Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Клічко даў гарантыі бясьпекі праваахоўнікам, якія «пяройдуць на бок народа»


Віталь Клічко

Віталь Клічко

Лідэр украінскай апазыцыйнай партыі «ЎДАР» Віталь Клічко заявіў, што афіцэры і байцы ўнутраных войскаў і спэцатраду «Беркут», якія «маюць годнасьць і ня будуць удзельнічаць у гвалце супраць людзей, якія выйшлі з пратэстамі і будуць з народам», ня будуць перасьледвацца, яны і іх сем’і атрымаюць гарантыі бясьпекі.

Як гаворыцца ў заяве Клічко, байцы і афіцэры МУС могуць дапамагчы пазьбегнуць кровапраліцьця, на якое, паводле словаў палітыка, штурхае краіну ўлада і якое робіць рукамі праваахоўнікаў, — калі яны «пакінуць шэрагі абаронцаў улады, якая прымушае іх выконваць злачынныя загады».

Паводле Віталя Клічко, Украіна з-за такіх дзеяньняў улады, якая разгарнула эскаляцыю палітычнага крызісу, гвалту і рэпрэсій, апынулася на небясьпечнай мяжы:

«Ці пераступіць яна яе, залежыць шмат у чым і ад вас. Таму заклікаю: падумайце пра гэта, ня бойцеся і будзьце з народам. Бо і вы, і вашы сем’і жывуць ва ўкраінскім грамадзтве. І вы — такія ж грамадзяне, супраць якіх вас сёньня кідае ваяваць ўлада»,— гаворыцца ў звароце лідэра «Ўдар» у міліцыю.

Раней сёньня Віталь Клічко заклікаў усіх украінцаў на кіеўскі Майдан, каб «абараніць сваю краіну і сваю будучыню».

У Кіеве, на вуліцы Грушэўскага, якая вядзе ад Эўрапейскай плошчы да будынкаў Кабміна і Вярхоўнай Рады, працягваецца супрацьстаяньне паміж радыкальнымі дэманстрантамі і байцамі «Беркута» і ўнутраных войскаў, якое ўспыхнула яшчэ пазаўчора. Дэманстранты кідаюць у паліцэйскіх камяні і бутэлькі з запальнай вадкасьцю, тыя адстрэльваюцца з траўматычнага зброі. Органы МУС паведамілі, што па падазрэньні ў дачыненьні да сутыкненьняў з праваахоўнікамі і масавых беспарадкаў затрымалі ўжо 31 чалавек.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG