Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму палітычны крызіс ва Ўкраіне перайшоў у фазу сілавога сутыкненьня? Здаецца, гэта — праява заканамернасьці любой рэвалюцыі.

І ў Беларусі падчас Плошчаў і зараз ва Ўкраіне няма браку ў развагах і пытаньнях наконт таго, ці мае апазыцыя плян. Апошні раз у Беларусі гэтую спрэчку вялі на нашым сайце Валер Карбалевіч і Зьміцер Дашкевіч.

Між тым падаецца, што базавых пасьпяховых сцэнароў разьвіцьця падобных падзеяў можа быць толькі два.

Адзін — «аксамітны». Людзі мірна стаяць на плошчы, але іх ня толькі шмат, аднак і пераважная частка грамадзтва адмаўляе ўладзе ў даверы, імпульсы ад плошчы разьлятаюцца па ўсёй краіне, яны праточваюцца і ў маналіт улады, расколваючы яго. Улада ў роспачы, «галубы» ва ўладзе перамагаюць «ястрабаў», загады на супрацьдзеяньня плошчы ці няма волі аддаць ці няма жаданьня выконваць, розныя «Беркуты» і АМАПы братаюцца з маніфэстантамі. Плошча стаіць, але яна пры гэтым наступае, наступае ў мазгах і душах людзей, захопліваючы ўсё новыя тэрыторыі.

Так бывае. Прыклад таго — «аксамітная» рэвалюцыя ў Чэхаславаччыне ў 1989 годзе, ў значнай ступені — ўкраінская «аранжавая» рэвалюцыя ў 2004 годзе, калі генэралы спэцслужбаў публічна на Майдане прысягалі яму ў вернасьці, сілавікі адмаўляліся выконваць загады на падаўленьне, а Вярхоўная Рада, дзе апазыцыя складала зусім ня большасьць, ухваліла «трэці тур» выбараў.

І ёсьць другі сцэнар, куды больш часты ў гісторыі. Калі без паліткарэктнасьці, то называецца ён пераваротам. Не, ідэалягічна ён можа абгортвацца ў розныя абалонкі — рэалізацыя права народа на паўстаньне, адхіленьне ад ўлады нелегітымнай банды ўзурпатараў і г.д. Але па сутнасьці гэта пераварот — неабавязкова ўзброены, але сілавы захоп улады. Узровень гвалту можа быць пры гэтым вышэй ці ніжэй, вынік, дарэчы, таксама можа быць розны, але гэта менавіта тое, пра што пісаў Робэрт Бёрнс — «мяцеж ня можа скончыцца ўдачай, інакш ён называецца іначай». Ну і прыклады перад вачыма: Кіргістан-2010, Туніс і Эгіпет-2011, ізноў Эгіпет-2013. На аматара можна прыгадаць таксама Лібію і Сірыю.

Клясыка, як яно стагодзьдзямі ў сьвеце было, з шурпаценькім такім «аксамітам».

Ну а зараз пытаньне — пасьля двухмесячнага стаяньня Майдану ці выглядае рэалістычным першы, «аксамітны» сцэнар? Здаецца, што не. Януковіч ўладу трымае, ніякага «дрэйфу» людзей сыстэмы ў лягер Майдану асабліва не назіраецца, «Беркут» махае дубінкамі гэтак жа жвава, як і 2 месяцы таму. І тое, што «аксаміт» не атрымліваецца, разумеюць людзі з абодвух бакоў.

І што далей? А далей на ўладным баку пэўныя людзі гавораць прэзыдэнту:

«Фёдаравіч, яны нас ня скінулі і ўжо ня скінуць, апарат і сілавікі табе верныя, Пуцін даў крэдыт, так што мінімум паўкраіны за нас. Колькі можна цярпець гэты бардак? Ты мужык ці хто?» Вынік гэтых гутарак — пакет «антымайданных» законаў. Калі рэвалюцыя не ідзе ў наступ, раней ці пазьней у наступ на рэвалюцыю ідзе ўлада.

Але што адбываецца на другім баку? Відавочна, што і Клічко, і Яцанюк, і нават Цягнібок ня хацелі і ня хочуць сілавога супрацьстаяньня. Ня тыя людзі, ня тыя характары. Не да таго, што, на погляд аўтара гэтых радкоў, кепскія, можа як раз і добрыя. Але чаго хочуць? Ну калі казаць не пра іх асабістыя палітычныя лёсы, а пра Бацькаўшчыну, то «аксамітнага» варыянту, паўтарэньня 2004 году. Дык ён жа відавочна ўжо не атрымліваецца. Але пры гэтым ёсьць «залежнасьць ад каляіны»: людзей два месяцы на Майдан склікалі, напал барацьбы сваімі прамовамі раздзьмухвалі, патрабаваньні, выкананьне якіх азначае поўную і безагаворачную капітуляцыю ўлады, сто разоў паўтаралі. Ну і? Што рабіць і казаць цяпер: усім дзякуй, усе свабодныя, разыходзьцеся па дамах? Пачакайце, яшчэ і Януковіч у роспачы сыдзе з пасады? Вось што канкрэтна?

Ня ведаю, ці чыталі радыкалы з «Правага сэктару» Леніна, помнік якому яны з такім імпэтам скідалі. Але запавет Леніна, ды і шэрагу іншых пасьпяховых рэвалюцыянэраў засвоілі добра — паўстаньне перамагае толькі тады, калі ўвесь час, кожны дзень і нават кожную гадзіну наступае, атрымлівае хай маленькія перамогі. Наступ не гарантуе перамогі, але адсутнасьць наступу гарантуе паразу.

Ну і зладзілі наступ, як умелі і да якога даўмеліся. Так, гэта ня ўвесь Майдан. Але што замест гэтых «правакацый» зьбіраецца рабіць увесь Майдан і яго правадыры? А ня ведаюць ні Майдан, ні правадыры. А гэтыя ведаюць. І таму Майдан млява і хоцькі-няхоцькі эвалюцыянуе ў накірунку тых, хто ведае.

З улікам настрояў як кіраўнікоў Майдану, гэтак і кіраўніка ўкраінскай ўлады (які, насуперак дэманізацыі, зусім не Кадафі і нават не Лукашэнка), прыгадваецца, што сёлета — 100 гадоў з пачатку Першай сусьветнай вайны. Як паказваюць гістарычныя хронікі, гэта была дзіўная вайна — вайна, якой ніхто не хацеў. Усе сталіцы блефавалі, ўсе надзьмувалі шчокі, гулялі мускуламі, ўсе, кажучы сучаснай блатной мовай, «кідалі панты», спадзеючыся, што іншыя здадуцца, адступяць і можна будзе паказаць сваю «круцізну» і атрымаць за так прэстыжныя, палітычныя і дыпляматычныя бонусы. Але ніхто не адступіў, «крутымі» аказаліся ўсе і за блеф давялося плаціць вялікай крывёй.
Сучасная ўкраінская сытуацыя чамусьці нагадвае гэты мэханізм.
  • 16x9 Image

    Юры Дракахруст

    Журналіст. Нарадзіўся ў 1960 г. Зь 2000 г. — супрацоўнік Беларускай рэдакцыі Радыё Свабода ў Празе. Ляўрэат прэміі Беларускай асацыяцыі журналістаў (1996).
     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG