыгразіла, што будзем пісаць скаргу, бо адкрыты характар разгляду справы ніхто не адмяняў. Я яму нават прапанавала, каб прынесьлі дадатковыя крэслы. Выйшла ў калідор, вяртаюся, а на тых вольных крэслах, што ўжо былі ў кабінэце, ляжаць тэчкі з дакумэнтамі. Я ўжо тады зразумела, як будзе разглядацца справа», — падзялілася сваімі ўражаньнямі з Радыё Свабода Зінаіда Цімошак.

Цімошак кажа, што пасьля сёньняшняга рашэньня сплаціць штраф. Аднак яна кажа, што будзе дамагацца справядлівасьці ў Вярхоўным судзе і «нават у Камітэце па правах чалавека ААН».

Раней Слуцкі суд прызнаў прагляд фільму і лекцыю на тэму Слуцкага збройнага чыну несанкцыянаванай акцыяй і аштрафаваў Цімошак на 2,6 мільёна рублёў.

Вечарам 23 лістапада міліцыянты ўварваліся ў Дом культуры вёскі Казловічы. Кіраўнік міліцыянтаў Дзьмітры Шклярэўскі патлумачыў тады, што ў арганізатаркі імпрэзы «няма санкцыі на сустрэчу». Міліцыянты дапыталі ўсіх удзельнікаў імпрэзы, а на Цімошак склалі пратакол паводле адміністрацыйнага артыкула «Парушэньне парадку арганізацыі правядзеньня сходаў».

Цімошак і раней казала, што гатовая сплаціць 2,6 мільёна рублёў штрафу, бо «я ня самая бедная, магу зарабіць гэтыя грошы... я магу летам ягады зьбіраць. За 4–5 дзён зараблю гэтую суму».

Зінаіда Цімошак, якая зьбіраецца балятавацца на мясцовых выбарах, прызнае, што эпапэя з разгонам кіналекторыю ў Казловічах дадала ёй папулярнасьці: «На рынку ўжо гандляры пазнаюць, прапануюць за так яблыкі і мёд».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG