Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Кіеве у сутычках пацярпела 30 журналістаў


Пацярпелыя карэспандэнты Радыё Свабода Ігар Ісхакаў і Дзьмітры Баркар

Пацярпелыя карэспандэнты Радыё Свабода Ігар Ісхакаў і Дзьмітры Баркар

У Кіеве пад час сутыкненьняў дэманстрантаў зь міліцыяй пацярпелі ўжо трыццаць журналістаў.

Мінулай ноччу падчас здымкі рэпартажу на вуліцы Грушэўскага быў паранены расійскі тэлежурналіст — карэспандэнт РЕН ТВ Станіслаў Грыгор’еў. Побач з ім выбухнула шумавая граната. Ён знаходзіцца ў шпіталі.

Раней Інстытут масавай інфармацыі паведаміў аб іншых пацярпелых журналістах, у тым ліку ўкраінскай службы Радыё Свабода, 5 канала, а таксама каналаў 1 +1, СТБ, ІСTV, газэты «Вісті», сайта LB.ua.

Сёньня мэр Івана-Франкоўска Віктар Анушкевічус завіў, што ён адмаўляецца выконваць прынятыя нядаўна Радай законы «аб дыктатуры», якія ён лічыць неканстытуцыйнымі, перадае агенцтва УНП. Законы тым часам сёньня былі апублікаваныя ў афіцыйнай прэсе.

У цэнтры Кіева захоўваецца напружаная абстаноўка. Мінулай ноччу байцы «Беркута» распачалі спробу выцясьніць дэманстрантаў за межы Эўрапейскай плошчы, паведамляе карэспандэнт Радыё Свабода. Міліцыя ўжывала траўматычную зброю, сьлёзацечны газ, сьвятлошумавыя гранаты. Бліжэй да раніцы ў горадзе зьявіліся групы «цітушак» па 100-200 чалавек. Узброеныя палкамі і абрэзкамі труб правакатары прыбылі ў Кіеў з усходніх рэгіёнаў краіны.

Паведамляецца аб больш за 200 пацярпелых у выніку сутыкненьняў у Кіеве. На Майдане разгорнутыя пяць палявых шпіталяў, дзе аказваюць першую мэдыцынскую дапамогу. Многія параненыя адмаўляюцца зьвяртацца ў кіеўскія бальніцы з-за боязі арышту па абвінавачваньні ў масавых беспарадках. Сёньня стала вядома аб выкраданьні аднаго з лідэраў Эўрамайдана Ігара Луцэнкі, які прывёз у бальніцу пацярпелага ў сутыкненьнях. Абодвух павезьлі невядомыя ў цывільным, паведамляе карэспандэнт Радыё Свабода.

Украінская апазыцыя ўсклала адказнасьць за далейшае разьвіцьцё падзей у Кіеве і на Ўкраіне на прэзыдэнта краіны Віктара Януковіча і патрабуе неадкладнай сустрэчы з кіраўніком дзяржавы.
XS
SM
MD
LG